Сегодня – День работников социальной защиты

Сацыяльнага работніка Людмілу Саўко яе падапечныя называюць ласкава “наша Людачка”. Жанчына абслугоўвае пенсіянераў з чатырох вёсак – Лебяды, Кандакі, Марцінавічы і Вейшычы. Хаця гаварыць абслугоўвае будзе не зусім правільна. Яна не толькі даглядае старых і нямоглых лю-дзей, яна ім, можна сказаць, самы што ні ёсць блізкі чалавек.


Кожную раніцу ў любое на-двор’е Людміла дабіраецца з аднаго населенага пункта ў другогі. Стараецца зрабіць гэта максімальна хутка. Яе падапечныя сустракаюць як дарагога госця. Хто ж як не яна дапаможа справіцца з гаспадарчымі праблемамі пенсіянерам, купіць прадукты і лекі, раскажа свежыя вясковыя навіны…


Пад апекай сацыяльнага работніка 7 чалавек – шэсць бабулек і дзядуля. Усе – людзі пажылыя, ад 75 гадоў і старэйшыя. Хтосьці хворы, хтосьці адзінокі. Кожнага трэба наведаць 2–3 разы на тыдзень. Гэта ў адпаведнасці з нормамі. На практыцы ж Людміла Саўко прыходзіць па першым званку. Пажылыя людзі чакаюць яе з нецярпеннем. Усе сямёра ўдзячны памочніцы – сваёй Людачцы.


– Пажылым людзям больш увагі патрэбна, – гаворыць сацыяльны работнік. – Добрае, ветлівае слова для іх нібы гаючае лякарства.
З гэтага кожны дзень і пачынае сваю працу маладая жанчына. Да людзей, якіх абслугоўвае, заўсёды заходзіць з усмешкай, вітаецца, цікавіцца здароўем. Гэта для сацыяльнага работніка ўжо як рытуал, выканаўшы які пачынае займацца неабходнымі справамі.


Работа ў яе руках спорыцца – за дзень трэба паспець не ў адну хату. Дапамагае накоплены вопыт: больш чым пяць гадоў працуе Людміла Саўко на такой важнай і клопатнай рабоце. За гэты час добра вывучыла псіхалогію пажылых людзей, якіх абслугоўвае, таму ў апошніх ніколі няма нараканняў на свайго сацыяльнага работніка. Бо жанчына, акрамя паўсядзённых бытавых паслуг, адгукаецца на любую просьбу. Больш таго, перад ёй, як перад роднай, яны раскрываюць душу. У гэтым я ўпэўнілася, завітаўшы разам з сацыяльным работнікам да яе падапечнай Марыі Прызван.


Бабулі вось-вось 80 споўніц-ца, жыве адна. Маленькая, хударлявая, з высахшымі спрацаванымі за жыццё рукамі. Каля печы Іванаўна яшчэ ўпраўляецца сама, а вось на вуліцу зімой амаль не выходзіць. Дзяцей у жанчыны няма. Хто ваду і дровы прынясе, бульбу са склепа дастане, лякарствы і прадукты купіць? Усё яна, Людміла.


–Я праўду кажу, без Людачкі як без рук. Яна ўважлівая і клапатлівая – не перадаць словамі. Днём прыбяжыць усе справы пераробіць, а вечарам абавязкова патэлефануе, каб справіцца пра здароўе. Яна – маё лякарства ад адзіноты. Начальству ўдзячна, што такога адказнага работніка мне далі, – абдымае сваю памочніцу бабуля.


Людміла ж здымае куртку з лагатыпам “Сацыяльная служба”, сядае побач з пажылой жанчынай, папраўляе ёй валасы, што выбіваюцца з-пад хусткі. Гледзячы з боку, і не здагадаешся, што гэта чужыя людзі. Хутчэй бабуля з унучкай.


–Валасы зусім распляліся, – скардзіцца Марыя Іванаўна. Людміла бярэ ў рукі грэбень, расчэсвае іх і заплятае ў касу. Затым прыбірае ў пакоі, ідзе на вуліцу расчышчаць дарожкі ад снегу.


А бабуля, задаволеная, што выдалася нагода, расказвае мне пра безадказнасць сваёй памочніцы.


…Прыкладна такі ж сцэнарый кожнага візіту Людмілы Саўко і ў іншыя дамы. Праўда, вясной і летам дабаўляюцца клопаты па агародзе.
Да сваіх падапечных, калі тэрмінова спатрэбіцца яе дапамога, жанчына гатова бегчы ў любы час і ў любое надвор’е. За некалькі кіламетраў. Муж, дарэчы, разумее, калі жонцы патрэбна затрымацца, больш таго, бывае, і на дапамогу прыходзіць.


– Наша Людачка тактычная, стрыманая, усё ўмее рабіць, – падкрэс-лівае Часлава Пятроўна з Вейшыч.
– Мы з ёю сябруем.
Бачна, што бабуля таксама чакае прыходу сацыяльнага работніка з нецярпеннем. Ёй Людміла прынесла прадукты, дастала вады з калодзежа, памыла посуд і праверыла, ці ёсць неабходныя лякарствы.


Часта бывае, што сацыяльны работнік выконвае больш работы, чым належыць. Бо як старому чалавеку сказаць, што гэта я зраблю, а гэта – не мой клопат. Пажылыя людзі заўважаюць такія адносіны, таму давяраюць жанчыне і грошы, і квітанцыі, і каштоўныя паперы, і дакументы.
– Не толькі я ім патрэбна, – дзеліцца патаемным Людміла Саўко. – Гэтыя бабулі – мае першыя дарадцы, ад іх вучуся мудрасці, цярплівасці, дабрыні, вялікаму сэрцу…


Увесь час, пакуль размаўляла з Людмілай Саўко, не пераставала здзіўляцца, адкуль у гэтай жанчыны столькі энергіі. Жыццярадасная, вясёлая, поў-ная сіл і жадання дапамагаць. Маладая, а вельмі разважлівая, неканфліктная. Такіх пажылыя людзі любяць. А іншым сацыяльны работнік і быць не можа.
Тэрэза КАВАЛЕВІЧ.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.