Рэтра-дайджэст. Яркія эпізоды Ганненскага кірмашу 2017 года

Ганненскі кірмаш адсвяткуюць сёлета ў Зэльве 23-24 жніўня. Напярэдадні фестывалю працягваем узгадваць яркія эпізоды мінулых гадоў. У гэтым дайджэсце – галоўныя падзеі кірмашу 2017 года.

Даступны турызм

Тэму стварэння рэгіянальных турпрадуктаў на аснове інтэрпрэтацыі культурнай і прыроднай спадчыны абмеркавалі ўдзельнікі трэнінгу, які адбыўся ў рамках святкавання Ганненскага кірмашу ў аграсядзібе «Верас».

Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі зацікаўленых служб раёна, уладальнікі аграсядзіб, эксперты.

Аб ролі спадчыны ў агра- і экатурызме ў сваім выступленні гаварыла прафесар Брэнда Лакі з універсітэта Стывенс Пойнт штата Вісконсін: «Турыстам важна прадстаўляць годнасць таго ці іншага краю. Гэта можа быць знаёмства са славутасцямі, расказ або легенда аб мясцовасці, магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класе».

Тэму даступнага турызму закранула эксперт па безбар’ерным асяроддзі БГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Райко. «У нашай краіне ёсць турфірмы, якія працуюць з людзьмі з інваліднасцю, шэраг аб’ектаў аснашчаны пандусамі, стаянкамі для інвалідаў», – адзначыла эксперт.

Многіх турыстаў прыцягвае знакамітая на ўсю рэспубліку аграсядзіба «Верас», на базе якой функцыянуе школа маладога фермера. Яе стваральнікі Ірына і Міхаіл Макеі сваю ідэю ўвасаблялі ў жыццё дзесяць гадоў. У многім у гэтай справе дапамог праект «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё», рэалізуемы ПРААН і Міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторый. На сядзібе школьнікі раёна маюць магчымасць навучыцца гасціннасці, гатаваць, пазнаваць асновы ландшафтнага дызайна…

Прайсці навучанне ў школе маладога фермера пашчаслівілася вучням Князеўскай СШ. Падлеткі актыўна займаюцца краязнаўчай работай.

Абмеркавалі на сустрэчы і зялёны маршрут «Зэльвенскі дыяруш». Эксперт Алена Ветрава прапанавала дапоўніць дзеючы маршрут новымі трасамі, абазначыць іх адпаведнымі інфармацыйнымі шчытамі.

Вось гэта вяселле!

Упершыню на юбілейным 10-ым Ганненскім кірмашы правялі сапраўдны вясельны абрад, вытрыманы ў беларускім нацыянальным стылі.

Для маладажонаў, якія вырашылі злучыць свае сэрцы ў час Ганненскага кірмашу, вясельны абрад падрыхтавалі па спецыяльным сцэнарыі. Маладажонаў на ўпрыгожанай карэце даставілі на цэнтральную плошчу пасёлка, дзе і праходзіў рытуал. Жаніха і нявесту павіншаваў сам вялікі князь Сапега. Як заведзена па шматвекавой традыцыі, маладыя выканалі першы танец. Праўда, замест вальса яны танцавалі папулярны ў XVIII стагоддзі паланэз. Цікавы і той факт, што новая маладая сям’я – інтэрнацыянальная: шлюб заключылі грамадзяне Беларусі і Расіі.

Пад эгідай «Белай Русі»

Падчас Ганненскага кірмашу падвялі вынікі раённага конкурсу на лепшую сімволіку РГА «Белая Русь».

Творчы падыход да вырабу сімвалаў грамадскага аб’яднання праявілі пярвічныя арганізацыі «Белай Русі» раёна. У сваіх работах члены пярвічак адлюстравалі любоў да роднай краіны, у кожны элемент стараліся ўкласці пэўную сімволіку. Вырабы былі выкананы ў розных тэхніках, такіх як выцінанка, саломапляценне, роспіс па шкле. Першае месца прысуджана рабоце Князеўскай СШ, другое – калектывам дзіцячых садоў №3 і №4, трэцяе – Каралінскай СШ.

Кірмашовыя інсталяцыі

Упершыню на Ганненскім кірмашы стылізаваныя лаўкі-падворкі прадставілі ўстановы і арганізацыі Зэльвеншчыны.

Работнікі ЦРБ у краме «Лекі» вымяралі ціск, вызначалі рост і масу цела, кансультавалі па надзённых праблемах здароўя. Асаблівую цікавасць выклікала калекцыя лячэбных траў, насення і сіропаў.

У «Лаўцы дываноў» санаторнай школы чыталі лекцыю па тэхніцы ткацтва дываноў, дарылі гасцям абярэгі.

«Галантарэя», што сабрала на сваім падворку адразу некалькі ўстаноў адукацыі – сады №3 і №4, гімназію №1, прадставіла ўнікальную сукенку з гальштукаў. У якасці аксесуараў былі парасоны, сумкі, хусткі, матылі.

Сапраўдную футравую моду прадэманстравала СШ №3 у «Лаўцы футраў».

Дзіцячая школа мастацтваў прадставіла жывапісную выставу «Чароўны пэндзлік». Пейзажы, партрэты, нацюрморты – дыпломныя работы выпускнікоў зацікавілі гасцей сваёй арыгінальнасцю.

Лепшай журы прызнала лаўку «Конная збруя» цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут былі прадстаўлены спецыяльны рыштунак для коней, а таксама арыгінальныя пано, сувенірныя вырабы з паперы, саломы і кары. Другое месца дасталося «Лаўцы лялек», якую прадстаўляў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. На трэцяй пазіцыі – раённая бібліятэка: у «Кніжнай лаўцы» не толькі заклікалі чытаць літаратуру, але і правялі бяспройгрышную латарэю. Заахвочвальнае чацвёртае месца заняла СШ №2, якая прадставіла «Лаўку посуду». Тут красаваліся вырабы са шкла, гліны, лазы і саломы.

Сыгралі ў «Гарады»

Упершыню арганізацыі і ўстановы адукацыі раёна прынялі ўдзел у спартыўнай гульні “Гарады”, якая прайшла на пляжы вадасховішча.

У спаборніцтве прынялі ўдзел 10 каманд. Лепшымі за ўсіх аказаліся хлопцы з гімназіі №1, другой стала зборная аддзела адукацыі, спорту і турызму, трэцяй – РУП ЖКГ.

Па конях!

На Ганненскім кірмашы была прадстаўлена кірмашовая выстава самаробных коней.

Наведвальнікі выставы змаглі ўбачыць коней рэдкіх парод – зробленых сваімі рукамі. Пры іх вырабе ў ход пайшлі дрэва, метал, салома, трава, пенапласт. Свае работы майстры дэкарыравалі прыроднымі матэрыяламі. Знайшліся нават дызайнеры, якія сшылі для сваіх конікаў уборы.

Першае месца ў конкурсе заняла работа Аляксандра і Уладзіміра Ішчанкаў з аг.Каралін, другое – Валерыя Фяцінскага з аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, трэцяе – Алены Андалы з раённай бальніцы, чацвёртае – Жанны Еўтухоўскай з дзіцячай школы мастацтваў.

Клаўдзія Крэчка.
Фота з архіва газеты “Праца”.

Вам может быть интересно

Комментарии отключены