Работники культуры на Зельвенщине – люди всесторонне одарённые

Як правіла, прафесію культработніка выбіраюць натуры творчыя, няўрымслівыя, усебакова адораныя. Адна з іх – дырэктар Чырванасельскага Дома культуры  Алена Мікалаеўна Суша.

  

Работники культуры на Зельвенщине – люди всесторонне одарённые

Работники культуры на Зельвенщине – люди всесторонне одарённые

 

36 гадоў таму выпускніца дырыжорскага харавога аддзялення Гродзенскага культасветвучылішча Алена Колас прыехала на працу ў Чырвонае Сяло. У хуткім часе знайшоўшы тут сваю палавінку, засталася ў вёсцы назаўсёды. Трывалым і надзейным аказаўся саюз Алены Мікалаеўны і Леаніда Іванавіча. Абое стараліся быць падтрымкай адзін аднаму і на працы, і ў хатняй гаспадарцы, і ў выхаванні дзяцей. Часам непаразуменні ў маладых сем’ях узнікаюць з-за недаверу да спадарожніка жыцця. Алене часта даводзілася затрымлівацца на працы і звыш нарматыўных гадзін: не вельмі проста спыніць разгарачаную танцамі і песнямі моладзь напамінам аб познім часе. Муж разумеў спецыфіку жончынай работы, не папракаў, а калі меў магчымасць, то і сам прыходзіў у Дом культуры. Алена была яму вельмі ўдзячна.
Добрымі раслі і дзеці, гледзячы на лад між бацькамі. Зараз Сушы цешацца ўжо з чатырох унукаў: дзяўчынкі і трох хлопчыкаў.  
Працаваць у Доме культуры няпроста, а зараз – тым больш: моладзі і дзяцей у наваколлі мала, а старэйшых людзей заахвоціць да ўдзелу ў гуртках намнога цяжэй. І ўсё ж Алене Мікалаеўне ўдаецца наладзіць работу з усімі катэгорыямі насельніцтва. Амаль сорак гадоў жывучы ў гушчы людзей, яна добра ведае густы і здольнасці кожнага аднавяскоўца. А маючы вопыт і педагагічныя здольнасці, ведае, як згуртаваць усіх разам, зрабіць іх сваімі памочнікамі.
Так, у Доме культуры даўно і плённа працуе жаночая фальклорная група, без якой не абыходзіцца ні адно свята ў вёсцы, выступленне на раённай сцэне. Нядаўна калектыў паспяхова выступіў на абласным конкурсе фальклору “Сустрэча ў “Верасе”, на летняй пляцоўцы раённага Дома культуры ў Зэльве.
Дзякуючы вельмі таленавітай удзельніцы групы Алене Кароль (зэльвенцы былі ў захапленні ад яе сольнага выступлення), створаны квартэт, у рэпертуары якога загучала духоўная музыка. Алена Мікалаеўна лічыць, што ў нованароджанага калектыву – вялікая будучыня. І сапраўды: людзі цягнуцца зараз да духоўнага. Ды і нагодаў для выступлення хопіць: то ў Сынкавічах, то ў Дзярэчыне, то ў Зэльве.
Вельмі любяць у Чырвоным Сяле выступленні членаў аматарскага аб’яднання “Мелодыя душы”. Рыхтуючыся да канцэртаў, яны вывучаюць запыты аднавяскоўцаў. Напрыклад, ведаючы папулярнасць “Золотого кольца”, падрыхтавалі цэлую праграму “Песні Надзеі Кадышавай”. А аматары песень 80-х гадоў з задавальненнем ідуць на вечар адпачынку “Пад мелодыі 80-х”.
Ёсць чым заняцца ў Доме культуры і дзецям: працуюць гурткі сольных спеваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Маленькія артысткі вельмі любяць новыя творы, падабаюцца ім рэпетыцыі, на якіх развучваюць і прадстаўляюць іх на суд гледачоў. Выступалі яны і на зэльвенскай сцэне, а нядаўна ездзілі са справаздачным канцэртам у Елку, былі вельмі задаволены прыёмам суседзяў.
А дзеці з гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва вучацца ў дарослых таму, што тыя любяць і ўмеюць рабіць самі. Алена Мікалаеўна пераканана, што, незалежна ад узросту, кожны павінен мець адно або некалькі захапленняў (ці, як зараз кажуць, хобі). “Тады чалавек у самыя цяжкія хвіліны жыцця зможа дастойна справіцца з любой стрэсавай сітуацыяй і не стане шукаць выйсце ў шклянцы віна ці цыгарэце”, – кажа яна.
Сама Алена Мікалаеўна з дзяцінства прыглядалася да ўсяго, што рабілі спрытныя матуліны рукі. А калі прыехала ў Чырвонае Сяло, літаральна ўлюбілася ў вышыўку. Запаланіла яе гэтым відам творчасці тэхработніца СДК Марыя Сяргееўна Антановіч. Гэтая жанчына валодае не толькі дарам вышывальшчыцы, але і вопытнага педагога. Менавіта з яе лёгкай рукі і засела Алена Мікалаеўна за вышыванне. Пачала збіраць узоры з часопісаў. Навучылася змяняць аб’ёмы, падбіраць колеры, вар’іраваць адценні. Выкарыстоўвае як рускі, так і балгарскі віды вышывання “крыжыкам”, асвоіла ажурнае. Многа вырабаў аздобіла сваімі рукамі майстрыха: абрусы, сурвэткі, ручнікі, фіранкі. Калі аддавала замуж дачку, падрыхтавала сватам дзівосныя ручнікі, а ў пасаг – мноства абрусаў, сурвэтак, адзення.
Пасля таго, як набыла вялікі вопыт у вышыванні, “замахнулася” на абраз Божай Маці. Унучцы так спадабалася бабуліна работа, што яна папрасіла: “Нікому не аддавай, падары мне”. Хіба адмовіш сваёй пястушцы?
Работы майстрыхі ўпрыгожваюць інтэр’ер Дома культуры, пакоі ўласнай кватэры. нядаўна імі маглі любавацца зэльвенцы на Ганненскім кірмашы. Каб паказаць усё, як належыць, Алена Мікалаеўна заказала ў вопытнага майстра рамкі, а ў мужа – прыстасаванні для кожнай карціны і рэчаў. Леанід Іванавіч, працуючы над увасабленнем задумы жонкі, улічыў, што выставы могуць ладзіцца і ў далейшым. Таму пасля свята ўсё акуратна расклаў на паліцах майстэрні, каб у любы момант зноў быць гатовым да паказу жончыных тварэнняў.
Вылучалася Алена Мікалаеўна сярод іншых на Ганненскім кірмашы і сваім арыгінальным касцюмам. Увасабляла яна жанчыну з Усходу. Каб адзенне было прынадным не толькі на хвіліну шэсця па плошчы, перабрала мноства варыянтаў. Спынілася на касцюме, дэталі якога можна будзе выкарыстаць неаднаразова. Спадніцу пашыла са старога атласнага абруса. Накідку ўпрыгожыла выразанымі з розных кускоў тканіны прыгожымі кветкамі, замацаваўшы іх ажурнай вышыўкай. Падабрала адпаведны шалік, каралі, на галаву пашыла шапачку-таблетку. “У сваім касцюме я і пад праліўным дажджом не змерзла”, – смяецца жанчына (так, сёлетні кірмаш выпрабоўваў і людзей, і іх вырабы).
У таленавітых “рукастых” бацькоў такія ж адораныя і дзеці. Дачка Сушаў з маленства палюбіла вязанне: заўсёды выдзялялася звязанымі для сябе сукенкамі, спаднічкамі ці блузкамі. Сын, як і бацька, майстар і па дрэве, і па метале. Ёсць надзея, што і малодшыя не падвядуць, знойдуць сваё месца ў жыцці і будуць радаваць людзей гэтак жа, як паважаныя ў Чырвоным Сяле Леанід Іванавіч і Алена Мікалаеўна Сушы.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.