Гісторыя Пятра Марціноўскага

Цяпер у Дзярэчыне я бываю рэдка. А калі праязджаю праз гэта мястэчка і гляджу на вялікі пусты дом Пятра Марціноўскага, то не магу супакоіцца – сэрца шчыміць, сумна да болю ад таго, што мяне больш ніколі не сустрэне гэты тактоўны, культурны, адукаваны і інтэлігентны чалавек. Яго не стала 1 лютага 2006 года. Прайшло ўжо больш за 14 гадоў. Так хутка бяжыць час. А мне здаецца, што Пятро Мікалаевіч жыве і сёння, зараз выйдзе на панадворак, сустрэне, абдыме, мы сядзем у яго “Жыгулі” і паедзем у вандроўку па роднай Гродзеншчыне. Ён нас, маладых, любіў, як родных дзяцей, пра нас пісаў, друкаваў нашы творы на старонках зэльвенскай раённай газеты “Праца”, прапагандаваў нашу творчасць, арганізоваўваў вечары і сустрэчы. Гэта быў апантаны і ўлюбёны чалавек у жыццё, у літаратуру і ў родную Бацькаўшчыну.

Дом Пятра Мікалаевіча Марціноўскага ў Дзярэчыне прадстаўнікі беларускай творчай інтэлігенцыі жартоўна называлі Домам літаратараў. Калі б не прыехаў у старажытны Дзярэчын – ноччу ці днём, у святы ці ў гарачы будзень – з усмешкаю і з бацькоўскай цеплынёй Пятро Мікалаевіч заўсёды запрашаў у сваю светлую і прасторную хату. І не проста запрашаў, а смачна частаваў кумпячком ці каўбаскай і абавязкова наліваў самаробнага вінаграднага віна, якому мы далі назву “Marcini” (ад слова Марціноўскі). І за гэтым частаваннем гадзінамі, а то і суткамі, лілася гутарка пра лёс роднай мовы, пра літаратуру, гісторыю, і пра Беларусь наогул.

У дзярэчынскім доме Пятра Марціноўскага пабывала шмат вядомых пісьменнікаў, мастакоў, журналістаў, музыкантаў. Але часцей за ўсё ў Дзярэчын прыязджалі землякі – Павел Сцяцко, Міхась Скобла, Юрка Голуб, Уладзімір Ягоўдзік, Валянцін Дубатоўка. А ў прыватнай бібліятэцы гаспадара захоўваліся кнігі з аўтографамі Максіма Танка, Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Дануты Бі-чэль, Сяргея Законнікава, Паўла Сцяцка – ці не палова прадстаўнікоў Саюза беларускіх пісьменнікаў. Пра свае сустрэчы, знаёмствы і гутаркі Пётр Мікалаевіч планаваў напісаць і выдаць кнігу. І верылася, што яму гэта ўдасца. Не ўдалося, не паспеў. Бог яму адмерыў – 74 гады.

Сам Пятро Марціноўскі быў родам з вёскі Катчыно Мастоўскага раёна, хаця большая палова жыцця была пражыта ў Дзярэчыне – у малым Версалі, як назваў гэту вёску некалі беларускі эмігрант з ЗША Ян Пятроўскі.

Бацькі Пятра Марціноўскага былі звычайныя сяляне. Маці непісьменная, а бацька – самы адукаваны чалавек на вёсцы. Ён меў прыгожы почырк, пісаў і ведаў добра беларускую, рускую і польскую мовы. А яшчэ Мікола Марціноўскі быў майстрам на ўсе рукі, але найперш вясковым рацыяналізатарам. Сам зрабіў тры веялкі (у нас называюць іх архі) для ачысткі насення ад мякіны пасля абмалоту. Змайстраваў станок для вырабу прасяной крупы і шмат чаго іншага. “А яшчэ мой бацька, – згадаў неяк Пятро Марціноўскі, – пастаянна выпісваў газеты і часопісы. У нашым доме збіраліся вяскоўцы, дзе за газавай лямпай бацька чытаў людзям пра тое, што адбывалася ў свеце. А мы з братам, седзячы за сталом, рыхтавалі ўрокі. Я быў вельмі задаволены, калі чытаць газеты давяралі і мне. Гэта было ў канцы саракавых гадоў мінулага стагоддзя…”.

У 1944 годзе Пётр Марціноўскі паступіў у пяты клас Дзярэчынскай сярэдняй школы. Пачаў пісаць замалёўкі, вершы, інфармацыі ў Зэльвенскую раённую газету. У школьныя гады захапляўся яшчэ музыкаю. Іграў нядрэнна на мандаліне. Нават марыў з адною дзяўчынай паступаць у кансерваторыю. Ды і да апошніх дзён жыцця Пятро Мікалаевіч паэзію і музыку любіў аднолькава. “Яны неяк узвышаюць чалавека духоўна, робяць яго міласэр-ным, гуманным і лепшым,” – казаў Марціноўскі.

З 2006 года Пятро Мікалаевіч пісаў толькі песні, атрымаўся цэлы альбом “Ах, Ірына, Ірына…”. А музыку на яго словы ладзіў Уладзімір Плюта. Некалькі песен Пятра Марціноўскага, пасля яго смерці, былі апублікаваны ў зборніку “Зоры над Зальвянкай”. У асноўным гэта былі лірычныя паэтычныя радкі пра каханне з першага погляду, спатканне, суседку і г.д. Але напісаліся тады і добрыя радкі пра Дзярэчын і Зэльву. Вось некалькі выдатных строф, якія памятаюцца:

Пад святлом халодным зоркі Вегі
Жыў народ з надзеяй у душы…

А у Зэльве ладзілі Сапегі
Лепшыя ў Еўропе кірмашы…


Хоць ворагаў зграі рабілі набегі,
Не знішчыць Айчыну маю!
Жылі тут, тварылі, гулялі Сапегі
І славілі веліч тваю.

Плённа супрацоўнічаў Пётр Мікалаевіч з мясцовым кампазітарам Уладзімірам Плютам. Вось, што ўспамінаў Пётр Мікалаевіч пра гэта сам: “Зазваніў неяк тэлефон. Бяру трубку і пазнаю голас калегі па рабоце, вядомага дзярэчынскага музыкі Уладзіміра Плюты. Прывітаўшыся, ён адразу прапануе паслухаць па тэлефоне мелодыю акардэона. Яна, сапраўды, мне спадабалася. Але да гэтай песні не хапала слоў, і Уладзімір Міхайлавіч прапанаваў мне напісаць іх. Так нарадзілася ў нас сумесная песня: “ Любы мой ”:

Замяла завея нашыя сляды
А я ўсё кахаю, як было заўжды
Ноччу мне не спіцца –
страціла спакой
Дзе ж ты, адгукніся, мілы мой.
Навокал лютуе матухна зіма
Выйду на дарогу, а цябе няма.
Стынуць ногі, рукі,
у сэрцы неспакой.
Можа, ты адчуеш, мілы мой.
Сум і адзіноту вып’ю ўсю
да дна,
Песню, што я склала,
запяю адна.
І калі пачуеш, дома не сядзі.
Я цябе чакаю – дык прыйдзі.
Замяла завея нашыя сляды,
А я ўсё кахаю, як было заўжды.
Ноччу мне не спіцца –
страціла пакой
Дзе ж ты, адгукніся, мілы мой.

Аўтар музыкі Уладзімір Плюта – карэнны жыхар вёскі Дзярэчын. Тут прайшло яго дзяцінства, школьныя і юнацкія гады. Працаваў у Дзярэчынскай школе бібліятэкарам, пасля настаўнікам спеваў і музыкі, а з 1978 года аж да пенсіі – дырэктарам Дзярэчынскай музычнай школы.

На працягу многіх гадоў Уладзімір Плюта ўзначальваў харавыя калектывы Дзярэчынскай школы. Падрыхтаваныя ім калектывы шмат разоў выступалі на рэспубліканскіх і абласных аглядах мастацкай самадзейнасці, за што ўзнагароджваліся дыпломамі і падарункамі.

Дарэчы, Пётр Марціноўскі і Уладзімір Плюта, выйшаўшы на пенсію, стварылі творчы дуэт, пладамі якога сталі шмат песен, якія і сёння гучаць не толькі на сельскіх, але і на раённых сцэнах.

Пасля службы ў войску наш зямляк вярнуўся на радзіму і пачаў працаваць настаўнікам у Дзярэчынскай сярэдняй школе. Работу ў школе сумяшчаў з завочнай вучобай ў Гродзенскім педінстытуце. А з 1969 года і да пенсіі працаваў у гэтай школе намеснікам дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце. Пра стыль работы і пра метады навучання ў Дзярэчынскай СШ напісаў і выдаў брашуру “У нагу з часам” (1986 г.).

Першыя селькораўскія карэспандэнцыі Пятра Марціноўскага былі надрукаваны напачатку 1950-х гадоў у Зэльвенскай раённай газеце. Пасля матэрыялы на самыя розныя тэмы з’яўляліся на старонках газет “Звязда”, “Гродзенская праўда”, “Літаратура і мастацтва” і многіх іншых рэспубліканскіх выданняў. Усё свядомае жыццё дзярэчынскага настаўніка хвалявалі пытанні адраджэння беларускай мовы, літаратуры і культуры. Адсюль вынікала і тэматыка ягоных публікацый.

Самымі светлымі старонкамі ў жыцці Пятра Марціноўскага былі сустрэчы і шчырае сяброўства з паэткай Ларысай Геніюш. З ёю ён пазнаёміўся ў канцы 1950-х гадоў, пасля таго, як паэтка вярнулася ў 1956 годзе ў Зэльву. “ Гэта была шчырая, добразычлівая і простая беларуская жанчына. Паэтка верыла ў росквіт нацыянальнай культуры і мовы. Прыкладам бескарыснага служэння людзям з’яўляецца яе паэзія. Мне пашчасціла быць першым чытачом многіх вершаў, якія Ларыса Антонаўна з хваляваннем і гордасцю перш-наперш прачытвала сама”, – расказ-ваў Марціноўскі. У 2002 годзе ў Слоніме выйшла з друку кніжка ўспамінаў пра Ларысу Геніюш Пятра Марціноўскага “Наша Лорка”. Я быў рэдактарам гэтай кніжкі і напісаў да яе ўступнае слоўца.

Ларыса Антоноўна часта гасціла ў Марціноўскіх у Дзярэчыне, ды і яны неаднаразова наведвалі хату Геніюшаў у Зэльве. Кніга “Наша Лорка” пачынаецца з успамінаў аб тым, як аўтар кнігі, Алесь Траяноўскі і Ларыса Геніюш ездзілі на матацыкле ў Гудзевічы да Алеся Белакоза, а таксама на радзіму паэткі – у засценак Жлобаўцы і ў вёску Палаўкі, што на Ваўкавышчыне. Там землякі Ларысы Геніюш ласкава называлі яе наша Лорка: “Наша Лорка прыехала. Прыходзьце да нас…”.

На працягу 25 гадоў Пётр Марціноўскі кіраваў зэльвенскім раённым літаб’яднаннем “Зоры над Зальвянкай”. Сам рыхтаваў вершы да друку, наладжваў літаратурныя сустрэчы, вечарыны. Па запрашэнню літаб’яднання на Зэльвеншчыне пабывалі пісьменнікі Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Алег Лойка, Алесь Асіпенка, Мікола Гроднеў, Данута Бі-чэль, Юрка Голуб, Міхась Скобла, Уладзімір Мазго… Усіх і не пералічыць.

Перад смерцю ён падрыхтаваў добры том вершаў зэльвескіх паэтаў, амаль дамовіўся з дзярэчынскімі фундатарамі і хацеў выдаць іх асобнаю кніжкай пад назвай “Зоры над Зальвянкай”. Не паспеў. А ён так хацеў патрымаць яе ў руках, парада-
ваць тых, каго ён чытаў, друкаваў на старонках газеты “Праца”, даваў дарогу ў літаратурнае жыццё. У 2008 годзе “Зоры над Зальвянкай” пабачылі свет.

Гэты цудоўны чалавек усё жыццё пражыў у глыбінцы, але ніколі не старэў душою, не заставаўся ўбаку ад тых падзей, якія адбываліся ў нашым жыцці. Калі надаваўся вольны час – ён ехаў у Мінск, Гродна, прымаў удзел у рэспубліканскіх і абласных літаратурна-мастацкіх мерапрыемствах. Ён быў дэлегатам першага, другога, трэцяга, чацвёртага з’ездаў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, выбіраўся сябрам Рэспубліканскай рады ТБМ. Літаратура і педагогіка ўсё жыццё крочылі з ім побач.

Калі я прыязджаў у Дзярэчын, то хуценька бег у вялікі і цёплы дом Пятра Мікалаевіча, дзе часта там сядзеў з ім за сталом Віктар Дзмітрыевіч Іваноў. Яны былі равеснікі. Працавалі ў Дзярэчынскай школе, жылі на адной вуліцы. Віктар Дзмітрыевіч выкладаў фізкультуру. У 1972 годзе яму было прысвоена званне “Заслужаны настаўнік БССР”. Жонкі ў Пятра Мікалаевіча і Віктара Дзмітрыевіча памерлі рана. Таму два адзінокіх педагога часта сустракаліся, гутарылі пра той час і настаўнікаў, пра дзяцей. Я далучаўся да іх, слухаў іх размовы, вясёлыя і сур’ёзныя ўспаміны, і мне тады здавалася, што гэтыя два інтэлігентных, сівых педагога будуць жыць у Дзярэчыне заўсёды. Мне з імі было цікава, лёгка, я адчуваў іх шчырыя сяброўскія і бацькоўскія адносіны да мяне, павагу і дабрыню. А калі ад’язджаў дамоў, вясковыя настаўнікі стараліся пачаставаць мяне тым, што мелі: Віктар Дзмітрыевіч – мёдам, а Пятро Мікалаевіч – каўбасой, пальцам пханую, і самаробным віном “Marcini”.

Сяргей ЧЫГРЫН

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены