Прэзентацыя кнігі “Сынковічы. Вернасць і вера” адбылася ў рамках дэкады “Залаты ўзрост”

Кожны дзень “залатой” верасеньскай дэкады, прымеркаванай да Дня пажылога чалавека, адметны і запамінальны для людзей старэйшага пакалення. Бо насычаны на падзеі, адной з якіх стала сустрэча ў літаб’яднанні “Малюся слову”.

Тэма чарговага пасяджэння аматараў літаратурнага клуба, які дзейнічае на базе аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ЦСАН, – прэзентацыя духоўна-асветніцкага выдання “Сынковічы. Вернасць і вера”. У госці была запрошана аўтар кнігі Святлана Літвінчык. З першых слоў аповеда аб тым, як стваралася кніга, збіраўся матэрыял і фотаздымкі, якая работа была праведзена па пошуку сведкаў былых часоў, гістарычных падзей, Святлана Іванаўна заінтрыгавала прысутных.

Аб тым, што таленавітая паэтэса Зэльвеншчыны вельмі ўдала “працуе” са словам не трэба і гаварыць. Сваёй паэзіяй яна даўно заявіла аб сабе, перыядычна друкуецца на старонцы раённай газеты “Праца”, яе майстэрскае валоданне роднай мовай ведаюць прыхільнікі літаратуры. Таму не дзіўна, што былое і сучаснае Сынковіцкай царквы Святлана Літвінчык прыпаднесла на беларускай мове.

Выданне, як адзначыла аўтар, прысвечана храму ў вёсцы Сынковічы, яго гісторыі і сучаснаму дню. Складаецца з чатырох раздзелаў, кожны з якіх па-асобнаму цікавы. Так, у першым “Бог ім суддзя” сабраны ўспаміны людзей, якія помняць аб царкве з былых часоў да 1959 года, менавіта да закрыцця храма. Другі раздзел “Пачатак” прысвечаны 90-м гадам, калі пачалося паступовае аднаўленне храма. У трэцім, назва якога гаворыць сама за сябе “І ў нас будуць званы званіць”, размова ідзе аб аднаўленні святыні пад час служэння Арсенія Ананка. Чацвёрты раздзел, можа, самы “балючы”, бо тут сабраны ўдзячнасці людзей Усецарыцы Прасвятой за цуды і дапамогу ў розных складаных абставінах, у тым ліку ў барацьбе з цяжкімі хваробамі. Цікава і “Заключэнне”, у якім прапануецца пазнаёміцца з вершамі духоўнай тэматыкі, напісанымі зэльвенскімі паэтамі.

Святлана Літвінчык прызналася, што кніга пісалася з благаслаўлення айца Арсенія і менавіта святар падштурхоўваў аўтара ўзяцца за такую адказную, складаную, але вельмі важную і патрэбную справу:

Мэта выдання “Сынковічы. Вернасць і вера” – не толькі аднавіць і ўзгадаць гісторыю старажытнага храма, але і ўвекавечыць праз успаміны доўгажыхароў, сведкаў, “жыццё” святыні ў розныя перыяды. Кожны асобны расказ запамінальны, змястоўны – стаў адным цэлым для стварэння вобраза крэпасці-волата, які жыве і будзе жыць, званы якога будуць разносіцца далёка за межамі Сынковіч і запрашаць тысячы паломнікаў да малітвы, гутаркі з Богам. Я вельмі ўдзячна настаяцелю айцу Арсенію за ініцыятыву, падказку і дапамогу, і вельмі шчаслівая, што выданне пабачыла свет якраз перад значнай падзеяй — юбілеямі царквы.

Падчас імпрэзы члены клуба аднымі з першых змаглі перагарнуць свежыя старонкі, аздобленыя гістарычнымі здымкамі і фота рэспандэнтаў, пазнаёміцца з выданнем. Некаторыя ад прачытаных радкоў не маглі стрымаць эмоцыі і прасілі аўтара дазволу прадэкламаваць вершы, якія прыйшліся па душы. Удзельнікі сустрэчы адзначылі важнасць у Год гістарычнай памяці адлюстравання  духоўнай спадчыны нашага краю.

Жадаючыя адразу пасля сустрэчы набылі кнігу. Дарэчы, зборнік можна будзе купіць у царкоўнай лаўцы ў Сынковіцкім храме.

Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Наталля Глушэня ад імя ўсіх удзельнікаў клуба падзякавала аўтара за крапатлівую работу, цікавы аповед, пажадала далейшага творчага натхнення. Выказалі словы падзякі Святлане Літвінчык і першыя чытачы, і калега па паэтычнаму, мастацкаму слову Яніна Шматко.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены