Поле деятельности

Поле деятельности

Паспяхова вядуць веснавыя палявыя работы земляробы СВК “Бародзічы”. Яны ў аптымальныя тэрміны пасеялі раннія яравыя зерневыя і зернебабовыя культуры, цукровыя буракі і цяпер усе намаганні скіравалі на пасадку бульбы, сяўбу кукурузы і догляд пасеваў. На працягу многіх гадоў гаспадарка з’яўляецца наватарам па ўкараненні новых агратэхналогій, працуе ў цесным кантакце з навукоўцамі. Мясцовыя земляробы першымі ў раёне апрабіравалі бясплужную апрацоўку глебы, пасадку бульбы па галандскай тэхналогіі і многае іншае. Усё гэта садзей-нічала павелічэнню ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур. 

Варта адзначыць, што ў баро-дзіцкіх аграрыяў багаты вопыт вырошчвання “другога хлеба”. Каб падняць вытворчасць бульбы на больш высокі ўзровень і зрабіць яе рэнтабельнай, у гаспадарцы вырашылі прымяніць нямецкі метад. Пры захаванні ўсіх агратэхналагічных патрабаванняў ён забяспечваў прыбаўку ўраджаю і, галоўнае, дазваляў укараніць механізаваную ўборку. Была закуплена спецыяльная тэхніка нямецкай фірмы GRIMME, якая ўключае грэбнеўтваральнік, каменеўборачны сепаратар, пасадачную машыну і бульбаўборачны камбайн, затым – сартавальны пункт. На жаль, у першапраходцаў узніклі праблемы – набытая тэхніка не была разлічана на такія вялікія плошчы. У выніку – тэрміны пасадкі і ўборкі расцягваліся, што прыводзіла да парушэнняў агратэхналагічных патрабаванняў. Але ў новай тэхналогіі,бясспрэчна, былі і свае перавагі, якія дазволілі павялічыць ура-джайнасць і абысціся без ручной працы ў час уборкі. Гэта станоўча адбілася на зніжэнні сабекошту.

Згодна з рэспубліканскай праграмай бульбаводства, на цяперашні час вырошчваннем бульбы ў нашым раёне займаюцца толькі бародзіцкія і галынкаўскія земляробы. А вось меха-нізаваная ўборка вядзецца пакуль што толькі ў СВК “Бародзічы”. 

Будучыя бульбяныя плантацыі размясціліся на палях непадалёку ад вёскі Крываконна. У дзень нашага прыезду тут поўным ходам ішлі работы па пасадцы бульбы. Спачатку праводзілася культывацыя і нарэзванне грэбняў. На трактары з прычэпленым грэбнеўтваральнікам працаваў механізатар Анатолій  Вікторка. Гэтай справай ён займаецца з першых дзён вырошчвання бульбы па новай тэхналогіі. За дзень рыхтуе да 10 гектараў. 

На жаль, мы не ўбачылі ў рабоце каменеўборачны сепаратар, які не толькі збірае каменне ў спецыяльны бункер, але і знішчае пустазелле, разбівае вялікія камякі зямлі. Пасля гэтага глеба становіцца больш пышнай, што стымулюе рост расліны. 

На пасадачнай машыне “GL32B” працуе Сяргей Лабада, які за дзень у сярэднім садзіць па 7–8 гектараў бульбы. “Пры пасадцы, – расказвае тэхналогію работ механізатар, – са спецыяльных ёмістасцей на клубні падаецца хімічнае рэчыва, якое абараняе расліну ад хвароб і шкоднікаў, а таксама ад пустазелля. Далейшую механічную апрацоўку глебы – акучванне – праводзіць не трэба. Між тым, пасадачны працэс стрымліваюць нізкія тэмпы работы каменеўборачнага сепаратара. Гэты агрэгат за дзень пры поўнай загрузцы можа падрыхтаваць толькі 3 гектары пло-шчаў”. 

Загрузку насення своечасова забяспечвае машыніст “Амкадора” Віталій Якалцэвіч, дастаўку клубняў з бульбасховішча – вадзіцелі Януш Бусловіч і Валерый Шостак. 

На другім полі пасадка бульбы вялася звычайнай бульбасаджалкай. Гэтую адказную работу выконваў механізатар Ігар Абрамчук, падвозіў насенне вадзіцель Генадзій Сыраватка. 

 – Бульба сёлета ў гаспадарцы зойме 120 гектараў, – адзначыў намеснік старшыні СВК па раслінаводстве Аляксандр Русак. – Для пасадкі выкарыстоўваем сярэдняспелыя сарты айчыннай селекцыі “журавінка”, “брыз” і “янка”. Усе яны даюць стабільныя добрыя ўраджаі. Для сортаабнаўлення закупілі элітнае насенне. Пад пасадку ўнеслі неабходную колькасць мінеральных і арганічных угнаенняў. Адным словам, робім усё, каб атрымаць высокі ўраджай.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.