Плодотворная работа приносит результат

Плодотворная работа приносит результат

Не за гарамі вясна, а значыць і адна з самых важных кампаній для аграрыяў – пасяўная, да якой у СВК “Галынка” рыхтуюцца загадзя, каб у будучым атрымаць добры ўраджай. 

 Наведаўшыся на машынны двор в.Вострава, за якім замацавана 15 трактараў, корманарыхтоўчы і 3 зернеўборачныя камбайны, трактарныя прычэпы і шмат іншай прычапной сельскагаспадарчай тэхнікі, мы заўважылі, што рамонтныя работы тут ідуць поўным ходам. Парадак ва ўтрыманні тэхнікі калі не ідэальны, то блізкі да гэтага.
– Калектыў у нас дружны, да справы ўсе адносяцца адказна, – адзначае загадчык рамонтнай майстэрні Міхаіл Галянда. – Разумеем важнасць сваёй работы, а таму стараемся зрабіць усё не толькі своечасова, але і якасна.
Дарэчы, працоўны рытм калектыву задае сам Міхаіл Міхайлавіч. Ён шмат гадоў быў механізатарам, таму работу ведае не з чужых слоў. І калі 15 гадоў назад узначаліў калектыў майстэрні, усе ўспрынялі назначэнне як патрэбнае на карысць гаспадаркі.
Лішніх рабочых рук у кааператыве няма, таму на кожнага механізатара прыходзіцца немалы аб’ём работы. Сяргей Якубоўскі, Міхаіл Шкнай, Аляксандр Якубоўскі, Іван Булак, Віктар Марчук, Аляксандр Скібінскі, Павел Сямашка, Сяргей Карэнка, Аляксандр Кірычэнка, браты Арцём і Яўгеній Аласюкі і каваль Валерый Ламека ўжо паставілі на лінейку гатоўнасці культыватары “АКШ-6” і “КПС-6”, абаротны плуг “ППО-5.40”, адрамантавалі 6 барон для сябе і 12 – для першага вытворчага ўчастка. Крыху раней са старых машын для ўнясення цвёрдых арганічных угнаенняў зрабілі 4 прычэпы для перавозкі саломы. На малочнатаварнай ферме “Вострава” змайстравалі эстакаду для пагрузкі жывёлы і паўпрычэп для яе перавозкі на іншыя фермы. Цяпер механізатары ўчастка заняты падрыхтоўкай трактараў і прычэпаў да тэхнічнага агляду.
Праўленне сельгаскааператыва паклапацілася і аб стварэнні належных умоў для рамонту. Абсталяваны зварачны пост, працуе такарны станок, ёсць неабходны інструмент. У майстэрні старыя вокны замянілі на сучасныя шклопакеты, замест жалезных варот у хуткім часе будуць пастаўлены ралеты. У планах – рамонт бытавога памяшкання для механізатараў. За ўсім гэтым стаіць умелае кіраўніцтва загадчыка майстэрні Міхаіла Галянды, які лічыць, што парадак на машынным двары – перш за ўсё, культура вытворчасці. За адзін дзень, нават месяц, не дасягнуць станоўчага выніку. Гэта работа павінна весціся круглы год.
За добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў Міхаіл Міхайлавіч сёлета ўзнагароджаны Ганаровай граматай аблсельгасхарчу.

 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.