Педагагічнае і жыццёвае крэда дырэктара Ірыны Валадзько

8561

Партрэт выдатнага дырэктара школы напісаць нескладана. Здольны арганізатар, таленавіты настаўнік – гэта безумоўна. Псіхолаг, які ўмела будуе ўзаемаадносіны настаўнікаў і вучняў, – так і павінна быць. А ў сучасных умовах яшчэ і моцны гаспадарнік. Але гэтага мала, калі дырэктар не любіць дзяцей, калі яго не хвалюе, з якім настроем прыходзяць яны ў школу. Для Ірыны Валадзько, дырэктара Бародзіцкага дзіцячага сада-пачатковай школы, якая, па меркаванні акружаючых, і арганізатар, і настаўнік, і гаспадарнік, і псіхолаг, дзіцячая ўсмешка важней за ўсе поспехі-дасягненні.
Трапіць у Бародзіцкі навучальна-педагагічны комплекс можна праз двое дзвярэй: адны вядуць у навучальную ўстанову, другія – у дашкольную. “У якія найперш заходзіце раніцай?”, – цікаўлюся ў дырэктара. “У тыя, што адчынены”, – адказала Ірына Сыктусаўна. І патлумачыла, што для яе розніцы няма: дзіцячы сад гэта ці школа – адказнасць за іх нясе аднолькавую. За 27 гадоў знаходжання на такой сур’ёзнай пасадзе ў яе выпрацаваліся свае крытэрыі адносін да выхаваўчага і навучальнага працэсаў, работы з педкалектывам і ўсімі, хто працуе ва ўстанове. Варта адразу сказаць, што падыходы правільныя і разумныя, таму што ва ўсім бачны парадак.


З задавальненнем Ірына Сыктусаўна адгукнулася на просьбу паказаць і расказаць, як і чым жыве навучальна-педагагічны комплекс. Назва даволі гучная, але, забягаючы наперад, адзначу, што ўстанова цалкам ёй адпавядае. Уражвае тэрыторыя: не толькі плошчай, але і добраўпарадкаванасцю. Двор захапляе мноствам зеляніны і кветак, незвычайнымі архітэктурнымі формамі, агульнай прадуманасцю кампазіцыі. З густам абуладкаваны кожны куточак. “Гэта нашы дзяўчаты такія здольныя, – па-добраму, шчыра гаворыць пра сваіх падначаленых дырэктар. – На хаду нешта прыдумваюць. У гэтым годзе многае абнавілі. Вось толькі зруб калодзежа застаўся. А гэта ўжо справа рук Віктара Мікалаевіча Пухальскага”.
Схіленага над бервяном з бензапілой у руках засталі мы таго самага Віктара Мікалаевіча. “Для нашай установы гэты чалавек – сапраўдны клад. Яму не трэба лішні раз гаварыць, што зрабіць. Ён лепш ведае за мяне”, – у голасе Ірыны Сыктусаўны зноў адчувалася задавальненне ад зносін з тымі, з кім працуе.
Сонечнае надвор’е спрыяла таму, каб дзеткі маглі ўволю пагуляць на вуліцы. Выхавальніца Вольга Васільеўна Шышко, нібы клапатлівая матуля, завіхалася каля дзетвары. Крыху ўбаку, у пясочніцы, корпаліся зусім маленькія. “Гэтыя выхаванцы наведваюць адаптацыйную групу. Можна сказаць, праходзяць курс прывыкання да садка. Абавязкова пры гэтым прысутнасць мамаў”, – патлумачыла дырэктар. – Такая група дзейнічае першы год, наведванне дзяцей платнае. Але, як бачым, яна запатрабавана”.
Незаўважна зайшлі ўнутр будынка. Адкрытыя дзверы прывялі ў дзіцячы сад. Тры групы (самая вялікая па напаўняльнасці – старэйшая) наведваюць 58 дзяцей. Па ходу Ірына Валадзько расказвае аб дзейнасці ўстановы, засяроджваючы ўвагу на кожнай акалічнасці. Таму што ўсё сапраўды важна. І куткі, прысвечаныя асновам бяспекі жыццядзейнасці, і спартыўныя куткі, забяспечанасць інвентаром якіх складае 100 працэнтаў. Сад працуе з эстэтычным ухілам. Пагэтаму і самі пакоі, і нагляднасць у іх аформлены ярка, змястоўна і з густам.

8560
Кожнаму памяшканню ў будынку знойдзена сваё прызначэнне. Пераканаешся ў гэтым, калі спусцішся ў падвал. За-слуга ў наведзеным парадку ўсё зноў таго ж Віктара Мікалаевіча. Тут Ірына Сыктусаўна назвала яшчэ аднаго свайго памочніка – Таццяну Беразюк, загадчыка гаспадаркі. Таццяна Мікалаеўна працуе ва ўстанове з 1997 года, адразу пасля пераезду ў Бародзічы з Казахстана. Чалавек яна вельмі творчы, адказны, і за любую справу, даручаную ёй, можна быць спакойным, – адзначае дырэктар установы.
Заглянулі ў спартыўную залу – тут усё гатова да заняткаў. Больш затрымаліся ў музеі. Невялікія пакоі застаўлены шмат-лікімі экспанатамі. Спачатку, як паведаміла Ірына Сыктусаўна, тут планавалася стварыць этнаграфічны куток “Сялянская хатка”. Але кіраўнік музея Галіна Саўко так разгарнула пошукавую дзейнасць па зборы экспанатаў, што ім стала цесна ў адным пакоі. Зараз плануюць расшырыць межы музея і яго прызначэнне. Ёсць жаданне ўстанавіць кросны, але з такім разлікам, каб на іх можна было працаваць.
Чакае свайго часу – ацяпляльнага перыяду – басейн. Пасля рэканструкцыі ў 2014 годзе ён стаў запатрабаваны ў раёне.
Уражвае чысцінёй, парадкам і навучальная ўстанова. “За два месяцы дзяўчаты навялі-такі лоск”, – бачачы маё захапленне, гаворыць Іры-на Валадзько. У класах пакуль што ціха і пуста. Праўда, у адным насустрач нам выйшла дзяўчына. Малады спецыяліст Алена Русак вырашыла загадзя падрыхтавацца да заняткаў. Дырэктар задаволена яе працай. Лі-чыць, што Лілія Антонаўна Попка, на месца якой прыйшла маладая настаўніца, можа ганарыцца пераемніцай.

8559
У Бародзіцкай школе самы лепшы ў раёне ка-бінет дэфекталогіі. Усё дзякуючы таленавітым спецыялістам Анжэле Пярскевіч і Алене Зэмбе. Дарэчы, Анжэла Віктараўна ўдала спалучае работу дэфектолага з бібліятэчнай справай.
Кожнага, настаўнік ён ці тэхнічны работнік, дырэктар характарызавала толькі са станоўчага боку. Рэзюмуючы, што ў Бародзіцкай установе дрэнныя людзі не могуць працаваць.
–Вось так мы і жывём,– абагуліла ўсё сказанае і паказанае дырэктар Ірына Валадзько.
–Дастойна жывяце. А якая роля ў гэтым дырэктара школы? Пра сябе вы ні слова.
– Стаўшы дырэктарам, я паставіла перад сабой мэту: стварыць школу, у якой было б цікава дзецям, камфортна бацькам і хацелася б творча працаваць настаўнікам. Каб усіх разам аб’ядноўвала пачуццё гонару за сваю ўстанову.

8558
– Мяркуючы па аўтарытэце, які мае сёння Бародзіцкі дзіцячы сад-пачатковая школа, у вас гэта атрымалася.
– Не хачу сябе ацэньваць. Няхай ацэньваюць іншыя – кіраўніцтва, калегі-настаўнікі, але самае галоўнае – вучні і іх бацькі. Немалаважна тое, што кожны год большая палавіна нашых выпускікоў паспяхова вы-трымлівае экзамены ў гімназію.
А мне, прызнаюся, было прыемна даведацца, што праца дырэктара школы Ірыны Валадько адзначана Граматай Міністэрства адукацыі. Такія ўзнагароды працуюць на прэстыж усяго педагагічнага калектыву.

8557 8552 8553 8554 8555 8556

8562
Клаўдзія КРЭЧКА.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.