Знаёмцеся: дэпутат Крамяніцкага сельвыканкама Наталля Кашчыц

За гады работы ў рэдакцыі мне сустракалася шмат людзей, пра якіх казалі: фанат сваёй справы. І калі на мінулым тыдні давялося пагутарыць з педагогам сацыяльным Князеўскай сярэдняй школы Наталляй Кашчыц, зразумела: мая гераіня і ёсць адна з тых фанатаў, якія самааддана любяць справу, якой займаюцца. Наталлю Антонаўну можна ўбачыць і за настаўніцкім сталом, і на сцэне, і на турыстычным злёце. Яна аднолькава ўмела праводзіць мерапрыемствы для школьнікаў, арганізоўвае “огоньки” для настаўнікаў, выдатна ладзіць з людзьмі ўсіх узростаў і прафесій. Правіла, што любую работу трэба выконваць з душой, заўсёды ідзе з ёй па жыцці. Сацыяльным педагогам Наталля Кашчыц працуе больш чым дзесяць гадоў. Задорная і жыццярадасная – як толькі прыйшла ў школу, дзеці адразу палюбілі яе. Пад апекай жанчыны 114 хлопчыкаў і дзяўчынак. Яна не толькі добра ведае, чым усе яны жывуць, але і ў курсе, які псіхалагічны клімат у сям’і кожнага, як характарызуюцца па месцы працы іх бацькі. Прафесійнае кола зносін педагога выходзіць далёка за межы школы. Даводзіцца пастаянна кантактаваць з медыцынскімі работнікамі, супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, адміністрацыяй мясцовай гаспадаркі, работнікамі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва… – Наталля Антонаўна – адказны і чулы чалавек, – адзначае дырэктар школы Валянціна Семяняка. – Калі яна за штосьці бярэцца, можна быць упэўненым, што давядзе справу да канца, прычым арганізуе ўсё на самым высокім узроўні.  – Як жа інакш? – здзіўляецца мая гераіня. – Трэба быць адданым той справе, якую выбраў. А яшчэ Наталля Кашчыц не ўяўляе сябе без грамадскай дзейнасці: яна – завадзіла ва ўсіх калектыўных справах. Заўважыўшы гэта, калегі даверылі ёй яшчэ адну не менш адказную пасаду – з 2009 года Наталля Антонаўна ўзначальвае прафсаюзную пярвічку. Мы з калегамі не прапускаем ніводнага прафсаюзнага мерапрыемства, што ладзяцца ў нас у раёне, – гаворыць педагог. Калегі ў Наталлі Кашчыц і праўда актыўныя – усе да аднаго работнікі школы (45 чалавек) з’яўляюцца членамі прафсаюза. – У такім калектыве і працаваць прыемна, – прызнаецца суразмоўца. – Ён у нас падабраўся выдатны. Сёння гэта вялікая рэдкасць. І мне ў гэтым плане пашанцавала. Мае калегі не лічацца з асабістым часам, ніколі не адказваюць дапамагчы ў падрыхтоўцы мерапрыемства ці конкурсу. У калектыве заўсёды раздзяляюць ідэі апантанага лідара. Літаральна напрыканцы лютага Наталля Кашчыц, не без падтрымкі свайго прафактыву, удзельнічала ў абласным прафсаюзным конкурсе “Беларускі майстар-2018”, дзе заняла трэцяе месца. Дарэчы, Наталля Антонаўна не за-стаецца раўнадушнай і да праблем сельсавета, у якім жыве. Менавіта за гэта землякі сёлета яе выбралі дэпутатам Крамяніцкага сельвыканкама. І яна ўжо гатова акунуцца з галавой у дэпутацкую дзейнасць. Напярэдадні 8 Сакавіка гэтай цудоўнай жанчыне хочацца пажадаць і далей заставацца такой жа пазітыўнай, каб на ўсё хапала сіл. Няхай збываюцца планы! Тэрэза КАВАЛЕВІЧ
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.