Ансамбль «Зальвяначка» стал лауреатом областного конкурса»Скокі ва ўсе бокі»
На абласным конкурсе танцавальных калектываў “Скокі ва ўсе бокі”, які ў мінулыя выхадныя прайшоў у г.п. Карэлічы, дзіцячы ансамбль танца “Зальвяначка” ў намінацыі “Сучасны танец” адзначаны Дыпломам лаўрэата III ступені.
10 зэльвенскіх танцораў прадставілі на суд журы яркі эмацыянальны танец “Вясёлыя суседзі”. Дзяўчынкам удалося выканаць складаныя тэхнічныя моманты танца, перадаць усю яго харызму і ў выніку заваяваць высокую ўзнагароду.
Званне лаўрэата III ступені – гэта вынік плённай працы калектыву і яго кіраўніка Ірыны Вежнавец. Упершыню на абласным конкурсе “Скокі ва ўсе бокі” ансамбль “Зальвяначка” заявіў пра сябе ў 2009 годзе. Праз тры гады на гэтым жа конкурсе калектыў стаў дыпламантам III ступені. І вось – чарговая перамога.
Калі гаварыць пра канцэртную і творчую дзейнасць здольных хлопчыкаў і дзяўчынак, то яна пачалася з першага года заняткаў харэаграфіяй. Ад простых пастановак “Зальвяначка” падышла да стварэння цэлых праграм, якія выносяцца на суд гледачоў у рамках шматлікіх святочных мерапрыемстваў. Гэта майстар-клас па фальклорных танцах падчас правядзення Ганненскага кірмашу, эстрадны танец “Фарбы дзяцінства” на свята, прысвечанае 8 Сакавіка, народны танец “Вясёлыя забавы” – падарунак на Дзень настаўніка, сумеснае выступленне з народным ансамблем “Калаж” і шмат яшчэ розных танцавальных нумароў.
Рэпертуар калектыву з кожнай вучэбнай чвэрцю ўзбагачаецца, становіцца больш цікавым як для саміх юных артыстаў, так і для гледачоў. Увесь сакрэт у тым, што кіраўнік Ірына Вежнавец любіць эксперыментаваць з рознымі жанрамі, а яе выхаванцы ахвотна працуюць над пастаноўкамі. Вялікае жаданне танцаваць, прыродныя здольнасці, высокая зацікаўленасць – несумненна, тыя прыступкі, што прыводзяць “Зальвяначку” да поспеху.
Людміла ПОПКА.