Памяць, увекавечаная ў абелісках. У Зэльвенскім раёне 60 помнікаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны

У Зэльвенскім раёне 60 помнікаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта святыя месцы, дзе знайшлі свой апошні прытулак абаронцы Айчыны, што загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941 – 1944 гадах. У брацкіх і адзіночных магілах пахаваны 5555 воінаў Чырвонай Арміі, ахвяр фашызму. Імёны 4384 з іх засталіся невядомымі. Не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны больш за 1000 воінаў-землякоў. Многія жыхары Зэльвеншчыны загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў партызанскіх атрадах, у падполлі, сталі ахвярамі фашысцкага тэрору.

Святыня пасёлка – мемарыял загінуўшым воінам Чырвонай Арміі і партызанам за вызваленне раёна ў ліпені 1944 года.
На гары, на самым бачным месцы г.п. Зэльва, узвышаецца велічны помнік. Вышыня стэлы 17 метраў. Помнік добра праглядваецца з боку Зэльвенскага вадасховішча, з шашы Ваўкавыск-Слонім, з гарадскога парку і таго месца, адкуль пачынаўся штурм Зэльвы. Помнік быў узведзены ў 1958 годзе і ўяўляў сабой скульптуру воіна і партызанкі. У 1985 годзе яго рэканструявалі.

У брацкай магіле пахаваны 506 воінаў Чырвонай Арміі, якія прадстаўлялі многія нацыі і народнасці нашай тагачаснай Радзімы, загінуўшыя пры вызваленні Зэльвы. Імёны 270 засталіся невядомымі.

…У ліпені 1944 года воіны 169-й Рагачоўскай стралковай дывізіі 3-й арміі 2-га Беларускага фронту вялі цяжкія баі з праціўнікам на подступах да Зэльвы. У вызваленні пасёлка непасрэдна ўдзельнічалі 556-ы і 434-ы палкі, у склад якіх уваходзілі батальёны маёраў Салаўёва, Семізорава і капітана Баршчэўскага.

У ноч на 12 ліпеня пачалося вызваленне Зэльвы. Воіны 169-й стралковай дывізіі фарсіравалі р. Зяльвянку. Сіламі 434-га і 556-га палкоў дывізіі пачаўся штурм пасёлка з поўначы і поўдня. Гэта быў цяжкі, кровапралітны бой з ворагам за кожную вуліцу, кожны дом. У баі за Зэльву немцы два разы кідаліся ў контратаку, але кожны раз з вялікімі стратамі адступалі назад. Дарагой цаной дасталася Зэльва і воінам Чырвонай Арміі, аб чым сведчыць брацкая магіла.

Воіны Чырвонай Арміі, якія загінулі за вызваленне Зэльвы, былі пахаваны на могілках, у парку пасёлка і ў вёсках Холстава і Вішнеўка. На брацкіх могілках пазней устаноўлены помнікі.

У 25-ю гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне астанкі воінаў з брацкіх могілак былі перазахаваны ў адну брацкую магілу ў г.п.Зэльва.

Зэльвеншчына з першага дня Вялікай Айчыннай вайны апынулася ў агні пажарышчаў і стала месцам жорсткіх баёў. Упартыя баі з наступаючым ворагам на зэльвенскай зямлі вялі часці адступаючай 10-й і 3-й армій.

Шмат чырвонаармейцаў, камандзіраў, палітработнікаў палягло ў нашым краі ў першыя трагічныя дні вайны. Імёны большасці з іх засталіся невядомымі.Аб іх гераічных подзвігах сведчаць помнікі раёна.

На ўзбярэжжы р. Зяльвянкі ўстаноўлены Памятны мемарыяльны знак у гонар воінаў Чырвонай Арміі, якія ў чэрвені 1941 года вялі бой за пераправу праз р. Зяльвянку. Тут з 25 па 28 чэрвеня 1941 года ішлі жорсткія баі пры фарсіраванні ракі байцамі і камандзірамі акружанай ворагам 10-й арміі пад камандаваннем генерала Карбышава і палкоўніка Смалякова.

Кровапралітны бой вёўся воінамі Чырвонай Арміі з ворагам у чэрвені і пачатку ліпеня 1941 года ў раёне вёскі Сынкавічы. Доўга і ўпарта адбівалі націск ворага воіны. У няроўным баі загінула шмат адважных байцоў. Усе яны пахаваны ў брацкай магіле на заходняй ускраіне вёскі Сынкавічы. У 1955 годзе на брацкай магіле ўстаноўлены абеліск.

На трэці дзень вайны фашысты высадзілі дэсант каля в. Дзярэчын. На ўзвышшы паміж р. Зяльвянкай і в. Алексічы яны сканцэнтравалі значныя сілы артылерыі і танкаў. Адступаючыя часці 10-й арміі генерал-маёра Д.К.Голубева і 3-й арміі генерал-лейтэнанта В.I.Кузняцова, не ведаючы аб гэтым, адыходзілі з боку Мастоў і паўночна-ўсходняй часткі Ваўкавыскага раёна ў напрамку Алексіч. У ноч з 25 на 26 чэрвеня 1941 года ў выніку сустрэчнага бою калона адступаючых байцоў была поўнасцю знішчана, а вёска спалена. На наступны дзень жыхары Алексіч пахавалі загінуўшых воінаў у дзвюх брацкіх магілах.

У брацкай магіле савецкіх воінаў і ахвяр фашызму па вул. Булака ў г. п. Зэльва пахаваны 4 воіны, якія загінулі ў 1941 годзе, і 4 мірныя жыхары, расстраляныя ў ліпені 1941 года нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Сярод пахаваных – старшыня Тулаўскага сельсавета Іван Дробчык. На магіле пастаўлены абеліск.

На паўночнай ускраіне вёскі Бярэжкі знаходзіцца брацкая магіла воінаў і ахвяр фашызму. Пахаваны ў ёй 52 воіны, якія загінулі ў чэрвені 1941 года ў баі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і 20 жыхароў вёскі, расстраляных гітлераўцамі ў той час.

У брацкай магіле вёскі Манцякі пахаваны 22 воіны, якія загінулі ў чэрвені 1941-га і 15 ліпеня 1944 года. Ва ўшанаванне памяці воінаў, а таксама 39 землякоў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, у 1967 годзе на магіле пастаўлены помнік.

Помнік-скульптура воіна і партызанкі ўзведзены ў 1968 годзе на брацкай магіле ў в. Славацічы ва ўшанаванне памяці воінаў і землякоў, загінуўшых на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
Як памяць аб 290 воінах Чырвонай Арміі, загінуўшых ў 1941-м і 1944 гадах у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў устаноўлены помнік у в. Мэштавічы.

У скверы аг. Елка стаіць помнік ва ўшанаванне памяці воінаў, а таксама жыхароў вёсак Елка, Казловічы, Сынкавічы, Шулякі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У брацкай магіле пахаваны 18 воінаў.

У в. Чырвонае Сяло ў брацкай магіле пахаваны 2 воіны, якія загінулі ў барацьбе з нямецка- фашысцкімі захопнікамі. Ва ўшанаванне іх памяці і памяці загінуўшых землякоў з вв. Дзешкавічы, Драпаўцы, Раўтовічы, Чырвонае Сяло, Ярнева ў 1967 годзе на магіле пастаўлены помнік-скульптура воіна і партызанкі.

У цэнтры в. Горна ва ўшанаванне памяці аднавяскоўцаў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, і 5 воінаў, загінуўшых пры вызваленні вёскі і пахаваных у брацкай магіле, у 1968 годзе ўзведзены помнік.

Помнік-скульптура ўстаноўлены ў 1968 годзе ў скверы в. Каралін на брацкай магіле воінаў, якія загінулі ў чэрвені 1941 і ліпені 1944 гадоў.
У 1984 годзе ў в. Кашалі пастаўлены помнік ва ўшанаванне памяці загінуўшых аднавяскоўцаў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. У 1987 годзе праведзена перазахаванне астанкаў невядомага воіна ў магілу каля помніка аднавяскоўцам, у 2008 годзе перазахаваны астанкі яшчэ 2 воінаў, якія былі вынайдзены падчас гаспадарчых работ.

У в. Конна ў брацкай магіле пахаваны 5 партызан і малодшы лейтэнант Чырвонай Арміі Белякоў Аляксандр Пятровіч, які загінуў у чэрвені 1941 года. Ва ўшанаванне памяці пахаваных у брацкай магіле, а таксама аднавяскоўцаў, што не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны, у 1974 годзе на магіле ўзведзены помнік-скульптура.

У скверы в. Бародзічы ў 1967 годзе ўстаноўлены помнік-абеліск воінам Чырвонай Арміі, якія загінулі пры вызваленні вёскі 11-12 ліпеня 1944 года. Пахаваны 14 воінаў 169-й стралковай дывізіі 3-й арміі 2-га Беларускага фронту.

Побач з помнікам воінам насыпаны ў 1967 годзе Курган Памяці ва ўшанаванне вяскоўцаў, якія не вярнуліся з вайны. На пліце высечаны іх імёны. У дні святкавання 45-годдзя вызвалення Зэльвеншчыны (1989 г.) ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у в. Крываконна адбыліся ўрачыста-жалобны мітынг і адкрыццё помніка загінуўшым савецкім воінам і вяскоўцам. У гэты дзень былі перазахаваны астанкі воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Зэльвенскага сельсавета, у брацкую магілу. Пры правядзенні мерапрыемстваў прысутнічалі воіны Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, ветэраны 5-й Арлоўскай ордэнаў Леніна, Чырвонага Сцяга, Кутузава і Суворава дывізіі, якая вызваляла Зэльвеншчыну.
Жорсткі бой ішоў за в. Янаўшчына (12-14 ліпеня 1944 г.). Толькі ў гэтым баі за такую невялічкую вёсачку загінула 35 воінаў. Усе яны пахаваны ў брацкай магіле, на якой у 1967 годзе быў пастаўлены абеліск. На адкрыццё помніка прыязджалі з Масквы брат і сястра пахаванага ў брацкай магіле радавога Панфілава Мікалая Мацвеевіча.
У баях за вызваленне Дзярэчына ў 1944 годзе загінула 199 воінаў. Сярод пахаваных у брацкай магіле воіны 129-й стралковай дывізіі 3-й арміі 2-га Беларускага фронту.

У в. Малая Угрынь знаходзіцца магіла старшага лейтэнанта лётчыка, ураджэнца Украіны Карнауха Міхаіла Макаравіча, які быў збіты ў паветраным баі ў раёне вёскі Угрынь. Мясцовыя жыхары пахавалі лётчыка. Дакументаў пры ім не было, і больш за 30 гадоў ніхто не ведаў імя загінуўшага. Чырвоныя следапыты Угрыньскай школы пад кіраўніцтвам настаўніка Л.I.Юргеля і дырэктара школы М.К.Януля вялі перапіску са штабамі армій, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Заходняй Беларусі, каб даведацца імя пілота. Праз многа гадоў прыйшло паведамленне:

“…Ліпень 1944 года… Над в. Угрынь быў паветраны бой… На базу не вярнуўся старшы лейтэнант авіяцыі Міхаіл Макаравіч Карнаух…”. Так яшчэ адно імя героя вайны было ўвекавечана. У 1977 годзе жыхары Угрыні, вучні і настаўнікі школы правялі перапахаванне астанкаў лётчыка. На магіле ўстанавілі помнік-пліту з надпісам: “Старшаму лейтэнанту Карнауху Міхаілу Макаравічу – ад калгаснікаў калгаса імя Гагарына і Угрыньскай васьмігадовай школы”.

У князеўскім парку знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў, якія загінулі ў ліпені 1944 года. Сярод пахаваных – Літвінаў Д. І. Раніцай 12 ліпеня 1944 года ўзвод аўтаматчыкаў пад камандаваннем малодшага лейтэнанта Літвінава раптоўна зайшоў у тыл фашыстаў, што акапаліся на ўсходняй ускраіне в. Самаравічы. Завязалася рукапашная схватка. Савецкія байцы змагаліся мужна. Аднак у гэтым баі яны страцілі свайго камандзіра Д. I. Літвінава, які загінуў смерцю героя.
У пісьме да маці, незадоўга да гібелі на зэльвенскай зямлі, Дзям’ян Іванавіч пісаў: “… Ты, мама, ганарыся, што добрых сыноў вырасціла, – сапраўдных сібіракоў. Там, дзе ступае сібірак, – вораг уцякае, а дзе абараняецца – ён не пройдзе. Калі будзе неабходна, сумею памерці, як і належыць воіну, сібіраку-гвардзейцу…”. Ён загінуў у 22 гады, аддаў сваё жыццё за вызваленне нашага раёна.

Мясцовыя жыхары пахавалі воінаў на месцы бою, на ўскрайку вёскі Самаравічы. Потым астанкі воінаў былі перапахаваны ў брацкую магілу ў в. Князева. У 1968 годзе тут устаноўлены мемарыяльны знак. На паўночнай ускраіне в. Бібікі ў 1967 годзе ўзведзены помнік ва ўшанаванне памяці 71 земляка з вёсак Бібікі, Валькевічы, Грабава, Даўгаполічы, Крывічы, Марачы.

У памяць аб аднавяскоўцах, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанскай барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сталі ахвярамі фашысцкага тэррору, ўстаноўлены помнік у в. Вострава. Усяго ў гады вайны загінула 297 жыхароў в. Вострава. Ахвярамі фашысцкага тэрору сталі 222 мірныя жыхары вёскі: 209 з іх расстраляны, 13 закатаваны і спалены. 3 іх лі-
ку – 97 жанчын, 41 дзіця.

Годна ўшаноўваюць памяць воінаў, загінуўшых пры вызваленні вёсак Рудзевічы, Цяглевічы, Міжэрычы, Крамяніца, Снежная, Старое Сяло, Дзеркачы, Мадзейкі, Міжэрычы, Залацеева, Тулава, Новай Галынкі і інш., а таксама землякоў, загінуўшых на франтах Вялікай Айчыннай, мясцовыя жыхары.

На месцы брацкіх магіл устаноўлены абеліскі, да падножжа якіх удзячныя нашчадкі ўскладваюць кветкі.

Па архіўных звестках

Вам может быть интересно

Комментарии отключены