Пад час нядзельнай імшы ў касцёле Святой Тройцы благаславілі вадзіцеляў і асвяцілі транспартныя сродкі

25 ліпеня Касцёл узгадвае святога Крыштафа, апекуна вадзіцеляў і ўсіх тых, хто знаходзіцца ў дарозе. Таму на пачатку імшы ксёндз Віталій запрасіў зэльвенскіх парафіян памаліцца за асоб, якія кіруюць рознымі транспартнымі сродкамі, за тое, каб яны заўсёды дбалі аб сваёй бяспецы, а таксама аб бяспецы іншых удзельнікаў дарожнага руху.

Звяртаючыся да вернікаў, вікарый парафіі святога Антонія ў Магілёве Віталій Чабатар (на перыяд адпачынку ксяндза Яцэка Маркеля адпраўляе імшу) адзначыў некалькі важных момантаў, за якія неабходна памаліцца ў нядзелю. Па-першае, гэта падзякаваць Пану Богу за ўсе неабходныя дары, якія Ён дае людзям. У тым ліку і за спрыяльнае надвор’е, якое так зараз патрэбна жытнёвым палеткам, а таксама аграрыям для правядзення работ па ўборцы сёлетняга ўраджаю. Паколькі Папа Францішак абвясціў сваё рашэнне аб устанаўленні ў Касцёле Сусветнага Дня дзядуль, бабуль і пажылых людзей, які будзе адзначацца з гэтага года і штогод у чацвёртую нядзелю ліпеня і прымяркоўвацца да ўспаміну святых Яўхіма і Ганны (дзядулі і бабулі Езуса Хрыстуса), святар прапанаваў памаліцца за сваіх бабуль і дзядуль, родных пажылога ўзросту.

Разважаючы над урыўкам з Евангелля, айцец Віталій зазначыў, што нядзельная Эўхарыстыя з’яўляецца найбольшай падзякай чалавека Богу. Таму ў час імшы супольна неабходна дзякаваць за магчымасць працаваць і адпачываць, прымяняць свае здольнасці на карысць сябе, сваіх блізкіх і Айчыны, за шчодрасць і любоў. Адначасова папрасіць далейшых божых ласкаў, так неабходных для веруючых:

Мы павінны дзяліцца сваёй міласэрнасцю і дабрынёй, праяўляць спагаду і чуласць да другога. Толькі праз хрысціянскія каштоўнасці мы можам змяніць сваё жыццё ў лепшы бок.

Пасля супольнай малітвы ксёндз параіў моладзі і падлеткам больш увагі і клопату праяўляць да старэйшага пакалення, праводзіць з людзьмі сталага веку больш часу. Тым, хто садзіцца за руль аўтамабіля, пажадаў засяроджанасці і ўважлівасці, шчаслівых дарог.

Адгаварыўшы разам з вернікамі малітву вадзіцеля, ксёндз паблагаславіў уладальнікаў транспартных сродкаў і асвяціў самакаты, веласіпеды, машыны.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены