Пад апекай святога Крыштафа. Вадзіцеляў – зэльвенскіх парафіян благаславілі і асвяцілі іх транспартныя сродкі

Святы Крыштаф у Касцёле лічыцца апекуном вадзіцеляў, маракоў, падарожнікаў і ўсіх тых, хто адпраўляецца ў дарогу. Таму ў дзень яго ўспаміну ў святынях, падчас імшы, моляцца за асоб, якія садзяцца за руль любога транспартнага сродку, аб іх бяспецы, абароне іх ад няшчасных выпадкаў.

Распачынаючы святую імшу, пробашч касцёла Святой Тройцы г.п. Зэльва ксёндз Яцек Маркель запрасіў парафіян да шчырай і сардэчнай малітвы, праз якую неабходна праслаўляць Бога.

Разважаючы над урыўкам з Евангелля, святар працягнуў гэтую думку і адзначыў, што ў любым выпадку неабходна заставацца самім сабой, верыць у падтрымку і дапамогу Збаўцы:

Каб адчыніць душу і сэрца насустрач Богу, неабходна, у першую чаргу, жадаць быць духоўна багатымі. І ў гэтым можа дапамагчы толькі малітва, малітва індывідуальная і супольная. З яе павінна пачынацца кожная раніца, прадаўжацца дзень і завяршацца вечар у жыцці веруючага чалавека. У ёй павінна гучаць словы славы святога імя Езуса Хрыста. Праз разуменне слова Божага мы можам быць і сэрцам, і думкамі бліжэй да Збаўцы.

Пасля нядзельнай імшы святар зачытаў спецыяльную малітву і паблагаславіў усіх, хто адпраўляецца ў дарогу і садзіцца на любы транспартны сродак. Параіўшы вадзіцелям кожны раз перад дарогай рабіць знак крыжа і адгаворваць кароткую малітву, ксёндз Яцэк асвяціў аўтамабілі і веласіпеды, размешчаныя на прыкасцельнай пляцоўцы.

Благаслаўленне вадзіцеляў і асвянчэнне транспартных сродкаў адбудзецца і вечарам, 24 ліпеня, пасля імшы ў 19 гадзін.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены