От улыбок стало всем теплей

От улыбок стало всем теплей

Складальнікамі сапраўднага свята з’яўляюцца шчырасць, душэўнасць, весялосць і, вядома ж, шмат сюрпрызаў. Акцыя “Нашы дзеці” на іх традыцыйна шчодрая. Кожны дзень дабрачыннага навагодняга марафону не абыходзіцца без урачыстасці для нашых дзяцей.

Напярэдадні Новага года першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Іна Шаўцова з дабрачыннай місіяй пабывала ў цэнтральнай раённай бальніцы. Прыйшла яна з падарункамі для дзяцей, якія выхоўваюцца ў неблаганадзейных сем’ях і зараз часова знаходзяцца ў дзіцячым аддзяленні бальніцы.

Хлопчыкі і дзяўчынкі наперабой расказвалі аб сваім жыцці. Іх словы краналі да глыбіні душы: «Я ведаю, што мая мама ўспомніць пра мяне», «З сябрамі мне весела, але сумую па браціку», «Тут да мяне адносяцца вельмі добра, але я хачу дадому»…

Медыкі робяць усё магчымае, каб дзеці, якія трапілі ў няпростую жыццёвую сітуацыю, не адчувалі сябе пакінутымі і адзінокімі.

 

Для выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і сацыяльна-педагагічнага цэнтра сустрэча з супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў стала сапраўдным навагоднім сюрпрызам. Людзі ў пагонах на гэты раз завіталі да іх у вобразах добрых чараўнікоў. Дзед Мароз і Снягурка вадзілі разам з дзецьмі карагод, танцавалі, запальвалі прыгажуню ёлку. Потым былі загадкі і жарты, гульні і конкурсы. І, зразумела ж, падарункі. Самыя маленькія з захапленнем расказвалі Дзядулі Марозу навагоднія вершы. 

 

На навагодні ранішнік, які праходзіў у дзіцячым прытулку, разам з Дзедам Марозам завіталі работнікі цэнтра банкаўскіх паслуг №408 г.п.Зэльва ААТ “ААБ Беларусбанк”, члены грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, на чале з намеснікам дырэктара Наталляй Галаскок. Госці сардэчна павіншавалі хлопчыкаў і дзяўчынак з навагоднімі і каляднымі святамі, уручылі падарункі.

– У гэтыя святочныя дні ўсе дзеці жывуць у прадчуванні нечага  дзівоснага і казачнага, –  адзначыла Наталля Леанідаўна.– І кожны з нас, дарослых, можа праявіць свае самыя лепшыя душэўныя якасці і здзейсніць цуд – стварыць добры настрой тым дзецям, якія па волі лёсу апынуліся ў цяжкім становішчы.

 

Са шчырымі віншаваннямі і салодкімі падарункамі з нагоды галоўнага зімовага свята ў чарговы раз за-віталі ў цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі актывісткі раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”. Сярод вялікай колькасці пажаданняў выхаванцам цэнтра галоўным было “Расціце здаровымі!”.

 Клопат пра мацярынства і дзяцінства – адзін з галоўных накірункаў дзейнасці Беларускага саюза жанчын. Прыемна бачыць дзетак здаровымі, вясёлымі, жыццярадаснымі – гэта ж наша надзея, наша будучае.

Святочную атмасферу пастараліся надаць свайму візіту вучні 2 “А” і 3 “Б” класаў сярэдняй школы №2 г.п. Зэльва ў час наведвання сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Вучні пачатковых класаў ужо зараз разумеюць, што некаторыя з іх аднагодкаў трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю і кожны з іх марыць жыць са сваімі роднымі. Яны прыклалі ўсе намаганні, каб хлопчыкі і дзяўчынкі, якія зараз жывуць у прытулку, сапраўды адчулі свята. На сродкі, якія былі сабраны ў час школьнага дабрачыннага кірмашу, для дзяцей былі закуплены падарункі і слодычы. Школьнікі таксама падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне. Пасля спектакля ўсе разам сабраліся за “салодкім” сталом.

 

 

 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.