Версия для слабовидящих

Пасланне нашчадкам: падчас святкавання юбілею Дзярэчына заклалі капсулу часу

Просмотры: 633

Пасланне нашчадкам: падчас святкавання юбілею Дзярэчына заклалі капсулу часу

Падзея 25 ліпеня 2026 года, якая распачала святочны дзень у аграгарадку Дзярэчын, застанецца ў гісторыі населеннага пункта як адна з важных старонак. Сучаснае пакаленне жыхароў напісала ліст “у будучыню” – сваім нашчадкам. Толькі праз чатыры дзесяцігоддзі яны даведаюцца, што жадала ім насельніцтва пачатку XXI стагоддзя.

Пачынаючы цырымонію, старшыня Дзярэчынскага сельвыканкама Аляксандр Белякала адзначыў, што ў гэтым годзе Дзярэчыну спаўняецца 610 гадоў:

- Адрэзак часу вялікі і значны. За гэты час на дзярэчынскай зямлі адбылося шмат падзей, мястэчка перажывала і росквіт, і войны, і радасць, і слёзы. Нават жудасныя часы не знішчылі яго, яно захавала сваё прызначэнне. Вялікая заслуга ў гэтым мясцовага насельніцтва, якому ўласцівы працаздольнасць і патрыятызм. Няхай дадзенае пісьмо стане будучым пакаленням наказам, як любіць і шанаваць свой край.

Права прачытаць змест было прадастаўлена захавальніку музейных пакояў аграгарадка Дзярэчын, ініцыятару праекта “Ступені гісторыі Дзярэчына” Генадзію Каўшу. 

У лісце гаварылася: “Шаноўныя нашчадкі, нягледзячы на розныя выпрабаванні, Дзярэчын працягвае існаваць і ў апошні час значна развіваецца і прыгажэе. У сувязі з 610-й гадавінай першай дакладнай узгадкі пра Дзярэчын у пісьмовых крыніцах мы, сённяшнія жыхары, звяртаемся да вас, будучыя жыхары, якія будуць жыць у час святкавання ўжо 650-годдзя населенага пункта з наказам - годна і аддана любіць нашу радзіму, шанаваць традыцыі продкаў, зрабіць усё магчымае, каб Дзярэчын квітнеў, каб у яго лёсе з’явіўся перыяд, які даследчыкі назавуць “новы залаты час”. З надзеяй і павагай жыхары аграгарадка”.

Ва ўрачыстых абставінах старшыня Зэльвенскага раённага Савета дэпутатаў Вадзім Панасік, старшыня Дзярэчынскага сельвыканкама Аляксандр Белякала, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Галынка” Ілля Яфімаў, стараста аграгарадка Таіса Біч заклалі ў капсулу некалькі рэчаў, сярод якіх выява герба Дзярэчына, наказ, фотаздымкі, і апусцілі яе пад мармуровую пліту.

Удзельнікі святочнасці, сярод якіх прадстаўнікі як старэйшага пакалення, так і моладзь, выказалі надзею, што будучыя пакаленні прадоўжаць слаўныя традыцыі і прачытаны ліст будзе толькі пацвярджэннем таго, што мары сучаснікаў здзейсніліся, закладзеная капсула стане сувяззю часоў і надзеяй на светлую будучыню.

У знак павагі да мінулага, асабліва да подзвігу землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны, старшыня сельвыканкама запрасіў ўсіх прысутных ускласці кветкі да брацкай магілы.

Святар Сергій Шумец адслужыў паніхіду па загінулых.

Прадстаўнікі раённай улады, сельскай гаспадаркі, устаноў адукацыі і культуры, старэйшыя людзі і дзеці застылі ў хвіліне маўчання: гераізм салдат, якія аддалі жыццё за вызваленне Зэльвеншчыны мае самую высокую каштоўнасць.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в наших Telegram-канале, MAX.  Подписывайтесь по ссылке!