Яна ў нашых сэрцах. У памяць аб зямлячцы-настаўніцы Святлане Кніге
Яна ў нашых сэрцах. У памяць аб зямлячцы-настаўніцы Святлане Кніге
Не намі і не сёння сказана: “Тыя, каго мы любім, жывуць і пасля смерці”. Штогод вясной і восенню людзі прыбіраюць могілкі, збіраюцца каля месцаў пахавання продкаў, дзеляцца ўспамінамі аб іх, расказваюць дзецям і ўнукам пра дзядоў і прадзедаў. Напярэдадні Раданіцы па шматлікіх просьбах чытачоў мы вырашылі надрукаваць матэрыял пра педагога, якога нядаўна не стала.

Яна была прыроджаным настаўнікам
Святлана Сяргееўна Кніга доўгі час працавала ў зэльвенскіх школах, яе ведалі многія нашы землякі, асабліва калегі і вучні, таму паспрабуем аб’яднаць аб ёй успаміны. Але спачатку слова – дзецям.
Дачка Святланы
Сяргееўны – Наталля
«Мама была прыроджаным педагогам: разумная, добрая, спагадлівая, справядлівая. І – вельмі патрабавальная да сябе. Калі б мяне папрасілі выдзеліць галоўнае ў яе натуры, я б сказала: светлая, інтэлігентная.
Здавалася, не было такога пытання, на якое ў яе не было адказу. І я ў маленстве здзіўлялася, чаму так доўга і старанна мама рыхтуецца да кожнага ўрока: перачытвае даўно знаёмыя кнігі, часопісы, ранейшыя планы і распрацоўкі. Я тады не разумела, што ў творчага чалавека ні адзін урок не паўтараецца. Гэта прыйшло потым, калі мама стала выкладаць рускую мову і літаратуру ў маім класе.

Спачатку аднакласнікі пазайздросцілі мне, думалі, што Святлана Сяргееўна будзе выдзяляць мяне сярод іншых, завышаць адзнакі. Не разумелі, што ўсё наадварот: мама строга папярэджвала, каб я асабліва старанна рыхтавалася да яе ўрокаў.
У яе было столькі спецыяльнай літаратуры, столькі распрацовак, што, відаць, ёй вельмі хацелася бачыць мяне прадаўжальніцай сваёй справы. Але на мой выбар не ўплывала, проста радавалася, што я стараюся добра вучыцца, сур’ёзна думаю працягваць вучобу пасля школы. Я закончыла гандлёвы каледж, працую ў магазіне, задаволена сваім выбарам. І мама радавалася за мяне.
Летам мінулага года мы адзначылі 80-гадовы юбілей мамы. Сабраліся родныя, сябры, дзеці, было столькі цёплых шчырых слоў ад усіх! Ніхто не думаў, што да наступнага дня нараджэння мама ўжо не дажыве…
Вельмі цяжка без яе. Без яе парад, лагоднай усмешкі. Усё маё жыццё было звязана з ёю. Не хочацца верыць у незваротнасць страты…».
Прыёмны сын Мікіта
«Нас з братам мама ўзяла з прытулку зусім малымі: брату – 2 гады, мне – 5. Прытым брат цяжка хварэў, не мог нават хадзіць. Як ёй было цяжка з намі, я зразумеў далёка не адразу. Шмат даводзілася ёй цярпець ад нашага непаслушэнства. Педагагічны дар падказваў ёй, як весці сябе з намі. Яна заўсёды адчувала самыя нязначныя змены ў нашым настроі. Ведала, калі проста падысці і пагладзіць па галаве, калі даць выплакацца, калі даць волю нашым эмоцыям… Не крычала, не чытала натацый, умела скарыстаць момант, калі дзіця зразумее дарослага.

Зараз я не магу знайсці слоў, каб выказаць агромністую падзяку за яе бескарыслівую любоў, за яе навуку жыцця. «У сваіх няўдачах не вінаваць іншых, дакарай толькі сябе, умей аналізаваць свае ўчынкі», – гаварыла мама, і я з гэтым наказам жыву, стараюся апраўдаць яе давер. Ёй, жанчыне, я абавязаны сваім станаўленнем як мужчына.
Калі прыйшла пара выбіраць прафесію, я яшчэ не меў выразнага ўяўлення, дзе маё сапраўднае месца. Спрабаваў сябе ў заатэхніі, будаўніцтве. І мама не дакарала, верыла, што ў рэшце рэшт знайду сябе. Так і атрымалася: цяпер працую барменам, і мне гэта падабаецца. Радуюся, што і мама была б задаволена.
Каб падтрымліваць са мной сувязь, мама падарыла мне кнопкавы тэлефон. «А на сучасны сам заробіш, праўда?» – спытала-сцвердзіла. Так, мама. Я набыў «класны» тэлефон, і як шкада, што ты аб гэтым ужо не даведаешся…».
Успаміны калег і вучняў
Ірына Пятроўна
Пазняк
«Са Святланай Сяргееўнай я пазнаёмілася ў пачатку 70-х гадоў, калі разам працавалі ў Падбалоцкай васьмігодцы. Мой педагагічны шлях толькі пачынаўся, а яна ўжо была спрактыкаваным настаўнікам. Да Падбалоцкай БШ працавала ў Казловіцкай васьмігодцы, Славаціцкай СШ, Іўеўскім РАНА, прычым у Славацічах некалькі гадоў адказвала за выхаваўчую работу са школьнікамі. Таму не дзіўна, што і ў Падбалоцкай школе ёй даручылі гэты адказны ўчастак. А я, старшая піянерважатая, ёй дапамагала, вучылася ў яе.
Дзеці вельмі любілі Святлану Сяргееўну: яны ж бачылі яе мацярынскія адносіны да іх. З той пары яна стала для мяне ўзорам Настаўніка-інтэлігента, Настаўніка-эрудыта, Настаўніка-важака.
Яшчэ да замужжа Святлана Сяргееўна на летнія канікулы брала з Ваўкавыскай школы-інтэрната дзяцей-інвалідаў. За свой кошт даглядала іх, вучыла, вадзіла па ваколіцах, знаёміла з класічнай літаратурай. Не магу прывесці больш прыкладаў такой самаадданай любові да дзяцей, як у яе. Яна расла старэйшай у бацькоўскай сям’і, змалку клапацілася пра братоў і сястру. Лагічным было б у дарослым жыцці адпачываць ад клопатаў выхавальніка, а яна, наадварот, шукала гэтых адвечных жаночых клопатаў.
Калі мне давялося працаваць завучам у СШ №3 і наведваць яе ўрокі, я забывала пра свае адміністрацыйныя абавязкі – настолькі бездакорна валодала яна методыкай выкладання. Была любіміцай сваіх выхаванцаў, і многія менавіта дзякуючы ёй сталі педагогамі.
І пасля выхаду не пенсію Святлана Сяргееўна працягвала стасункі з былымі калегамі, адгукалася на просьбы аб дапамозе былых вучняў».
Ірына Уладзіміраўна Кавалевіч, як і Ірына Пятроўна, пазнаёмілася са Святланай Кнігай яшчэ ў Падбалоцкай школе, а потым ужо як кіраўнік Зэльвенскай СШ №3 працягнула далейшае, паглыбленае пазнанне педагога С.С.Кнігі. «Скажу без перабольшання, – гаворыць сёння Ірына Уладзіміраўна, – Святлана Сяргееўна прафесіяналам была бездакорным, з кагорты тых, каго дзеці любяць з першага знаёмства».
Марыя Антонаўна Чэчат, тагачасны галоўны метадыст РАНА, таксама добра памятае Святлану Сяргееўну. «Глыбокі, эрудыраваны спецыяліст, сціплая, не любіла «зорнасці», неахвотна згаджалася на адкрытыя ўрокі. І дарэмна: тыя, на якіх прысутнічалі калегі, пакідалі ўражанне не проста вопытнага прадметніка, а адважнага эксперыментатара, выдатнага псіхолага. Адразу была бачна яе еднасць з вучнямі, шчырая любоў да іх. Глыбокай асобай была Святлана Сяргееўна» – заключае Марыя Антонаўна.
Ганна Мікалаеўна
Малчун
«Я ўдзячна лёсу за знаёмства з такімі выдатнымі педагогамі, як Марыя Іосіфаўна Шышко і Святлана Сяргееўна Кніга. Мы ўсе – жыхары паўночнага рэгіёна Зэльвы, таму пасля працы ў былой СШ №2 вярталіся да
дому разам, па дарозе дзяліліся поспехамі і няўдачамі.
А калі пабудавалі СШ №3, мы са Святланай Сяргееўнай сталі сустракацца і камунікаваць яшчэ часцей (Марыі Іосіфаўны, на жаль, ужо не было ў жывых). Я – матэматык, таму з задавальненнем прыслухоўвалася да рэкамендыцый прафесійнага філолага, чытала рэкламуемыя ёю кнігі, каб потым абмеркаваць іх разам. Вучылася ў яе адносінам з дзецьмі і калегамі, такімі паважлівымі і тактоўнымі. У памяці маёй яна назаўжды застанецца ўзорам педагога, чалавека, маці».
Алена Станіславаўна Кароза
«Са Святланай Сяргееўнай пазнаёмілася ў Славацічах. Я толькі закончыла Ваўкавыскае педвучылішча і атрымала накіраванне ў Славаціцкую СШ. Калектыў там быў малады, творчы, амаль цалкам жаночы. У нечым мы са Святланай Сяргееўнай былі першапраходцамі: я – як настаўнік пачатковых класаў, а яна – як завуч-арганізатар.
Пазней, ужо ў Зэльве, мы згадвалі той час з настальгіяй: Святлана Сяргееўна прызнавалася, што дзеці там былі вельмі прагнымі да ведаў, працаваць з імі было адно задавальненне».
Анжэліка Міхайлаўна Рак
«Святлана Сяргееўна была маім куратарам у пачатку працоўнага шляху. Ва ўніверсітэце мы атрымалі добрыя тэарэтычныя веды, а вось практычных было малавата. І Святлана Кніга цярпліва вучыла мяне азам настаўніка-практыка: як будаваць урок, як разлічваць час, улічваць розніцу ва ўспрыманні матэрыялу ў паралельных класах і г.д.
Адыходзячы на пенсію, перадала мне і свой кабінет, і ўсе свае метадычныя распрацоўкі. А іх было нямала! І якіх! Індывідуальная работа, работа ў парах, у групах… Гэта ж былі 90-я гады, гады эксперыментаў многіх выдатных настаўнікаў-практыкаў з усяго СССР.
А потым мы супрацоўнічалі са Святланай Сяргееўнай у новых ролях: я – педагог, класны кіраўнік, яна – мама аднаго з маіх вучняў. З якой любоўю адносілася яна да прыёмнага сына! Асабліва баялася цяжка захварэць, каб ён зноў не трапіў у прытулак. Вельмі клапатлівай мамай яна была. І мне шмат у чым дапамагала будаваць работу з бацькамі.»
Маргарыта Міхайлаўна
Урбановіч
«Толькі дзякуючы такім настаўнікам, як Ірына Уладзіміраўна Генюш і Святлана Сяргееўна Кніга, я стала філолагам.
Святлана Сяргееўна вучыла мяне з 5-га да 11-га класаў. У малодшых класах займалася з намі яшчэ і ў тэатральным гуртку, дзе мы інсцэніравалі розныя апавяданні і казкі. А ў старэйшых – мы станавіліся ўдзельнікамі шматлікіх эксперыментаў. Настаўніца так і гаварыла нам, што хоча апрабаваць пачутае, прачытанае пра той ці іншы метад. І мы з радасцю ўключаліся ў гульню, дзяліліся на групы, падбіралі пары або атрымлівалі складанае індывідуальнае заданне. І сёння памятаю, як мы шукалі ў тэксце пацвярджэнні любові Льва Талстога да Наташы Растовай… Ды і ці толькі гэта?! Эрудыт яна была – якіх не знойдзеш. Нават заданне на лета па літаратуры ператварала ў самую што ні на ёсць цудоўную рэкламу. Складаны Андрэй Платонаў станавіўся зразумелым і даступным.
Вытрыманая, тактоўная, разважлівая, спагадлівая, сапраўдны класічны інтэлігент – такой засталася ў памяці Святлана Сяргееўна».
Таццяна Міхайлаўна
Мананнікава
«Святлана Сяргееўна Кніга застанецца ў маёй памяці чалавекам светлым, вялікадушным, спагадлівым і высокакваліфікаваным спецыялістам».
«Святлана Сяргееўна Кніга вучыла маю дачку (Прым. аўтара), таму бяру на сябе адказ-
насць сказаць добрае слова ад імя ўсіх бацькоў. Адно тое, што развітацца з настаўніцай прыйшло нямала матуль былых яе вучняў, гаворыць само за сябе.
Яна бачыла ў дзецях самае лепшае, не акцэнтавала ўвагі на дрэнным. Радавалася поспехам сама і прасіла бацькоў развіваць схільнасць іх дзяцей да творчасці, да аналізу і г.д.».
Нішто і ніхто не знікае бясследна. Заўсёды застаецца тонкая нітачка, якая звязвае кожнае папярэдняе пакаленне з наступным. І яна не павінна перарывацца, гэтая нітачка, нават калі кола захаваўшых яе людзей звужаецца. Давайце захоўваць памяць, множыць дабро на зямлі!
Яніна ШМАТКО
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в наших Telegram-канале, MAX. Подписывайтесь по ссылке!





















