Версия для слабовидящих

53 гады – у медыцыне. Прафесійны і жыццёвы шлях урача Канстанціна Цюхая

6 марта 2025
Просмотры: 1080

53 гады – у медыцыне. Прафесійны і жыццёвы шлях урача Канстанціна Цюхая

53 гады працуе хірургам урач 1-й катэгорыі К.К.Цюхай, з іх 37 – у Зэльвенскай раённай бальніцы. У пачатку сакавіка ў Канстанціна Канстанцінавіча – юбілей. Добрая нагода, каб расказаць пра выдатнага спецыяліста і цудоўнага чалавека.

Равеснік Вялікай Перамогі

Канстанцін Канстанцінавіч – равеснік Вялікай Перамогі. Ён жа – і яе сірата: бацька Канстанцін Паўлавіч загінуў ва Усходняй Прусіі за 2 месяцы да нараджэння адзінага свайго прадаўжальніка роду. Селянін з бераставіцкай зямлі быў прызваны ў дзеючую армію неўзабаве пасля вызвалення Гродзеншчыны ад фашысцкай навалы. Знаў, што ў іх з жонкай Соф’яй Мікалаеўнай будзе дзіця, але зведаць радасць бацькоўства яму не было суджана…

Гады дзяцінства Косці, як і яго равеснікаў, былі нялёгкімі і трывожнымі. Насычаная мінамі і снарадамі зямля нярэдка забірала цікаўных хлопчыкаў у маладых бацькоў, павялічваючы і без таго іх нязмернае гора. Соф’ю Мікалаеўну, дзякуй Богу, абышло яшчэ адно гора, 
і яны з сынам жылі ў любові і згодзе, спадзеючыся на трывалы мір у свеце.

Хлопец рос кемлівым, працавітым, вялікім ахвотнікам да ведаў. У вёсцы Петрашэвічы атрымаў сямігадовую адукацыю, а ў Малой Бераставіцы – сярэднюю. У тыя гады перавагу пры паступленні ў ВНУ аддавалі тым абітурыентам, хто меў двухгадовы працоўны стаж. Канстанцін не хаваў ад мамы свой намер стаць урачом. Гэта азначала, што вучыцца трэба будзе на стацыянары. 

І Соф’я Мікалаеўна не пярэчыла сыну, не патрабавала, каб выбраў другую спецыяльнасць і мог вучыцца завочна.

Працуючы да паступлення ў медінстытут у школе, Канстанцін зберагаў кожную капейку, каб набыць самае неабходнае ў першы год студэнцтва. А што ён абавязкова стане студэнтам, не сумняваўся: веды па прадметах, неабходныя для паступлення, былі трывалымі. 

І ў 1965 годзе юнак становіцца першакурснікам Гродзенскага медінстытута. Кожныя летнія канікулы спяшаўся да матулі, каб нарыхтаваць дроў на зіму, корм для каровы, таму ў студатрады не ўліваўся. Гады напружанай вучобы і працы імчаліся хутка. У 1971 годзе закончыў медінстытут, а інтэрнатуру праходзіў у Салігорскай раённай бальніцы.

Сталенне

У жніўні 1972-га малады хірург Канстанцін Канстанцінавіч Цюхай прыехаў на працу ў Любанскую раённую бальніцу. Ён лічыць, што яму ў жыцці вельмі пашанцавала: і ў Салігорску, і ў Любані калегі і загадчыкі аддзяленняў былі высокакваліфікаванымі спецыялістамі, змаглі даць вельмі шмат пачынаючаму хірургу. 

Асабліва ўдзячны загадчыцы хірургічнага аддзялення Любанскай раённай бальніцы Раісе Емяльянаўне Хахулінай. Яна заўсёды была побач у складаных сітуацыях. 16 гадоў у Любані – гэта найтрывалы фундамент прафесійнага сталення. Гэта былі яшчэ гады існавання СССР, курсы ўдасканалення ўрачы праходзілі ў самых прэстыжных цэнтрах. К.К.Цюхаю ўдалося слухаць лекцыі знакамітых вучоных у Маскве і Ленінградзе, прысутнічаць пры складанейшых аперацыях, у тым ліку пры траўмах галавы.

Выпрабаванне Чарнобылем
 

Канстанцін Цюхай быў адным са шматлікай арміі ўрачоў, якія аказвалі дапамогу людзям у першыя, самыя страшныя месяцы аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У недалёкіх ад Прыпяці Хойніках быў абсталяваны шпіталь для пацярпелых, дзе аказвалася першая неадкладная дапамога. Цяжкіх хворых накіроўвалі ў Калінкавічы або Гомель. У Хойніках зладажана працавалі ў асноўным хірургі і тэрапеўты, іншыя спецыялісты тут практычна не былі запатрабаваны. Тыя паўтара месяца пакінулі след у сэрцы на ўсё жыццё. Як пісаў паэт-гамяльчанін Анатоль Грачанікаў:

Ах, Чарнобыль, Чарнобыль, Чарнобыль, 
Неславутая ў свеце АЭС, 
Ты ў свае праглынула вантробы 
Наша поле, і рэчку, і лес…

“Калі б толькі гэта, – кажа Канстанцін Канстанцінавіч, – а колькі жыццяў праглынула радыяцыя…”.

У камандзе Кулікова

У Зэльву Канстанцін Канстанцінавіч з сям’ёй пераехаў у 1988 годзе. З першых дзён стаў раўнапраўным членам вопытнай і дружнай каманды зэльвенскіх хірургаў на чале з Міхаілам Дзмітрыевічам Куліковым. Аперыравалі шмат: выдаленне жоўцевага пузыра, прабадная язва, прастата, грыжа, апендыцыт… Планавыя, экстранныя аперацыі – не злічыць, колькі іх было за дзясяткі гадоў актыўнай аперацыйнай работы. Насельніцтва раёна ў тыя гады было яшчэ шматлікае, на адсутнасць працы не паскардзішся. Ды і калі яе няма ў медыкаў?! 

Ва ўмовах раённай бальніцы ўрачам нярэдка даводзіцца замяняць адзін аднаго, таму ўдасканальваць веды ў сумежных галінах прафесіі проста неабходна. Канстанцін Канстанцінавіч ніколі не адмаўляецца павышаць веды на курсах. Лічыць, што яму вельмі многа далі курсы па дэрматалогіі, уралогіі, флебалогіі (навука аб захворваннях венаў). Асабліва дапамагае ўсебаковая прафесійная адукацыя ў час начных выклікаў, калі параіцца няма з кім, а тэрміновую дапамогу трэба аказваць, як зараз кажуць, “здесь и сейчас”. Правільна пастаўлены дыягназ – гэта ўжо палова поспеху. Зараз, калі ствараюцца міжраённыя цэнтры (Ваўкавыск, Ліда, Астравец), ад дзеянняў тых, хто першым атрымаў сігнал трывогі, залежыць далейшы лёс пацыента.

Расказваюць калегі


Іван Міхнайць:

Калі я працаваў памочнікам галоўнага ўрача, даводзілася часта кантактаваць з Канстанцінам Канстанцінавічам. Адразу скажу: працаваць з ім было лёгка. Ён на дзіва тактоўны доктар, у складаных выпадках заўсёды прыслухоўваўся да парад іншых, ніколі не лічыў сябе адзіна правым, гэткім “усяведам”, хоць сапраўды з’яўляецца ўсебакова падрыхтаваным спецыялістам.

Наталля Дунецкая:

Канстанцін Канстанцінавіч – вельмі адказны чалавек, інтэлігентны, вытрыманы. У які б час ночы ні выклікалі мы яго на экстранную дапамогу, заўсёды з’явіцца падцягнуты, акуратны, спакойны. Ніколі не выказвае свайго незадавальнення: работа для яго – святое.

Ванда Ільяшэвіч:

Наш Канстанцін Канстанцінавіч  – усебакова адораны ўрач, ніколі не перастае вучыцца. Можа замяніць некалькі ўрачоў вузкай спецыялізацыі, бо рэгулярна павышае сваю кваліфікацыю на курсах. Ён аказваў і аказвае дапамогу лю- дзям з праблемамі скуры, дыягнастуе і лечыць захворванні венаў, незаменны лекар пры ўралагічных хваробах. Правёў безліч аперацый на грыжу, апендыцыт, прастату… Зараз ужо мы забыліся пра такія званні, як “Ударнік пяцігодкі”, “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва” і г.д., а такіх знакаў пашаны ў майго калегі некалькі. Не кажу ўжо пра ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы рознага ўзроўню.

Святлана Патаповіч:

Як медсястра-анестэзіст, я не раз прымала ўдзел у аперацыях, якія праводзіў Канстанцін Канстанцінавіч. Гранічна сканцэнтраваны на маючай адбыцца аперацыі, без мітусні і крыку, спакойна рыхтаваўся сам і нам даваў канкрэтныя заданні, прадугледжваў усё, што магло спатрэбіцца ў непрадбачаных выпадках. Вельмі кваліфікаваны доктар, інтэлігентны чалавек.

Згадваюць пацыенты
 

Алена Кароза:

Мне з маімі, мякка кажучы, немалымі праблемамі са здароўем даводзіцца звяртацца да розных урачоў. Некалькі разоў дапамагаў і Канстанцін Канстанцінавіч. Памятаю, як адзін раз мяне такі боль скаваў, што не змагла нават верхняе адзенне зняць. Заходжу і кажу: магчыма, не па тым адрасе, але прашу дапамагчы. Доктар усміхнуўся і адказаў: адрас будзем шукаць потым, а зараз расказвайце… І не адправіў мяне нікуды, сам дапамог. А быў выпадак, калі Канстанцін Канстанцінавіч засумняваўся ў правільнасці пастаўленага мне дыягназу ў абласной паліклініцы і гэтым дапамог хутчэй справіцца з вялікай праблемай. Я вельмі ўдзячна яму!

Святлана Літвінчык:

Не сакрэт, што ад урача мы чакаем не толькі якаснага лячэння, але і спагадлівага слова. Як філолаг, я гэта асабліва разумею. Таму ўдвайне ўдзячна Канстанціну Канстанцінавічу за яго чулыя адносіны да пацыентаў. Мне, напрыклад, ён наказваў не адчайвацца ў маёй цяжкай сітуацыі, а лячыцца і маім хобі – вершамі. Мне было прыемна, што ён чытае ў “раёнцы” мае вершы, разумее іх неабходнасць для мяне самой. Пасля такіх цёплых размоў з доктарам і сапраўды хутчэй папраўляешся.

Справы сямейныя

У Канстанціна Канстанцінавіча і Таісы Уладзіміраўны (дарэчы, таксама ўрача) двое дзяцей і чацвёра ўнукаў. Дзеці не пайшлі ў медыцыну, закончылі гуманітарныя факультэты Гродзенскага ўніверсітэта. Магчыма, малодшае пакаленне будзе пераймаць вопыт дзядулі і бабулі. Ва ўсякім выпадку адзін старэйшы ўнук працуе фельчарам, а двое малодшых яшчэ не зрабілі свой выбар. 

Гадуючыся без бацькі, Канстанцін Цюхай з малога разумеў, як патрэбны ў сям’і мужчына: апякун, абаронца, гаспадар. Яго дзеці і ўнукі атрымліваюць тое, што ў самога адабрала вайна. Карыстаючыся сучаснымі магчымасцямі, дачка Алена адшукала месца пахавання бацькі Канстанціна Канстанцінавіча. Спадзяецца, што не толькі яна з дзецьмі паклоніцца магіле дзядулі, але і сын…

Карыстаючыся выпадкам, калегі Канстанціна Канстанцінавіча сардэчна віншуюць яго з юбілеем, жадаюць, каб і надалей ён быў такім актыўным, бадзёрым, здаровым, як зіма, вясёлым, як вясна, рабочым, як лета, багатым, як восень!

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!