Няпросты лёс простай жанчыны з Зэльвы

Людміла Аляксееўна Шышко – з тых жанчын, якія паспяховыя ўсюды: на рабоце, у сям’і, у грамадскім жыцці. А яшчэ яна – сувязная між мінулым нашага краю і сённяшнім часам. Дзіця вайны беражэ памяць і пра блізкіх загінуўшых, і пра землякоў.

Незагойная рана

Калі загінуў на вайне бацька Людмілы, яна была зусім маленькай. Ведае пра яго толькі тое, аб чым расказала мама, Ганна Рыгораўна. Увесь час надакучвала матулі, каб тая згадвала ўсё-ўсё пра дарагога ім абоім чалавека. Быў Аляксей Галактыёнавіч нетутэйшы: у першыя дні вайны трапіў у палон, з якога ўдалося ўцячы якраз каля Зблян. Пакуль не арганізаваліся партызанскія атрады ў бліжэйшых лясах, жыў у вёсцы. Быў майстрам на ўсе рукі, таму без хлеба не сядзеў, дапамагаючы гаспадарам. Калі наязджалі немцы, людзі хавалі яго ў склепах ці на гарышчы. Хутка ён ведаў усіх жыхароў невялікай вёскі. Звярнуў увагу і на маму Людмілы, якая ў першыя дні вайны страціла адразу мужа і сына, і жыла як у сне: больш ля магілы дарагіх людзей, чым у хаце. Ішоў час, Аляксей усё часцей – як бы выпадкова –  сустракаў Ганну каля магілы, суцяшаў. І вярнуў яе да жыцця. Дзесьці праз год яны пайшлі ў Азярніцу да святара, каб абвянчаў іх. Відаць, там і пазнаёміўся Аляксей з такімі ж, як сам, мужчынамі, што шукалі спосабаў барацьбы з ворагам. Так пачалося партызанскае жыццё. Было яно нядоўгім. Восенню 1943-га ў Бярэжках трапіў у засаду, там быў забіты, там і пахаваны.

Вось так у Ганны Рыгораўны, а затым і падросшай Людмілы з’явіўся абавязак догляду за двумя магіламі.

Людміла – вучаніца і студэнтка

Вучоба заўсёды давалася Людміле лёгка: і ў пачатковай школе ў Лаўрыновічах, і ў сярэдняй – у Зэльве. Памятае ўсіх настаўнікаў, асабліва ўдзячна А.Д.Калеснікаву, В.М.Міхельсон, М.С.Каралёвай, Т.І.Чэбярака, І.С.Тукальскай, І.Я.Палякову. Прызнаецца, што як пабачыць у Зэльве Ірыну Станіславаўну Тукальскую ці Валянціну Уладзіміраўну Сцяцко, быццам назад у школьныя гады вяртаецца.

Без праблем стала студэнткай фізмата Гродзенскага педінстытута. Выкладчыкі не раз ставілі яе ў прыклад іншым студэнтам – настолькі адказна адносілася яна да лекцый, цвёрда засвойвала матэрыял, умела прапанаваць не адзін варыянт рашэння фізічных ці матэматычных задач. Адзін з выкладчыкаў казаў: “У цябе, Людміла, не жаночы розум, табе трэба было хлопцам нарадзіцца” Прапаноўваў падумаць аб паступленні ў аспірантуру. Але як магла Людміла кінуць адну маму? Яна і так адчувала сябе вінаватай, што не пайшла ў калгас, каб быць побач з матуляй, а кінулася ў навуку.

Больш Людміла любіла фізіку, марыла і выкладаць яе ў школе. Практыку ў роднай школе як фізік праходзіла. Ды толькі лёс склаўся па-іншаму.

Першакласны выкладчык матэматыкі

У Зэльвенскім РАНА на маладую выпускніцу фізмата былі свае планы: патрабаваўся матэматык у Зэльвенскую школу-інтэрнат. І з 1967-га па 2000-ы гады Людміла Аляксееўна – цэлых 33 гады! – навучала дзяцей у школе, што мяняла назвы, але захоўвала асноўны накірунак: навучаць і аздараўляць дзяцей.

Свой першы ўкрок у класе, дзе было 47 вучняў, з якіх 30 – хлопчыкі – памятае і да сённяшняга дня. Як не спалохалася, не ўцякла – сама не ведае. “Маладая, адвага дапамагла, – усміхаецца. – Ды і сама па натуры была як хлапчук, мама не паспявала латаць на мне сукенку”. Вельмі ўдзячна адміністрацыі школы – У.І.Канецкаму і З.І.Каменевай, – што не з “разгрому” яе першых урокаў аналіз пачалі, а з мудрай падказкі. Прадмет яна ведала (хай трохі менш, як фізіку), так што справы хутка наладзіліся. А дзяцей, як жартуе дачка Вольга, – яшчэ болей за родных любіла.

Дзеці цягнуліся да яе, асабліва сіроты. Адна з дзяўчынак, што не мела куды ехаць на канікулах, заўсёды адпачывала ў доме Людмілы Аляксееўны, з яе дзецьмі. Была яе трэцім родным дзіцём. Нядзіўна, што і праз шмат гадоў многія навучэнцы школы пісалі Людміле Аляксееўне віншавальныя паштоўкі, пісьмы, а то і бандэролькі з ласункамі адпраўлялі. У яе захавалася некалькі пісьмаў той пары. Вучыўся ў школе ўсеагульны любімец, сірата Стас Наумчык. З дзяцінства марыў хлопец стаць лётчыкам, вучыў нямецкую і англійскую мовы, паглыбляў веды па матэматыцы і фізіцы. Ён пісаў любімай настаўніцы: “Закончыў вучылішча, па размеркаванні трапіў у Талін, дзе лятаю другім пілотам на ТУ-134”А”. Работа мне падабаецца. Значыць, у сваёй дзіцячай мары не памыліўся”. Напісаў свой адрас і запрашаў настаўніцу ў госці.

Другі карэспандэнт Людмілы Аляксееўны, вялікі акураціст Андрэй Мазайла, на яе пытанне, які ён зараз – дарослы чалавек, салдат, – адказваў: Сёе-тое я за гэтыя гады набыў. Трохі стаў, здаецца, разбірацца ў жыцці. Прыглядваюся да людзей, каб разабрацца ў чалавечых адносінах. І ўсё гэта – у асноўным у арміі, дзе давялося сутыкаццца з рознымі людзьмі”. Трапіўшы ў Афганістан, хлопец не перапыняе перапіскі, бо па пісьмах настаўніцы адчувае, як хвалюецца яна за яго жыццё…

За гады працы ў санаторнай школе-інтэрнаце ў Людмілы Шышко было некалькі выпускаў. І сёння, праз шмат гадоў, яна памятае кожнага выпускніка. Толькі зэльвенцаў (з самога пасёлка і раёна) налічыла каля пяцідзесяці чалавек. А былі ж з розных рэгіёнаў вобласці, як тыя ж самыя Стас Наумчык ды Андрэй Мазайла. Пры абыякавых адносінах да дзяцей такой памяці не было б.

…Са школьнай і інстытуцкай пары ведаем: не кожны настаўнік-эрудыт можа даходліва данесці да іншых свой багаж. Людміла Аляксееўна магла. Як успамінаюць яе былыя вучні-зэльвенцы, з якімі ўдалося сустрэцца і пагутарыць (Ірына Маняк-Глушэня, Соф’я Пастэрнак, Сяргей Хмылка, Ірына Панканіна-Раманчык, Наталля Малчун-Лях), – настаўніца так ясна і даступна тлумачыла самыя складаныя рэчы, што ўсё адкладвалася ў памяці, і знікаў страх перад палохаўшай многіх матэматыкай. Для тых, каму матэматыка магла спатрэбіцца пры паступленні ў тэхнікум ці інстытут, Людміла Аляксееўна падрыхтавала цэлы даведнік. У тых умовах, калі не было множальнай тэхнікі, яна з падручнікаў (усіх, пачынаючы з 5-га класа і па апошні) выпісала ўсё, што патрабавалася пры паступленні. Уяўляеце, колькі часу спатрэбілася ёй на гэта? А яна толькі радавалася, калі сшытак хадзіў па руках і дапамагаў абітурыентам (як, напрыклад, будучай настаўніцы матэматыкі Вользе Сачок ці будучаму ваеннаму медыку Сяргею Міско). Жыхарка Гродна, былая навучэнка санаторнай школы Наталля Валько, увогуле лічыць, што педагагічная дзейнасць Людмілы Аляксееўны заслугоўвае самай высокай ацэнкі. Калі б яна ўдзельнічала ў розных прафесійных конкурсах, то магла б заўсёды атрымліваць Гран-Пры.

Выхавальніца дзяцей і ўнукаў. Сваіх

У Людмілы Аляксееўны з мужам двое таленавітых дзяцей. Яны бязмежна ўдзячны, што нарадзіліся ў сям’і, дзе валадарылі гены творцаў і гены дабрыні. Тыя гены ад дзядоў, бабуль, дзядзькаў і цётак растварыліся ў іх, Вользе і Аляксею, і яны рэалізуюць тое, што не змаглі ўвасобіць у жыццё іх менш шчаслівыя продкі.

“Род па маме – гэта дзядзька Аляксандр Дзмітрук, што скончыў у 1939 г. Слонімскую гімназію, ведаў некалькі моваў, цудоўна маляваў. Дзед, мамін бацька, – вялікі майстар па вырабу розных бытавых рэчаў і дзіцячых цацак. “Сама мама магла б стаць мастаком-прафесіяналам, калі б паступіла не на фізмат, а, як ёй раілі, на мастацка-графічнае аддзяленне ў Віцебскі педінстытут”, – кажа Аляксей, сын Людмілы Аляксееўны. А дачка Вольга дадае: “Род бацькі таксама нямала нам вартаснага перадаў. І бабуля нядрэнна малявала, і тата сябраваў з карандашом”.

Вольга – нязменны афарміцель любой установы, дзе б ні працаваа. Яна – таленавіты паэт і музыка. Да 750-гадовага юбілею Зэльвы напісала не толькі тэкст, але і музыку да гімна. Жартоўны верш Вольгі да Ганненскага кірмашу работнікі раённай бібліятэкі як самаробную кнігу прэзентавалі ў Шчучыне на Дні пісьменства і друку. А як цудоўна Вольга спявае!

Аляксей закончыў Беларускую Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “дызайнер”. Ён – член саюза дызайнераў, працуе ў кампаніі VDS (аб’ёмнага дызайна). Кампанія супрацоўнічае з Газпрамам, Лукойлам, Раснафтай, Беларуснафтай, гандлёвкай сеткай ГІПА. Работы Аляксея Шышко (аўтазаправачныя комплексы ў Мінску, комплексы AERO ў С.-Пецярбургу, “Варшаўскі мост” у Брэсце і г.д.) – лёгкія, дынамічныя, густоўныя. Дызайнер працуе з найсучаснейшымі тэхналогіямі і матэрыяламі, таму яго работы ведаюць у многіх краінах свету.

Даць Зэльвеншчыне і Беларусі такіх таленавітых дзяцей – гэта ўжо адно вартае, каб імя Людмілы Аляксееўны Шышко стала гонарам нашага раёна. А яна дае імпульс творчасці яшчэ ўнукам ды праўнукам. Унукаў у Шышкоў чацвёра і трое праўнукаў. Хоць большасць з іх жыве далекавата ад Зэльвы – у Мінску ды Баранавічах – але ў бабулі яны частыя госці. “Аддаю ўнукам ды праўнукам тое, чаго не паспявала з-за вечнай занятасці на працы даць сваім дзецям, – гаворыць шчаслівая бабуля. – Не забываю і пра матэматыку”.

Бяссрэбраніца

Талент траўніцы-бабулі перадаўся і маме Людмілы Аляксееўны, і ёй самой. А калі яшчэ дадаць прафесійныя веды медыцынскай сястры, атрыманыя ў інстытуце, то не дзіўна, што жанчына непераўзыйдзены аўтарытэт для суседзяў і знаёмых у справе побытавай медыцыны. Каля хаты садзіць лекавыя расліны, шмат чаго збірае ў лесе. І шчодра дзеліцца ўсім з жыхарамі Зэльвы. І не толькі травамі. Вясной – расаду памідораў ці перцаў прапануе, восенню – гатовыя агуркі, буракі, моркву ці памідоры. Суседзі так і клічуць яе – агародніца. Не раз кажуць: “Навошта столькі ўсяго садзіш, Аляксееўна, калі больш людзям аддаеш, чым сама спажываеш?” А яна ў адказ : “Няхай добрыя людзі спажывуць, дзякуй мне скажуць. Шкада, калі зямля каля хаты пустуе”.

І так ва ўсім. Яшчэ калі працавала ў школе, заўсёды дапамагала калегам афармляць іх кабінеты. “Толькі, – прызнаецца, – не казала, што трохі рыфмаваць магу, бо не хапіла б часу на ўсё. Гэтую місію выконвала ў нас Ніна Міхайлаўна Поршнева”.

Актывістка

Сярод узнагарод Людмілы Аляксееўны за працоўныя поспехі (граматы школы, РАНА,  аблана і нават – па выніках атэстацыі 1986 года – Міністэрства асветы БССР) ёсць і больш сціплыя: ад райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі, раённай бібліятэкі, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённага савета ветэранаў. У бібліятэцы яна не толькі актыўны чытач, але і ўдзельнік масавых мерапрыемстваў. Як член літаратурнага аб’яднання “Зоры над Зальвянкай” пры газеце “Праца” Людміла Аляксееўна ніколі не адмаўляецца выступіць перад маладой аўдыторыяй, падзяліцца ўспамінамі. Ёй ёсць што ўспомніць – сувязной між эпохамі і пакаленнямі.

Некалькі разоў прымала Людміла Аляксееўна ўдзел у конкурсах, якія аб’яўляліся райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі “Поэзия – души движение”, нядаўна была адной з самых актыўных удзельніц курса “Стоп, дэменцыя!”. Часта ўдзельнічае ў пасяджэннях літаратурнага клуба “Малюся Слову” ЦСАН.

Гледзячы на гэтую рухавую мілую жанчыну, што спяшыць на веласіпедзе са сваёй ускраіннай вуліцы ў цэнтр пасёлка, нізавошта не падумаеш, што яна – равесніца вобласці. З Днём 8 Сакавіка Вас, Людміла Аляксееўна! Здароўя і аптымізму яшчэ на доўгія гады.

Яніна Шматко

Вам может быть интересно

Комментарии отключены