Новыя падыходы ў выхаванні дашкалят у ДЦРД №1 г.п. Зэльва

Ранні ўзрост спрыяльны для сэнсарнага выхавання, без якога немагчыма нармальна ўспрымаць навакольны свет і ўласцівасці прадметаў: іх форму, колер, велічыню, становішча ў прасторы, пах і смак.

Працуючы год з групай ранняга ўзросту дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 г.п. Зэльва, мне цяжка пераацаніць значэнне сэнсарнага развіцця. Менавіта малышам трэба ўдасканальваць дзейнасць органаў пачуццяў, назапашваць уяўленні аб наваколлі. Своечасовае сэнсарнае выхаванне – галоўная ўмова пазнавальнага развіцця, хуткай арыентоўкі ў зменлівым асяроддзі, эмацыйнай спагадлівасці, здольнасці ўспрымаць прыгажосць. Хуткае ўключэнне сэнсарных сістэм гарантуе паўнавартаснае жыццё.

Вялікае значэнне мае правільна створанае прадметна-развіваючае асяроддзе. Усе дзеці розныя, кожны мае права на ўласны шлях згодна з індывідуальнымі інтарэсамі, схільнасцямі і патрэбамі. Таму я арганізую асяроддзе так, каб забяспечыць свабоду выбару. Летам большасць дзейнасці праходзіць на свежым паветры. Таму дзеці маюць свабодны доступ да цацак і матэрыялаў не толькі ў групе, але і на пляцоўцы. Там іх чакаюць героі любімых мультфільмаў – Фіксікі. У гульнявых кутках падабраны сэнсарны матэрыял і цацкі, якія замацоўваюць арыентоўку ў фарбах, геаметрыі прадметаў, развіваюць дробную маторыку рук. Гарманічнасць спалучэння разнастайных формаў, памераў, фактур, колераў, натуральныя якасці прыродных матэрыялаў дазваляюць дзецям адчуць нешта новае і ствараюць асаблівы эмацыянальны настрой.

Асяроддзе для сэнсарнага развіцця мусіць змяшчаць разнастайны і даступны дыдактычны матэрыял у поле зроку дзiцяцi. Патрэбна перыядычна змяняць гульні і дапаможнікі. Іх поліфункцыянальнасць дазволіць выкарыстоўваць у розных відах актыўнасці: напрыклад, атрыбуты адной сюжэтнай гульні па жаданні дзяцей становяцца прадметамі-намеснікамі для сюжэту іншай. Аднымі і тымі ж дапаможнікамі развіваюць сэнсарна-маторныя, маўленчыя, доследна-пошукавыя навыкі. А трансфарміруемасць дае магчымасць змяняць асяроддзе, каб вынесці на першы план пэўную функцыю прасторы. Акрамя таго, усе элементы павінны быць надзейнымі і бяспечнымі.

Прадметна-развіваючае асяроддзе па сэнсарнаму выхаванню я разглядаю як пошукавае поле дзіцяці, у якім яно ставіць ўласныя мэты, выбірае сродкі і спосабы іх дасягнення, робіць высновы і адкрыцці. Значную ролю ў сэнсарным выхаванні маёй групы я адводжу развіваючым гульням. Менавіта ў іх выяўляецца асоба, задавальняюцца інтэлектуальныя і эмацыйныя патрэбы, складваецца характар. Для развіцця дробнай маторыкі рук маюцца як спецыяльныя цацкі (укладышы, пірамідкі, матрошкі, шнуроўкі), так і створаныя сваімі рукамі з розных матэрыялаў. Сэнсаматорны куток даступны для самастойнай дзейнасці малых. Усе гульні размешчаны на падносах, сталах. Выхаванцы любяць выкладваць узор з мазаікі; праяўляюць настойлівасць; актыўна ўключаюць у зносіны мову; звяртаюцца з пытаннямі і просьбамі; разумеюць дарослых, імкнуцца да зносін з імі і актыўна пераймаюць рухі і дзеянні, прайграваюць іх; ведаюць назвы навакольных прадметаў і цацак.

Ва ўмовах прадметна-развіццёвага асяроддзя дзіця спазнае ўласцівасці, якасці, прызначэнне прадметаў, авалодвае сацыяльнымі зносінамі, у тым ліку ўсталяваннем кантактаў з аднагодкамі. Створанае асяроддзе выклікае ў дзяцей радасць, станоўчыя адносіны да ўстановы дашкольнай адукацыі, жаданне наведваць яе, узбагачае ўражаннямі, падахвочвае да творчасці, спрыяе інтэлектуальнаму развіццю. Дзеці сталі больш цікаўнымі і дапытлівымі.

Таісія КІСЛАЯ


Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены