Новае дыханне: якім быў Ганненскі кірмаш у 2001 годзе

1721 год – яркая старонка ў жыцці Зэльвенскага краю, якая сведчыць аб адкрыцці тут унікальнага па свайму значэнню Ганненскага кірмашу. Праз стагоддзі Зэльвеншчына палічыла сваім абавязкам адрадзіць традыцыю Ганненскага кірмашу, якому сёлета спаўняецца 300 гадоў.

«Новае дыханне» знакаміты кірмаш атрымаў у 2001 годзе, калі ў Зэльвенскім раёне вырашылі, што свята з магутнымі гістарычнымі карэннямі павінна стаць візітнай карткай Зэльвеншчыны – адным з самых масавых і жаданых для мясцовых жыхароў і гасцей. З году ў год арганізатары Ганненскага кірмашу надаюць яму новы каларыт, захоўваючы пры гэтым лепшыя традыцыі святкавання. Нагадаем нашым чытачам пра цікавыя падзеі мінулых гадоў.

Адкрываючы свята, удзельнікаў кірмашу, гасцей, жыхароў пасёлка і раёна на старажытнай, знакамітай культурнымі традыцыямі зэльвенскай зямлі шчыра вітаў страшыня раённага выканаўчага камітэта Л.У.Эльяшэвіч. Леанід Уладзіміравіч павіншаваў усіх з адкрыццём свята, спыніўся на яго асноўных гістарычных фактах, пажадаў усім добрых уражанняў, дзелавых пагадненняў і прыемнага адпачынку. Прытым выказаў надзею, што Ганненскі кірмаш у Зэльве стане адной з галоўных штогадовых падзей не толькі ў раёне, але і вобласці.

Па старадаўняй традыцыі, як і было ў тагачаснае адкрыццё кірмашу, пачаўся парад вынасу сцягоў з гербамі гарадоў – удзельнікаў свята. Князь Сапега ў гонар свята перадаў старшыні райвыканкама грамату як сімвал адраджэння і ўзнаўлення Ганненскага кірмашу ў Зэльве.

А кірмаш тым часам усё больш кіпеў, віраваў… Аматарам песень і танцаў была прадастаўлена магчымасць паглядзець выступленні выдатнейшых калектываў, гасцей свята з Навагрудка, Свіслачы, Бераставіцы, Слоніма, Шчучына, Мастоў, Ваўкавыска, Гродна.

З розных куточкаў Зэльвенскага раёна з’ехаліся на кірмаш народныя майстры і майстрыхі, каб прадэманстраваць свае, непараўнальныя ні з чым, ручныя вырабы. Нямала знайшлося жадаючых набыць іх. Цяжка было адарваць позірк ад вышыванак Марыі Масальскай з Кашалёў, Ліліі Шлык з Зэльвы, Ірыны Сачок з Тулава, ад рэчаў з саломкі Алены Лаўрыненкі з Зэльвы, Алены Бугай з Цяглевіч, Лідзіі Кіслай з Кашалёў, ад ткацкіх вырабаў Марыі Палубок з Каняўцоў, Леанарды Свістун з Ляхавіч, Марыі Махнач з Крывіч, Соф’і Булак з Вострава. Даспадобы прыйшліся зэльвенцам і гасцям кошыкі Івана Буцько з Крамяніцы, плеценыя карзіны Уладзіміра Аляксеева з Дзеркачоў і многія іншыя рукатворныя вырабы. Сярод ужо вопытных народных умельцаў было нямала і маладых. Выстава мастацкай творчасці знаёміла з работамі Марыі Харытончык, карцінамі мастакоў Максіма Чыжэўскага, Алы Дубатоўкі, Святланы Вярстак, Юрыя Бугая, Мікалая Мазыркі, Станіслава Казакевіча.

Тым, хто стаміўся, прапанавалі адпачыць у імправізаванай карчме або наведаць крамы з цікавымі назвамі, напрыклад, такімі, як «Шляхецкая зала», «У пані Вальбрынскай», «Рэчы для паненкі» ці завітаць у «Цырульню Іллініча», «Тэатр князя Сапегі».

Аматарам павесяліцца прапаноўвалі паўдзельнічаць у конкурсах прыпевачнікаў і шляхецкіх анекдотаў.

Шмат люду сабралася на пляцоўцы каля раённага Дома культуры, дзе праходзіла дэманстрацыя мадэляў трыкатажнай фабрыкі “Зальвянка”. А непадалёку праводзіліся цікавыя атракцыёны.

Вядома ж, не абышоўся Ганненскі кірмаш і без коней! Сваіх прыгожых буланых і вараных прывялі на кірмаш амаль усе гаспадаркі раёна . Асабліва ўсім спадабалася кабыла ўкраінскай пароды «Пальма», гаспадаром якой быў У.У.Перавалаў з калгаса «Караліно».

Захапіў гледачоў і парад конных павозак: кожная ўпрыгожана на свой густ і манер, па-шляхецку апранутыя гаспадары. Але перавага была аддадзена павозкам з калгасаў «Кастрычнік», «Светлы шлях» і «Рассвет». Шмат жадаючых было пракаціцца ў прыгожым возіку ці брычцы, а то і верхам на кані.

Шмат зацікаўленых сабралася на выступленне выхаванцаў конна-спартыўнай школы Лідскага раёна і рыцарскі турнір, прадстаўлены членамі клуба гістарычнай рэканструкцыі «Меч і воран» з Мінска.

А на плошчы гучала і гучала музыка. На сцэне адны мастацкія калектывы змянялі другія, пакуль не надышла пара князю Сапегу аб’явіць аб заканчэнні кірмашу. Пасля яго слоў «Няхай квітнее наша зямля і працвітае вялікі Ганненскі кірмаш!» неба над Зэльваю азарылася рознакаляровымі агнямі святочнага феерверку . Ганненскі кірмаш у Зэльве, безумоўна, атрымаў новае дыханне. Над яго адраджэннем папрацавала нямала людзей. Усе задумкі, ідэі, сцэнарый і пастаноўка належалі студэнтам Мінскага універсітэта культуры Ірыне Жук з Навагрудка, якая, дарэчы, была і вядучай свята, а таксама Андрэю Рындзе, нашаму земляку, ураджэнцу вёскі Дабрасельцы. Вялікую зацікаўленасць у свяце праявілі раённы выканаўчы камітэт і асабіста яго старшыня Л.У.Эльяшэвіч, а таксама ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама (начальнік Л.І.Кадзевіч). Спонсарскую дапамогу аказаў фермер М.Ф.Макей.

Падрыхтоўка і правядзенне свята ажыццяўлялася пад непасрэдным кіраўніцтвам аддзела культуры і яго загадчыцы Г.М.Раманчук і пры актыўным удзеле усіх работнікаў культуры раёна. Актыўны ўдзел у свяце прымалі і вучні зэльвенскіх школ. Вялікая заслуга ў агульнай справе і архітэктара раёна В.М.Юркевіча. Пад яго непасрэдным кантролем ажыццяўлялася ўзвядзенне святочнай сцэны як аднаго з асноўных аб’ектаў кірмашу.

Служба інфармацыі газеты «Праца»

Вам может быть интересно

Комментарии отключены