Ніла Сямёнчык: «Заслугі дачкі сталі маім пропускам на ўрачысты прыём у аблвыканкаме напярэдадні Дня маці»

Сярод запрошаных на святочную сустрэчу з губернатарам на Дзень маці была і наша зямлячка Н.І.Сямёнчык. Чаму такі высокі гонар выпаў менавіта ёй – у нашым аповедзе.

Ніла Іванаўна – з тых, хто спатрэбіўся там, дзе нарадзіўся. І не проста спатрэбіўся ў любімай справе, а праславіў яе, сябе і ўвесь наш раён. Бацькі Нілы Іванаўны – таксама зэльвенцы. Маленькая Ніла бегала ў дзіцячы садок №1, потым – у Зэльвенскую сярэднюю і, адначасова, музычную школы. Цягаценне да музыкі адчула вельмі рана. А музычны кіраўнік дзіцячага сада Уладзімір Сарокін дапамог развіцца яе таленту як спявачкі. Ужо тады яна была салісткай у хоры, выступала на ранішніках, нярэдка і на сцэне раённага Дома культуры.

У агульнаадукацыйнай школе шмат для дзяўчынкі зрабіла настаўніца музыкі В.У.Сцяцко, а ў музычнай – В.П.Казлоўскі, выдатны выкладчык і чалавек, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Усе яны дапамаглі вызначыцца з прафесіяй досыць рана, таму Ніла пасля атрымання базавай адукацыі стала навучэнкай Гродзенскага музычна-педагагічнага вучылішча. З вялікай цеплынёй успамінае гады вучобы. Было цяжка (акрамя прафесійных заняткаў яшчэ ж трэба было атрымліваць агульную сярэднюю адукацыю), але і вельмі цікава. Навучэнцы ўдзельнічалі ва ўсіх святочных канцэртах, і не толькі ў сваёй установе. Вельмі таленавітай і патрабавальнай была і педагог Нілы – Святлана Міхайлаўна Кузняцова.

Пасля вучылішча вярнулася ў родную Зэльву, пачала працаваць настаўніцай музыкі ў агульнаадукацыйнай школе. Старалася выявіць здольных да музыкі дзяцей, заахвочвала іх, вучыла правільна размяркоўваць час, каб паспяхова вучыцца і ў звычайнай, і музычнай школах. З таго часу помняцца старанныя Наташа Гарчычка, Валодзя Кукаловіч, Марына Грэль.
І сама настаўніца заўсёды адстойвала гонар школы на занальных конкурсах, была запявалай у настаўніцкім хоры, мела салідны рэпертуар як вакалістка.

Шчасліва выйшла замуж за такога ж таленавітага музыканта як і сама: Аляксандр Баляслававіч – выкладчык па класе баяна ў Зэльвенскай дзіцячай школе мастацтваў. Пасля першага дэкрэтнага адпачынку пайшла працаваць у дзіцячы садок №4, ды так і засталася там ужо на 22 гады. У сям’і музыкаў Сямёнчыкаў двое дзяцей – сын Павел і дачка Наталля. І абое без усялякіх намаганняў з боку бацькоў пайшлі па іх сцяжыне. “Іначай і быць не магло, – упэўнена Ніла Іванаўна, – яны жылі з музыкай яшчэ ў маім улонні. То я, то муж нешта рэпеціравалі, гукі музыкі былі для малечы такой жа арганічнай патрэбай, як паветра. Ды і цацак музычных у нас было нямала”.

Зусім звычайным было для дзяцей навучанне ігры на баяне – і тата, і мама баяністы. Спачатку Павел вучыўся ў таты ў музычнай школе. Але потым захапіўся фартэпіяннай музыкай, і настаўніцай хлопчыка стала Галіна Генадзьеўна Мельнікава. Пасля паспяхова вучыўся ў Гродзенскім музычным каледжы, заявіў пра сябе як вельмі таленавіты выканаўца самых складаных музычных твораў. Не раз быў пераможцам у розных конкурсах абласнога і рэспубліканскага маштабу. Зараз Павел заканчвае Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Факультэт у яго – кампазітарскі, так што, магчыма, у недалёкай будучыні з’яўленне на Зэльвеншчыне першага прафесійнага кампазірата. (Добра ведаючы пра кампазітарскія здольнасці бацькі хлопца, нічога дзіўнага няма, што менавіта гэтую прафесію абраў наследнік Аляксандра Баляслававіча).

Дачка Сямёнчыкаў не здрадзіла любімаму інструменту абоіх бацькоў: і ў Зэльве, і зараз у Гродзенскім музычным каледжы ўдасканальваецца як баяніст. У Наташы шмат перамог. Пачаліся яны адразу, як толькі спасцігла азы нялёгкай для дзіцяці ігры на габарытным інструменце. Тут выявілася не толькі спадчынная схільнасць да музыкі, але і вялікае працалюбства, упартасць. Бо, што ні кажы, толькі праграмнымі заняткамі ў музычным класе поспеху не дасягнеш. А калі адчула асалоду ад поспеху, тут ужо падключылася і такое зразумелае для юнага ўзросту жаданне быць сярод лепшых. І абсалютна неабходнае!

Як успамінае Ніла Іванаўна, Наташа з усіх шматлікіх конкурсаў, у якіх брала ўдзел, не вярталася без узнагарод. Спачатку з абласных і рэспубліканскіх, а потым і з міжнародных. Двойчы ўдзельнічала і перамагала ў вельмі прэстыжным рэспубліканскім аглядзе-конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя Жыновіча. Была адзначана Прэзідэнцкай стыпендыяй.

А першы для дзяўчынкі міжнародны конкурс праходзіў у Брэсце.
І адразу – 3-е месца. Такі ж поспех чакаў і ў наступным міжнародным конкурсе – у Гомелі. І сапраўдным трыумфам Наташы і яе педагога-бацькі стала перамога ў міжнародным конкурсе эстраднай акардэоннай музыкі ў Польшчы ў бягучым годзе.

Заслугі дачкі і сталі маім пропускам на ўрачысты прыём у аблвыканкаме напярэдадні Дня маці, – кажа Ніла Іванаўна.– Сярод запрошаных былі не толькі мнагадзетныя і прыёмныя матулі, але і такія, як я – маці паспяховых дзяцей. Вельмі цёпла віталі нас усіх, віншавалі, дарылі сувеніры, цудоўную музыку. Старшыня аблвыканкама У.В.Краўцоў расказаў, як шмат робіцца ў вобласці, каб нашы дзеці раслі ў спрыяльных умовах, каб маглі развіваць свае таленты з самага маленькага ўзросту. Заклікаў жанчын не баяцца мець вялікія сем’і, запэўніў: дзяржава заўсёды падтрымае.

Ніла Іванаўна, як музычны кіраўнік ясляў-сада №4, шмат робіць для развіцця музычных здольнасцей дзетак. Як калісьці яе музычны кіраўнік у садку У.Сарокін, так і яна клапоціцца аб раннім выяўленні здольнасцей да музыкі ў сваіх выхаванцаў. Дае парады і бацькам таленавітых дзетак, як не заглушыць парасткі здольнасцей,
а крок за крокам удасканальваць іх.

“Зараз я яшчэ не магу сказаць, каго з маіх маленькіх выхаванцаў чакае поспех у музыцы. Гэта залежыць і ад іх, і ад іх бацькоў, ды і ад іншых, часта непрадказальных жыццёвых сітуацый. Галоўнае – улюбіць у музыку, даць адчуць, якое гэта вялікае багацце для чалавека”, – лічыць Ніла Іванаўна.

Неацэнны ўклад Нілы Сямёнчык і ў творчыя дасягненні дарослага калектыву сада. Загадчыца ўстановы А.Ф.Шышлоўская цалкам давярае яе густу і таленту. Ніла Іванаўна і сцэнарый выступлення на раённай сцэне прыдумае, і вызначыць выканаўцаў, і адрэжысіруе выступленні, і, вядома, з’акампаніруе кожнаму. Удзел у масленіцы, Ганненскім кірмашы, штогадовых справаздачах калектываў – усюды з поспехам выступае садок №4. Бо душой яго творчага складу з’яўляецца таленавітая Ніла Іванаўна Сямёнчык, адна з чатырох членаў музычнай сям’і.

Яніна Шматко

Вам может быть интересно

Комментарии отключены