Неацэнныя ўрокі гісторыі. Круглы стол «Сіла народа – у адзінстве» прайшоў у раённым доме культуры і народнай творчасці

На круглы стол «Сіла народа – у адзінстве» ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці сабраліся прадстаўнікі розных грамадскіх арганізацый – РГА «Белая Русь», ГА «Беларускі саюз жанчын», прафсаюзных арганізацый, Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, а таксама работнікі ўстаноў культуры раёна. У зале прысутнічаў лектар рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства «Веды» Сяргей Грэсь.

З самага пачатку прыцягнуўшы ўвагу неабыякавай аўдыторыі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Сяргей Міхайлавіч данёс актуальную грамадска-палітычную, гісторыка-культурную інфармацыю па тэме «Аб’яднанне беларускага народа ў 1939 годзе як аб’ектыўны гістарычны працэс».

Як ён адзначыў, уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі – справядлівая для беларусаў і неабходная для разумення станаўлення суверэннай беларускай дзяржаўнасці падзея – адбылося пры вельмі складаных і супярэчлівых абставінах. У процівагу негатыўным стэрэатыпам, што склаліся апошнім часам у грамадстве ў дачыненні да знакавага для беларусаў года, прадстаўнік аб’яднання інфармацыйнай і грамадскай прасторы краіны пры асвятленні тэмы аперыраваў лічбамі, і прыведзеныя ім аргументы, яркая прэзентацыя матэрыялу далі дастаткова поўную карціну падзеі і яе перадгісторыі.

І сёння гістарычная памяць − лічыць выступоўца − магутны фактар кансалідацыі беларускага грамадства. Так, тэрытарыяльныя рамкі Беларусі практычна ранейшыя з канца 1939 года. Відавочны рост сацыяльна-эканамічных паказчыкаў Заходняй Беларусі ў канцы 1939-га, у 1940-ым гг. быў бы немагчымым без дапамогі ўсходніх абласцей БССР і ўсяго Савецкага Саюза. А з іншага боку, за 15 гадоў прамысловая вытворчасць новастворанай Беларускай ССР павялічылася ў 23 разы!

І сапраўды, дата 17 верасня як своеасаблівы мост паміж мінулым і будучыняй і надалей будзе напамінам пра тое, што адзінства − перш за ўсё згуртаванасць нацыі, захаванне ёю культурна-гістарычных традыцый і духоўна-маральных каштоўнасцяў.

Напрыканцы лектар выразіў агульнае меркаванне ўдзельнікаў сустрэчы: «Выступаючы адзіным фронтам, беларусы не проста аб’ядноўваюцца, а захоўваюць незалежнасць сваёй краіны. Гэта тая мэта, якой павінен прытрымлівацца кожны грамадзянін. Мы можам і павінны ўкладваць свае сілы ў далейшае развіццё Беларусі, яе дабрабыт. Галоўнае − рабіць усё разам, з любоўю і шчырай верай у пазітыўны вынік».

Меркаванне

Сяргей ГРЭСЬ:

У лёсе беларускага народа значыцца 17 верасня 1939 года − адметны дзень, які даў штуршок для будаўніцтва незалежнай беларускай дзяржавы.

Прычыну ўз’яднання народа Беларусі варта шукаць яшчэ ў 1921-ым, з падпісання Рыжскай мірнай дамовы. Набытыя Польшчай тэрыторыі Заходняй Беларусі («крэсы всходне») сталі аграрным прыдаткам да ўласных прамысловых раёнаў, крыніцай сыравіны і таннай рабочай сілы. Насельніцтва падвяргалася апалячванню, знішчалася любая нацыянальная культура і спробы яе аднаўлення. Напрыклад, калі ў 1927 легальна выдавалася 23 беларускія газеты і часопісы, то ў 1930-м – толькі 12, а ў 1932-м −  усяго 8.

Абвясціў жа 17 верасня (як бачым, невыпадкова) Днём вызвалення Заходняй Беларусі ад польскай буржуазіі і памешчыкаў Народны сход Заходняй Беларусі, які адбыўся 28-30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку. Дарэчы, у ліку 563 сялян, 197 рабочых, 12 прадстаўнікоў інтэлігенцыі, 29 служачых, 25 рамеснікаў на ім прысутнічаў і 68-гадовы дэпутат, селянін з в.Насевічы Ваўкавыскага павета Сцяпан Струг − ён і адкрыў форум.

Для сябе асабіста вызначаю адзінства як згуртаванне народа на карысць агульных інтарэсаў. Пакуль яно ёсць, мы заўсёды будзем рухацца па шляху стварэння.

Любоў ШЭЙКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены