Не забыў кiрмаш i пра Слова: зэльвенскiя паэты парадавалi чытачоў новымі творамі

Бібліятэкары Зэльвенскай бібліятэкі скарысталіся прыездам на Ганненскі кірмаш землякоў-паэтаў і папрасілі парадаваць чытачоў новымі творамі.

Ва ўтульнай зале бібліятэкі сабраліся творцы Уладзімір Мазго, Валянцін Семяняка, Ірына Войтка і Алена Кароза. Іх ужо чакалі тыя, хто без шкадавання пакінуў забавы каля млына, на плошчы ды на вуліцах пасёлка, каб у чарговы раз наталіцца Словам.

Вядучыя Вольга Камякевіч і Алена Жукоўская нагадалі пра творчыя здабыткі нашых землякоў і папрасілі падрабязней расказаць пра сябе, пра здзейсненае і задумы на будучае.

Уладзімір Мазго – часты госць у бібліятэцы і школах раёна. На Зэльвенскія сакавіны да пандэміі ён прывозіў шмат сваіх сяброў: пісьменнікаў, кампазітараў, спевакоў. “Спадзяюся, – сказаў Уладзімір Мінавіч, – што на наступны год мы зможам узнавіць сустрэчы, і Зэльву наведае яшчэ шмат новых творцаў. Гэта і для мяне вельмі важна. Пасля паездак у Зэльву мне добра пішацца: малая радзіма натхняе на новыя вершы для дзяцей і дарослых. Пішу і пра сам пасёлак, дзе нарадзіўся, і пра Бярэжкі, дзе жыў з бацькамі ў дзяцінстве і юнацтве, і пра іншыя вёскі, дзе давялося бываць, пра вадасховішча, пра дарагіх майму сэрцу людзей”.

Мы ўжо знаёмілі чытачоў “Працы” з апошнімі кнігамі Мазго: “Знічкі вечнасці” і “Хутка стану чэмпіёнам”. Вершы з іх і гучалі на сустрэчы, а самі зборнікі былі падараваны бібліятэцы. А яшчэ пра адну навінку выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі” распавёў Уладзімір Мінавіч – кнігу для настаўнікаў і вучняў пачатковых класаў “Сустрэча з пісьменнікам”. Тут змешчаны біяграфіі і творы дзяцячых пісьменнікаў Беларусі. Сярод іх, вядома, імя Мазго і, што вельмі для нас цікава, некалькі тых, хто быў госцем Зэльвенскіх сакавін. Гэта Генадзь Аўласенка, Анатоль Зэкаў, Мікола Маляўка, Міхась Пазнякоў, Мікола Чарняўскі і Уладзімір Ягоўдзік. Дапаможнік-хрэстаматыя, прыгожа аздоблены такімі знакамітымі мастакамі, як Павел Татарнікаў, Васіль Шаранговіч і іншымі, таксама ўпрыгожыць фонд бібліятэкі.

Валянцін Семяняка, хоць і стаў як парламентарый жыхаром сталіцы, па-ранейшаму лічыць сябе зэльвенцам. “Не разумею тых, хто адносіцца да родных вёсак як да “мядзвежага кутка”, – з горыччу сказаў ён. – Так, вёскі зараз малалюдныя, але з імі звязана столькі дарагіх успамінаў, што і ў думках не дазволіш зняважыць памяць пра іх. Для мяне Цяглевічы, дзе рос і мужнеў, – святое месца. Ды і іншыя вёскі, дзе працаваў і жыў, – таксама.

На пытанне, як прыходзіць натхненне і яго вынік – паэтычны радок, – Валянцін Міхайлавіч адказаў шчыра: “Гэтага нельга перадаць словамі. Напэўна, сам Усявышні водзіць тады тваёй рукой. І хоць я не лічу сябе паэтам, а як казаў некалі Эльдар Разанаў, тым, хто “затесался среди поэтов”, стараюся, каб тое, што дае Бог, апрацаваць так, каб не было сорамна перад чытачамі”.

Валянцін Міхайлавіч вельмі ўдзячны Уладзіміру Мазго, які не дае яму спачыну як паэту, падштурхоўвае да творчасці. “Уладзімір Мінавіч і мой зборнік “Зорка залатая” рэдагаваў, і рэцэнзію на яго ў “ЛіМ” напісаў, і рэкамендацыю ў Саюз пісьменнікаў Беларусі даваў”, – нагадаў Семяняка прысутным. Прагучала некалькі твораў, у тым ліку верш-роздум аб пандэміі, што так змяніла наша жыццё.

Ураджэнкі Караліна Ірына Войтка і Алена Кароза – юбіляркі гэтага года, і бібліятэкары спадзяюцца, што абавязкова ўбачаць іх у сценах установы яшчэ раз восенню. Ірына Антонаўна – нястомны прагандыст роднага слова. “Я 19 гадоў узначальвала беларускамоўны дзіцячы сад у Слоніме, – распавяла яна.

– Дзеткі нашы вельмі любілі размаўляць на роднай мове, вучылі на памяць вершы беларускіх пісьменнікаў. Усе нашы мерапрыемствы мы праводзілі толькі па-беларуску, гульні былі толькі беларускія. Спадзяюся, што выгадавалі сапраўдных патрыётаў Радзімы”.

Да Дня беларускага пісьменства, які праходзіў у Слоніме ў 2019 годзе, літаратурнае аб’яднанне імя Анатоля Іверса, якім кіруе Ірына Войтка, падрыхтавала альманах “Старонка”. У яго ўвайшлі творы 17-ці аўтараў, у тым ліку і ўраджэнцаў Зэльвеншчыны: Івана Сяргейчыка, Надзеі Салека і самой Ірыны Войтка. Ірына Антонаўны і склала зборнік, і прадмову да яго напісала. Некаторыя свае творы з альманаха прапанавала ўвазе слухачоў.

Алена Кароза згадала, як працавала над дыпломнай работай, прысвечанай гісторыі Зэльвы, калі заканчвала гістарычны факультэт БДУ. “Тады многія сумняваліся, ці змагу адолець гэтую тэму, бо вельмі мала што можна было знайсці ў друку пра нас: гэта быў канец 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Працавала ў дзяржаўных архівах Гродна, Зэльвенскага райвыканкама, з матэрыяламі “Працы” за 1971 – 1978 гг. і г.д. І вельмі рада, што здзейснілася мая мара, што цеплілася тады ў душы, і што адрадзіўся і завіраваў у нас Ганненскі кірмаш”.

Дарэчы, яшчэ адна мара Алены Станіславаўны, выказаная ў прачытаным вершы “Млын”, чакае свайго здзяйснення: стварэнне ў будынку старога млына гісторыка-краязнаўчага музея.

Хочацца верыць, што так яно і будзе: нездарма з нагоды 300-годдзя Ганненскага кірмашу так шырока выкарыстоўвалася пляцоўка каля млына.

Знаёмім чытачоў “Працы” з некалькімі творамі згаданых паэтаў, што прагучалі на сустрэчы.

Уладзімір Мазго

***

У вочы нам глядзіць
Абсяг, абраны лёсам,
Дзе зоркі дагадзіць
Стараюцца нябёсам.
Дзе вечнасць на зямлю,
Як шчодры дождж, ліецца.
Зямлю, што я люблю
Здавён душой і сэрцам.
Дзе кожны новы дзень
Надзею набліжае,
Што болей нам нідзе
Ніхто не пагражае.
Радзімы берагі
Спрыяюць чалавеку,
Як прашчураў багі,
Шануем што спрадвеку.
А хмара набяжыць –
Ёй сонейка не ўкрасці,
Дзе мы з табою жыць
Нязменна лічым шчасцем.


Валянцін Семяняка

МАЛІТВА

Памолімся шчыра да моцных нябёсаў,
Памолімся шчыра да лікаў святых!
За ўсё, што збылося і што адбылося,
Падзякуем Богу, браты!
За хлеб наш надзённы і клопат шодзённы,
За веліч і бляск купалоў залатых,
За спелыя нівы і буйныя пожні Падзякуем Богу, браты!
Каб зоры на небе і яснае сонца
Ніколі не згаслі пад цемрай слаты,
За нашых нябесных айцоў абаронцаў
Падзякуем Богу, браты!
Хай наша малітва над светам лунае!
Хай будзіць у сэрцах змярцвелых ю лбоў!
За Божую ласку, што межаў не знае,
Памолімся дружна ізноў!

Ірына Войтка

***

Наваколле… наваколле…
Гэта Бог паслаў праз поле
пехам путніка прайсці.
Каб убачыў сябе годна
ён на тым палетку родным,
каб пачуўся чалавекам,
што прызначана адвеку.
Каб ступіў шырокім крокам
па раллі сваёй высокай.
Грудзі поўныя паветра
удыхнуў зялёных нетраў.
I расправіў свае плечы
для вятроў сустрэчных сечы. …
Хоць аднойчы ў наваколлі перайдзі праз свае поле!

Алена Кароза

ЦУДАТВОРНАЯ ВІЛЬГАЦЬ ЗЯМЛІ

Не цурайцеся, людзі, сваёй мовы роднае,
Не адракайцеся вы ад яе.
На ёй на буслянцы наш бусел клякоча.
На ёй і салоўка у садзе пяе.
На ёй васілёчкі шапочуць у жыце,
І ў лузе над кветкай гудуць матылі.
Яна нашых сэрцаў і душаў пажытак,
Яна – цудатворная вільгаць зямлі.
На ёй каласочак жытнёвы гаворыць,
Як кліча аратага жніва пачаць.
На ёй першакласнік склаў першае слова,
Калі пачынаў ён буквар свой чытаць.
Яна ад калыскі да ўздыху апошняга
На вуснах, у думках, ў кнігарні, ў душы.
Яна мілагучная і непаўторная
І лепшай няма, што мне ні кажы.

Янiна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены