Больш 40 гадоў аддала працы з зэльвенцамі народны суддзя Ганна Дубовая

На розных пасадах, але самую шырокую вядомасць і павагу Ганна Дубовая набыла падчас працы юрыстам. Мы віншуем ветэрана са святам і жадаем толькі пазітыўнага настрою і моцнага здароўя.

Ганна ДУБОВАЯ ў перыяд выбрання яе
паўторна народным суддзёй, «Праца», чэрвень, 1990 г
.

ШЛЯХ, ШТО ПАПЯРЭДНІЧАЎ ГАЛОЎНАЙ СПРАВЕ ЖЫЦЦЯ

Па першай адукацыі Ганна Баляславаўна бібліятэкар. Паспяхова працавала ў сельскіх бібліятэках, а калі ў 1966-м узнавіўся Зэльвенскі раён, яе пераводзяць інспектарам у аддзел культуры. Ужо тады яна сутыкнулася з азамі прафесіі, якой прысвяціць жыццё: разам з загадчыкам аддзела яна рыхтуе загады аб прыёме на работу, заахвочваннях і прэміраванні лепшых культработнікаў, звальненнях. Настольнай кнігай інспектара становіцца “Працоўны кодэкс”.

Чатыры гады працы інспектарам, затым восем гадоў на пасадзе загадчыцы агульным аддзелам райвыканкама далі неацэнны вопыт юрыдычнай практыкі, хоць, здаецца, мала мелі дачынення да прафесіі юрыста. Тым не менш выклікалі вялікую цікавасць да юрыспрудэнцыі. Менавіта ў тыя гады, калі яна разважала, якую ўстанову выбраць для далейшай вучобы, у Маскве пачаў працаваць Усесаюзны юрыдычны завочны інстытут. Маладой жанчыне райвыканкам дае накіраванне на паступленне ў яго. Паспяховая здача ўступных экзаменаў – і яна студэнтка юрыдычнай вну. І хоць нялёгка было спалучаць працу і вучобу, Ганна Баляславаўна адчувала вялікі прыліў сіл і шчасце, бо знайшла сваё месца ў жыцці. Сама месца працы мяняць не збіралася, бо і тут прымяняла атрыманыя веды. Але ў кіраўніцтва былі свае планы наконт яе. Ледзь паспела атрымаць дыплом юрыста, як ёй прапануюць узначаліць аддзел сацыяльнага забеспячэння. Не адразу і згадзілася – настолькі адказнай была новая пасада.

ЗАГАДЧЫЦА АДДЗЕЛА САЦЗАБЕСПЯЧЭННЯ

Летам 1978 года Ганна Баляславаўна прыступіла да абавязкаў загадчыцы аддзела сацзабеспячэння. Падначаленых было каля дзесяці чалавек. Здавалася б, нямала. Але ўсе аперацыі выконваліся ўручную, аб сённяшніх камп’ютарах і размовы не было, а адных пенсіянераў у раёне было каля васьмі тысяч. Сярод іх вялікая армія франтавікоў, іх сямей, сямей загінуўшых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэтай катэгорыі прадастаўляліся беспрацэнтныя пазыкі на будаўніцтва жылля, скідкі на яго аплату і камунальныя паслугі, льготныя ўмовы набыцця медыкаментаў і шэраг іншых ільгот. Ды і іншых катэгорый людзей, што патрабавалі ўвагі дзяржавы, было дастаткова: шматдзетныя сем’і, адзінокія маці, сем’і, што страцілі кармільцаў, інваліды працы і дзяцінства і г.д.

А пенсіённае заканадаўства было па сутнасці, у стадыі станаўлення. Зусім нядаўна права на атрыманне пенсіі з’явілася ў калгаснікаў: да 60-х гадоў сяляне нават не марылі аб такой увазе да іх. Было шмат незразумелага ў налічэнні стажу, уліку заработнай платы. І ўсё – у ручным рэжыме. Таму маглі быць і памылкі. І людзі пісалі, званілі, прыязджалі. Кожнага трэба было выслухаць, унікнуць у яго праблему, дапамагчы. Ні ад каго не адмахвалася, усіх выслухоўвала, калі абставіны патрабавалі, – выязджала на месца.

За добрасумленную працу Зэльвенскі райкам КПБ і выканкам раённага Савета народных дэпутатаў узнагародзілі Г.Б. Дубовую Ганаровай граматай.

НАРОДНЫ СУДДЗЯ

У 1987 годзе Ганну Баляславаўну выбіраюць народным суддзёй Зэльвенскага раёна. Склад суда ў тыя гады быў толькі адзін, а насельніцтва і на сяле, і ў пасёлку хапала. Вопыт работы ў сацыяльным забеспячэнні, вядома, сыграў сваю ролю ў азнаямленні з новай сферай дзейнасці. Аднак яго было недастаткова. У першыя месяцы работы Ганна Баляславаўна ледзь не начавала ў сваім кабінеце. Справы навальваліся адна за другой. Тэрміны разгляду іх былі канкрэтнымі, ты не меў права іх змяніць ці падоўжыць.

Больш за ўсё было грамадзянскіх спраў, якія пакідалі цяжкі след у сэрцы. Паспрабуй прымірыць мужа і жонку, калі кожны з бакоў не лічыць сябе вінаватым у скандалах. А маёмасныя справы?Быць бесстароннім назіральнікам, як блізкія людзі выгароджваюць сябе, а абвінавачваюць брата, сястру, дзядзькаў і цётак у незаконным захопе часткі дома ці зямельнага ўчастка, згадзіцеся, не так проста. А ты – суддзя, пакінь дома сваю ўражлівую душу. Прымі да ведама раз і назаўсёды: адзін з бакоў будзе абавязкова пакрыўджаны. Гэта аксіёма. І хоць ты ў душы камусьці спачуваеш, рашэнні прымай не сэрцам, а розумам – імем Закона. І хоць не адзін ты выносіш прысуд – разам з народнымі засядацелямі – усё роўна галоўная адказнасць на табе. Да слова, народныя засядацелі, што працавалі з Ганнай Баляславаўнай, былі людзьмі паважанымі, дасведчанымі, выбіраліся не на адзін тэрмін.

Была ў практыцы зэльвенскага суддзі адна справа, якая адменена вышэйстаячым органам “мягкостью наказания”. Гэта гучная справа аб забойстве, аб якой цяжка ўспамінаць і праз гады… Не для правяраючых працавала суддзя, і ўсё ж вывад адной з камісій – “карательная практика умеренно выдержана” – неяк супакойвае сэрца. Значыць, не дапускала празмернай суровасці да здзейсніўшага правапарушэння, і не апраўдвала таго, хто не сябраваў з Законам. У 1990 годзе Калегія Міністэрства юстыцыі Беларускай ССР і Прэзідыум Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў узнагародзілі Г.Б. Дубовую Ганаровай граматай. На ёй стаяў подпіс міністра юстыцыі БССР В.Г.Ціхіні, які ў незалежнай Беларусі ўзначаліць Канстытуцыйны суд.

ЮРЫСКОНСУЛЬТ РАЙВЫКАНКАМА

У 1993 годзе Ганна Баляславаўна звярнулася ў Гродзенскі абласны Савет народных дэпутатаў з просьбай аб датэрміновым вызваленні яе з пасады старшыні Зэльвенскага народнага суда па стане здароўя. Доўна не згаджаліся на гэта, усё спадзяваліся, што Дубовая перадумае. Нарэшце просьба была задаволена, і Ганна Баляславаўна зноў вярнулася ў райвыканкам. Два гады працавала ў аддзеле па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва, а з 1995-га і да выхаду на пенсію – галоўным юрысконсультам райвыканкама.

Галоўнай задачай яе была праверка адпаведнасці заканадаўству праектаў рашэнняў і распараджэнняў райвыканкама. У 90-я гады гэта было асабліва складана: у незалежнай рэспубліцы прымаліся і адрозныя ад ранейшых законы. Кіраўнікі аддзелаў ішлі і ішлі за кансультацыямі. Вырашаліся пытанні па калектыўных дагаворах, па рабоце індывідуальных прадпрымальнікаў, рэгуляванні працы інвалідаў, працаўладкаванні непаўналетніх і студэнтаў і г.д.

Балючым было пытанне субсідзіравання грамадзян, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Паколькі Ганна Баляславаўна вяла ўлік такіх людзей, яна добра ведала сітуацыю. Але ж хапала і суб’ектыўных ацэнак з боку членаў камісіі. Так што, як і ў судзе, даводзілася прымаць аксіёму: усім дагадзіць немагчыма.

Як жартуе Ганна Баляславаўна, за кожны ўчастак работы яна абавязкова ўзнагароджвалася. Так было і за працу юрысконсультам: акрамя райвыканкама, яе ўзнагародзіў і Прэзідыум абласнога Савета дэпутатаў на чале з А.І.Карпуцем.

P.S. Большасць зэльвенцаў памятаюць Ганну Баляславаўну як суддзю. Значыць, яна сапраўды мела права называцца народным суддзёй.

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены