Настаўнік, у якога хочацца вучыцца

8976

У педагогіку прыхо-дзяць па-рознаму. Адны працягваюць сямейную дынастыю, другія прыслухоўваюцца да чыёй-небудзь парады, а некаторых натхняе прыклад школьных настаўнікаў. У жыцці настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Алены
Сакалоўскай (на здымку) практычна так і адбылося.
Першым чалавекам, які аказаў уплыў на выбар будучай спецыяльнасці, была Ала Мацвееўна Сончык, у якой студэнтка Ваўкавыскага педвучылішча Алена Сакалоў-ская праходзіла пераддыпломную практыку ў пачатковых класах.
– Заўсёды марыла вучыць маленькіх дзяцей і не думала, што звяжу свой лёс з беларусазнаўствам, – расказвае Алена Сакалоўская. – У душу запалі словы Алы Мацвееўны: “Леначка, тваё прызванне – вы-кладаць менавіта беларускую мову і літаратуру. З тваіх вуснаў роднае слова гучыць мілагучна, а літаратурныя вобразы паўстаюць, нібы жывыя”. Прыслухалася ці то да парады, ці то да наказу, і пасля заканчэння педвучылішча паступіла на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка.
Працоўную дзейнасць пачынала ў сценах роднай СШ №2, дзе прайшлі школьныя гады, дзе прыемна было зноў сустрэцца з любімымі педагогамі. Прыйшоўшы на свой першы ўрок у якасці настаў-ніцы, зразумела: гэта маё, гэта тое, што мяне вабіць і захапляе. Вось калі спатрэ-біліся мне педагагічны вопыт майго класнага кіраўніка Ларысы Аляксандраўны Сталпец, настаўнікаў Клаўдзіі Іванаўны Санукевіч, Ларысы Аляксандраўны Літвінчык, Ліліі Мікалаеўны Мікановіч і іншых. Іх методыкі навучання назаўсёды засталіся для мяне прафесійным узорам.
– Не хачу пакрыўдзіць маладых спецыялістаў, але лічу, што старэйшае пакаленне настаўнікаў – гэта прыклад сапраўднага педагагічнага майстэрства. Ніколі не саромелася параіцца з імі, папрасіць дапамогі ў арганізацыі выхаваўчай работы. Іх падтрымка, разуменне, слушная парада многае значылі для мяне.
Сёння Алена Уладзіміраўна, педагог з 20-гадовым стажам, дасканала валодае тэорыяй і методыкай выкладання беларускай мовы і літаратуры, на працягу 7 год узначальвае раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, дзеліцца вопытам сваёй педагагічнай дзейнасці з калегамі.
З асаблівай цеплынёй і нават мацярынскай пяшчотай Алена Уладзіміраўна адносіцца да сваіх “дзетак” – так ласкава яна называе выхаванцаў.
– Трэба знаходзіць адмысловы ключык да сэрцаў вучняў, каб у іх множылася душэўная чысціня, дабрыня і жаданне вучыцца, – пераканана настаўніца. – Для мяне галоўнае развіваць у дзяцей чалавечыя якасці. Колькі раз паўтараю сваё любімае выказванне: можна стаць добрым інжынерам ці архітэктарам, заняць высокую пасаду, але пры гэтым быць нешчаслівым у асабістым жыцці. Таму часцей за ўсё на ўроках літаратурныя сюжэты падмацоўваю жыццёвымі прыкладамі, прапаноўваю вучням паразважаць над праблематыкай твораў. Выхаваўчыя моманты абавязкова ўключаю і ў планы ўрокаў мовы.
Асабліва адказна Алена Уладзіміраўна ставіцца да работы з адоранымі дзецьмі. Працуючы з імі ў індывідуальным парадку, педагог прыкладае шмат намаганняў, каб развіць іх творчыя здольнасці. Прычым робіць гэта не толькі на факультатывах, але і падчас звычайных урокаў. І гэта дае свае вынікі: пераможцаў раённай прадметнай алімпіяды, якіх рыхтуе Алена Уладзіміраўна, з кожным годам становіцца ўсё больш. Так, чатыры гады запар яе вучаніца Аляксандра Тарасевіч займала прызавое месца на алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Мінулы навучальны год прынёс адразу некалькі пераможных месцаў вучням 5, 6 і 8 класаў.
Яе вучні аднымі з першых у школе сталі карыстацца ўнікальным метадам праектнай дзейнасці, які можна прымяняць не толькі на ўроках, але і ў пазакласнай рабоце. Дзякуючы сумеснай карпатлівай працы
з’явіўся не адзін праект, які захапіў школьны калектыў цалкам.
Дасягненні вучняў заўсёды радуюць настаўніцу. Але галоўнае для яе – прывіць імкненне да новых ведаў кожнаму вучню. Лепшая ўзнагарода для яе, калі выпускнікі, пакідаючы школу, кажуць: “Вы былі для нас не проста настаўнікам, а прыкладам”.
Людміла ПОПКА.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.