Паэт з Бязводна Іван Шчурко: «Я вельмі адданы беларускаму слову, якое гучала ў бацькоўскай хаце, на якім люблю размаўляць і, вядома ж, выліваць свае думкі ў паэтычныя радкі”

Першы раз імя Івана Шчурко зэльвенцы адкрылі для сябе два гады таму, калі раённая газета ў нарысе пра вёску Бязводна ўзгадала яго як ураджэнца-паэта. Потым вершы Шчурко друкаваліся на літаратурных старонках “Малюся Слову” і “Зоры над Зальвянкай”. Сапраўдным бенефісам Івана Аляксандравіча аказаўся ўдзел у раённым конкурсе “Зэльва – мая калыска”, прымеркаваным да святкавання 760-годдзя пасёлка. Тады паэт прадставіў на суд журы і слухачоў два творы і… стаў пераможцам. А на днях наш зямляк – цікавы суразмоўца, знаўца сапраўднай паэзіі, багаты на таленты чалавек – быў запрошаны на імпрэзу, якая ладзілася ў раённай бібліятэцы.

Пры знаёмстве з аматарамі літаратуры, членамі клубаў “Малюся слову”, “Восень жыцця” і “Ліра”, што дзейнічаюць пры цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённай бібліятэцы, Іван Шчурко сціпла прызнаўся: “Не такі я вялікі паэт, якога, мабыць, чакала аўдыторыя, але вельмі адданы беларускаму слову, якое гучала ў бацькоўскай хаце, у роднай вёсцы Бязводна, на якім люблю размаўляць і, вядома ж, выліваць свае думкі ў паэтычныя радкі”. І прапанаваў паслухаць вершы “Кірмашы дзяцінства” і “Ветракі”, прысвечаныя Зэльвеншчыне. Задумацца над тым, наколькі любая яна, малая радзіма, падштурхнулі пачутыя словы:

“…Здаецца, занесла мяне за мяжу,
Ды не, па ваколіцах Зэльвы хаджу.
Навошта патрэбны Еўропы той блуд?
Жыві прыгажэйшым, дагледжаны кут!”

У сяброўскай размове Іван Аляксандравіч расказаў пра сябе і сваё творчае жыццё. Адразу пасля заканчэння Міжэрыцкай сярэдняй школы (у Бязводна была толькі пачатковая) ён атрымаў павестку ў армію. Служыць давялося на Ціхаакеанскім флоце, якому пазней прысвяціў некалькі сваіх вершаў. Вярнуўся на радзіму, і хлопцы-аднавяскоўцы прапанавалі ўладкавацца на азотна-тукавы завод у Гродна, дзе і самі працавалі. Так з пачатку 70-х і да гэтай пары Іван Шчурко жыве ў абласным цэнтры. Мае сям’ю: каханую жонку (клапатлівую гаспадыню, мудрую дарадчыцу, верную спадарожніцу жыцця, з якой ідуць побач на працягу 40 гадоў), сына і дачку. Зараз цешыцца з унучкі. Называе яе “зорачкай”, бо не толькі ўнесла шчаслівую іскрынку ў дом, але і стала галоўным штуршком да напісання вершаў. Шэраг твораў дзядуля прысвяціў сваёй любімай Мар’яне і падчас сустрэчы прапанаваў зэльвенцам паслухаць, як жыццёвыя гісторыі дзяўчынкі ператвараюцца ў невялікія мастацкія сюжэты.

Наогул, першыя спробы пяра ў Івана Шчурко былі амаль 15 гадоў таму, калі адчуў душэўную патрэбу пісаць аб Бацькаўшчыне, родных і блізкіх людзях. У вершах гучалі тэмы дзяцінства, маленькай радзімы, праслаўляліся працавітыя сваякі і аднавяскоўцы. Нямала твораў адрасавана дзядулі – Іосіфу Адамавічу Шчурко, удзельніку Першай сусветнай вайны, Георгіеўскаму кавалеру. Лірычным героем стаў і бацька – Аляксандр Іосіфавіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік баёў на Одэры, Эльбе, вызваліцель паўночных гарадоў Беларусі, населеных пунктаў Польшчы, Чэхіі і Венгрыі. За баявыя заслугі франтавік узнагароджаны падзякай галоўнакамандуючага Іосіфа Сталіна. Прачулыя сэрцам творы ўнука і сына пазней увайшлі ў зборнік пад назвай “Дзедава дарога”.

Людзі і навакольны свет сталі важнымі для пачынаючага паэта. У рыфмаваным радку ён занатоўваў усё, што бачыў і чуў, што турбавала і натхняла. Слухаючы яго вершы аб працавітым пляменніку Андрэі ці таленавітай суседцы Ірыне, ці мясцовым аграноме Мікалаі Захарку, здаецца, што даўно ведаеш гэтых людзей, здзіўляешся іх майстэрству і радуешся іх поспехам.

Дзіўная, чароўная, нібыта не выказаная словам, а намаляваная фарбамі, прыродная лірыка. Сюды, на бязводненскую зямлю, якая дае сілы і натхненне, аўтар “ляціць, як толькі выпадае вольны час”:

Да балот, узгорачкаў, лясоў,
Да поля хлебных каласоў.
Я зранку птушак разбуджу,
І па палетках пахаджу.
Зязюлькі, кнігаўкі, жаўрук
Разносяць песень дзіўны гук.
Сустрэну зайца-русака,
Даўно не бачыў земляка…
…Расце ля хаты бацькаў сад,
Хапае сліваў, вульяў склад.
Парадак ёсць такі-сякі,
Стаяць даданы, лежакі.
Люблю вясноваю парой
Сачыць, як з вульяў выйдзе рой…
…Расце ля хаты бацькаў сад,
Хапае сліваў, вульяў склад.
Парадак ёсць такі-сякі,
Стаяць даданы, лежакі.
Люблю вясноваю парой
Сачыць, як з вульяў выйдзе рой…

Апошнія радкі адкрылі для ўдзельнікаў сустрэчы яшчэ адно захапленне Івана Аляксандравіча. Аказваецца, бортніцтва як сямейная справа перадаецца ў родзе Шчурко з пакалення ў пакаленне. І зараз клапаціцца аб пчолах прыйшоў час Івана і яго сваяка Андрэя. І мужчына не баіцца адказнасці, бо вельмі працавіты. У свой час на “Гродна Азот” быў адным з лепшых кавалёў і ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнай Славы II і III ступені. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, з задавальненнем працуе на прысядзібным участку і ў вёсцы. Любай вёсцы. Жыццё-быццё ў Бязводна – частая тэма яго вершаў. Як прыклад – “Пах вясновае зямлі”, “Кліч зязюлі” і інш.

Зразумела, што і тэму кахання не абмінуў паэт. Большасць такіх вершаў Іван Шчурко прысвяціў сваёй спадарожніцы жыцця Ніне Уладзіміраўне. У прадмове да твораў ён так і напісаў: “Любай жонцы, надзейнай палавіне, Чалавеку з вялікай літары”.

Дарэчы, менавіта родныя і блізкія з’яўляюцца першымі слухачамі Івана Аляксандравіча. І толькі нядаўна ў “фанклуб” трапілі ўдзельнікі літаратурнага кафэ “Тры свечкі”. Член Расійскага саюза пісьменнікаў Ігар Субоцін арганізаваў амаль што адзінае ў Беларусі аматарскае аб’яднанне, якое чацвёрты год дзейнічае ў Гродна. Туды і запрасіў Івана Шчурко, пазнаёміў з мясцовымі паэтамі, музыкантамі, самадзейнымі артыстамі. Так Іван Шчурко стаў членам літаратурнага аб’яднання “Надзея”. Яго пасяджэнні праходзяць кожны трэці чацвер месяца і маюць тэматычныя накірункі. Напрыклад, да Дня роднай мовы аматары літаратурнага слова і музыкі рыхтуюць мерапрыемства, у якім будуць праслаўляць беларускае слова.

Трэба сказаць, што прадмову да зборніка “Дзедава дарога” напісаў менавіта Ігар Субоцін. У сваім тэксце ён параўнаў лірыку Івана Шчурко з глытком крынічнай вады, ад якой на душы становіцца прыемна, сяброўскай размовай з блізкім чалавекам: “Я не знаю, как он это делает, но из его строк пышет жаром деревенской печи, пахнет свеженьким медком, малиной и деревянными стружками. Я слышу, как шелестит своими листочками благоухающий куст сирени, как над своими домиками жужжат неугомонные трудяги-пчёлки, как по округе разносится звонкий голосок петушка. Скажу честно, это не каждому дано. Именно любовь к родному краю и языку, уважение к своим корням и предкам, хранящиеся в сердце семейные ценности позволили автору так достоверно передать действительность…”.

Зборнік выйшаў у свет у 2017 годзе, на жаль, невялікім тыражом. Крыху раней, у 2016 годзе, быў выдадзены зборнік «Падзяка буслу», прысвечаны ўнучцы Мар’яне.

Па прызнанні Івана Шчурко, ужо можна разлічваць на новы “архіўны сшытак” – вершаў сабралася багата. Цэнтральнымі тэмамі, канешне ж, стануць родныя мясціны, вёска і Зэльвеншчына ў цэлым, блізкія людзі, у асобны раздзел увойдуць творы “аб сабе”, знойдзецца месца і на вершы аб тым, “аб чым баліць душа”.

Іван Шчурко – беларус да глыбіні сэрца – вельмі хоча, каб родная мова жыла, гучала ў кожным доме, на вуліцах, каб на ёй размаўлялі дзеці і моладзь.

– Якія мілагучныя беларускія словы! Якой ласкай, пяшчотай і цеплынёў вее ад іх! – разважае Іван Аляксандравіч. – Як маляўніча можна перадаць па-беларуску ўсё, чым жывеш, што адчуваеш і аб чым марыш. Родная мова – яна і літаратурная, і музычная, – сказаў госць і ўзяў у рукі гармонік…

Такога “павароту” ўдзельнікі сустрэчы не чакалі. Вось ён які, Іван Шчурко, – мала таго, што лірык, дык яшчэ і музыкант. Сапраўды, Іван Аляксандравіч яшчэ падчас працы на азотна-тукавым заводзе ўваходзіў у склад мастацкага самадзейнага калектыву “Росница”, у складзе якога выступаў у Гродна і іншых гарадах рэспублікі, не раз выязджаў з канцэртамі за мяжу. І зараз працягвае, хай не такую актыўную, але адну з любімых спраў…

Развітвацца з такім цікавым чалавекам не хацелася. Але Іван Шчурко спяшаўся ў родную вёску Бязводна, праведаць родзічаў. На памяць – сувеніры ад бібліятэкараў, а таксама наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і словы шчырай падзякі за вечар. У сваіх водгуках натхнёныя зэльвенцы назвалі паэтычны дар Івана Шчурко дарам ад Бога, а яго вершы – запаветам, ад якога і радзіма прыгажэе, і поле багацее, і мова родная жыве.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены