Народному хору “Успамін” – 20 лет

8061

Для Зэльвеншчыны Год культуры стаў багатым на юбілейныя падзеі. У іх ліку – святкаванне 20-годдзя з дня заснавання народнага калектыву ветэранаў вайны і працы “Успамін”.
Так-так, не здзіўляйцеся. Час няспынна ляціць, і ўжо на працягу двух дзясяткаў гадоў творчы калектыў дорыць гледачам шчырыя выступленні, дэманструе ўзор патрыятычнага выхавання, жыццёвага аптымізму, не перастае здзіўляць новымі знаходкамі, умелым падборам артыстаў, прафесійна пастаўленымі нумарамі.
1996 год. Работнікам культуры Тамары Кісель і Раісе Малахоўскай прыходзіць думка арганізаваць калектыў, у склад якога запрасіць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы. Да гэтага часу некаторыя самадзейныя артысты паважанага ўзросту сольна ўжо выступалі на сцэне раённага Дома культуры, прыгожымі галасамі і разнастайным рэпертуарам радавалі зэльвенскага гледача. Ідэя была актыўна падтрымана аматарамі песні, музыкі і паэзіі, прапанавана назва “Успамін” як напамін аб мілагучнасці роднай мовы, багатай песеннай спадчыне, а таксама гадах маладосці, пераможных ваенных гадах, якія прыйшлося перажыць беларускаму народу, у тым ліку і некаторым удзельнікам хору. Музычным кіраўніком калектыву абрана Тамара Кісель, акампаніятарам – Раіса Малахоўская, распрацавана праграма выступленняў.
Дэбют хору “Успамін” прыйшоўся якраз падчас святкавання Дня Перамогі. Гледачоў уразілі галасы выступаючых жанчын і мужчын, касцюмы якіх упрыгожвалі баявыя і працоўныя ўзнагароды. На той момант ніхто і не здагадваўся, што пакла-дзены пачатак слаўнага шляху на сцэне калектыву ветэранаў вайны і працы. Дзень за днём, свята за святам – і хор стаў адным з любімых творчых калектываў нашага раёна. Праз два гады зэльвенскія артысты ўпершыню прынялі ўдзел у шырокамаштабным абласным фестывалі ветэранаў вайны і працы “Не старэюць душой ветэраны”. У маі 2003 года на гэтым фестывалі хор паспяхова абараніў званне “народны”. І з таго часу штогадова рыхтуе новую праграму, каб пацвердзіць гэты статус.
Удзельнікі хору – у былым работнікі сувязі, гандлю, медыцыны, устаноў адукацыі, сельскай гаспадаркі і іншых сфер дзейнасці. На працягу дваццаці гадоў два разы на тыдзень яны збіраюцца ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Тут, у цесным сяброўскім крузе, у добрым настроі займаюцца любімай справай – спевамі. Па іх словах, песня сапраўды дапамагае жыць. Над рэпертуарам, які за апошнія гады значна пашырыўся, працуюць сумесна: штосьці прапаноўвае хормайстар Марына Бусловіч (яна ўзначальвае калектыў з 2012 года), штосьці – самі ўдзельнікі. Выконваюць песні на ваенную тэматыку, творы беларускіх і савецкіх кампазітараў, народныя песні, рамансы. За кожнай песняй, якую артысты-ветэраны дораць гледачам, велізарная і карпатлівая работа. Раскрывае сакрэт творчай “майстэрні” хормайстар Марына Бусловіч. Пры хоры дзейнічаюць мужчынская і жаночая вакальныя групы, артысты выступаюць як усім калектывам, так і дуэтамі, сольна. Хацелася б, каб у хоры было больш мужчынскіх галасоў, адзначаюць самі ўдзельнікі калектыву. Чамусьці так атрымліваецца, што жанчыны больш актыўна ўключаюцца ў грамад-скую дзейнасць.
Многія ўдзельнікі “Успаміну” з’яўляюцца членамі аматарскага аб’яднання “Залаты ўзрост”. Пасяджэнні і мерапрыемствы, рэпетыцыі і выступленні настолькі цесна пераплецены, што атрым-ліваецца жаданы вынік як у зносінах, так і ў выступленнях. Перад сабой выканаўцы ставяць задачу захаваць песенную спадчыну свайго краю, сваёй мясцовасці, прапагандаваць песенную культуру і народную творчасць. З гэтай мэтай з дня заснавання і па сённяшні дзень актыўна ўдзельнічаюць у раённых мерапрыемствах, прымеркаванных да святкавання Дня Перамогі і Дня Незалежнасці. Штогадова напярэдадні 9 Мая з канцэртнай праграмай калектыў наведвае ўсе школы пасёлка і раёна. Рэдка які канцэрт на летняй пляцоўцы абыходзіцца без вы-ступлення “Успаміну”. Заслужанай папулярнасцю артысты карыстаюцца за межамі Зэльвеншчыны. Авацыямі сустракаюць зэльвенскіх ветэранаў у Ваўкавыску і Мастах, Лідзе і Гродна. За плённую творчую дзейнасць, вялікі ўклад у ваенна-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення калектыў неаднаразова адзначаўся дыпломамі, граматамі і па-дзякамі.
Людміла ПОПКА.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.