На сенажацях гарачая пара

2412 У гэтыя чэрвеньскія дні з раніцы да позняга вечара не сціхае рокат матораў на сенажацях філіяла “Князева”. Механізатары сельгаспрад-прыемства стараюцца як мага эфектыўней выкарыстоўваць замацаваную за імі тэхніку і нарыхтаваць больш сенажу і сена. Праўда, карэктывы ў зладжаную работу “зялёнага канвеера” ўносіць надвор’е. Работа ў такіх умовах патрабуе поўнай мабілізацыі сіл, адказнасці і мудрага, выверанага часам і вопытам падыходу да справы. Галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Жыдок практычна ўвесь светлавы дзень у полі, дзе разам з іншымі спецыялістамі арганізоўвае і кантралюе бесперапынную работу “зялёнага канвеера”. Сустрэлі мы яго на сенажаці ў пойме ракі Зальвянка, дзе ён правяраў, як вядзецца нарыхтоўка сенажу. – Сёлета для грамадскага статка нам неабходна нарыхтаваць 25000 т сенажу, 2450 т сена і 23659 т сіласу, – расказвае Уладзімір Уладзіміравіч. – На мінулым тыдні завяршылі першы ўкос траў і практычна адразу ж прыступілі да другога. Сёлета ўраджайнасць траў значна вышэй, чым у мінулым годзе. На ўмоўную галаву жывёлы ўжо нарыхтавалі па 8,2 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў, што на адзін цэнтнер больш, чым у мінулым годзе. Заклалі 13500 т сенажу, назапасілі 413 т сена. У гаспадарцы за многія гады выпрацавана свая тактыка правядзення сельскагаспадарчых работ. Відавочна, што тут разумеюць асаблівую важнасць корманарыхтоўчай кампаніі. Для яе паспяховай рэалізацыі да дэталяў прадумана арганізацыя работ у час касавіцы, правільна расстаўлены сілы і надзейна падрыхтавана тэхніка. Але самае галоўнае – гэта кадры, іх гаспадарчы падыход да справы дзяржаўнага значэння. 2411 З раніцы першымі выязджаюць з мехдвара на сенажаці механізатары Уладзімір Паранюк, Анатолій Раманенка, Аляксандр Каленка і Анатолій Ленец. За дзень яны скошваюць больш чым 70 гектараў траў. Хутка зграбаюць скошанае Леанід Трубіла і Валянцін Ядкоўскі. На цюкаванні сена руплівасцю вызначаюцца Дзмітрый Рачок і Іосіф Вановіч. У філіяле адначасова поўным ходам вядзецца закладка сенажу. У работу ўключаны два кормаўборачныя камбайны, на якіх прадукцыйна працуюць меха-нізатары Генрых Русецкі і Аляксандр Сцепанчук. Ужо не адзін год яны займаюцца гэтай важнай справай і ведаюць усе яе дакладнасці. На адвозцы задзейнічаны каля дзясятка трактараў і аўтамабіляў. Удзельнікі корманарыхтоўкі даражаць кожнай рабочай хвілінай, імкнуцца працаваць з поўнай аддачай. – Прыемна ўсведамляць, што ў агульнай скарбонцы дасягненняў сельгасарганізацыі ёсць і частка маёй працы, – ад-значае механізатар Аляксандр Сцепанчук. – У нас добры калектыў. Думаю, мы зможам выканаць намечаныя планы. Мой кормаўборачны камбайн “Ягуар-860” у гэтыя гарачыя дні зялёнага жніва не падводзіць. Мы пабывалі і на месцах закладкі сенажу. Кантроль за якасцю работы ўскладзены на ветэрынарную службу і спецыялістаў гаспадаркі. Па словах галоўнага агранома, тэхналагічныя параметры закладкі выконваюцца належным чынам. Зялёная маса закладваецца пры вільготнасці каля 50 працэнтаў. Трамбаванне вядзецца кругласутачна. Займаюцца гэтай важнай справай механізатары Валянцін Мятлюк, Валерый Буцько і Уладзімір Валюк. Віктар МАКОЎСКІ.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.