На карце праекта БТ “Маршрут пабудаваны” – Каралін

Зэльвеншчына багата традыцыямі, абрадамі і звычаямі таму што нашчадкі перанімаюць духоўны скарб ад продкаў, зберагаюць яго і перадаюць з пакалення ў пакаленне. Так творчым удзельнікам аматарскага аб’яднання “Кашалёўская скарбонка” дзесяць гадоў таму пашанцавала запісаць і аднавіць абрад “Ахвяраванне калодзежу”, які праз час стаў сапраўднай візітоўкай каралінскай зямлі. Мясцовай нацыянальнай асаблівасцю зацікавілася здымачная група пазнавальна-турыстычнай праграмы Беларускага тэлебачання “Маршрут пабудаваны” і падчас чарговай вандроўкі завітала ў аграгарадок.

Галоўным сімвалам свята стаў калодзеж сям’і Янкоўскіх. Да яго дзяўчынкі і хлопчыкі ўзорнага калектыву падышлі, спяваючы абрадавыя песні. Згодна традыцыі, каб пачаставацца студзёнай вадой, калодзежу неабходна прыпаднесці ахвяраванні. Гаспадыня Ірына ўпрыгожыла студню прыгожа вышытымі ручнікамі. Юнакі павязалі рознакаляровыя стужкі. Гаспадар Віктар падарыў вадзіцы звонкія манеты. Пасля карагода госці Янкоўскіх пасмакавалі вадзіцу.

Шумна і весела было на падворку, калі пачалі варажыць. Набралі поўны збан вады і данеслі яе да парога не разліўшы – будзе дом поўны шчасця. Высеянае зараз каля калодзежа насенне вясной густа ўзыдзе – быць вяселлю.

Прыгадалі і некаторыя павер’і: пачыналі капаць калодзеж на маладзік; на Юр’яў дзень да ўзыходу сонца і раніцай ваду не зачэрпвалі; каб выклікаць дождж, у калодзеж кідалі мак, льняное насенне ці нож і інш.

Не абышлося свята без падарункаў у выглядзе лялек-абярэгаў і пачастункаў выпячкай і садавінай. Не засталіся па-за ўвагай каралінцаў і мінчане.

Прасякнутая мясцовым каларытам, вядучая праекта БТ Марыя Багатыр пажадала, каб вада – аснова жыцця на Зямлі – у каралінскіх крыніцах заўсёды мела непаўторнае бірузовае адценне і самы смачны смак. Выпуск праграмы, калі можна будзе паглядзець абрад вачамі сталічнага турыста, запланаваны на зімовы перыяд.

Да старадаўняга абраду далучыліся і жыхары населенага пункта, у іх ліку наведвальнікі філіяла ЦСАН. Каб адчуць водар прыроды, яны частавалі адзін аднаго вадой са сваіх калодзежаў.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!