На календары – залатая восень

Тэмы для публікацый нам нярэдка падказваюць чытачы. Вось і нядаўна ў рэдакцыю затэлефанавала жыхарка в. Крывічы Кацярына Біялт. Жанчына прасіла напісаць пра яе 89-гадовага суседа Пятра Мазаля, які амаль паўвека адпрацаваў жывёлаводам. Мяне заўсёды цікавіць лёс людзей-доўгажыхароў, іх жыццёвы шлях, успаміны. Таму без усякіх ваганняў паехала ў вёску, каб асабіста пазнаёміцца з Пятром Іванавічам. Як і большасць людзей старэйшага пакалення, мой суразмоўца да працы быў звыклы змалку. На плечы хлопчыка ўскладвалася шмат абавязкаў па доме. У сем гадоў ужо пасвіў кароў. Бацькі мелі ажно дзесяць гектараў зямлі. Самі гаралі, сеялі, жалі… Ды ўсё ўручную. Дарослым дапамагалі і дзеці – Пётр разам з трымя сёстрамі і двума братамі. – Тата мой быў табакавод, – расказвае мужчына. – У той час шмат хто займаўся гэтай справай. Наша сям’я апрацоўвала трыццаць сотак табаку. Праполвалі, палівалі, сушылі па сартах. Пасля здавалі на фабрыку, за што атрымлівалі немалыя грошы. Па словах Пятра Іванавіча, менавіта бацькі сталі для яго прыкладам надзвычайнай працавітасці і стараннасці. Такія якасці былі ўласцівы і Пятру Мазалю. За час працы ў калгасе “Бальшавік” ён неаднаразова адзначаўся кіраўніцтвам, мясцовай уладай. Узнагароджаны медалямі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1974–1975 гг.”, “Ветэран працы”. Партрэт перадавіка заносіўся на раённую Дошку гонару (на здымку). – Гэта не толькі мае заслугі, але і маёй спадарожніцы па жыцці, – удакладняе суразмоўца. – Разам з жонкай мы шмат гадоў працавалі цялятнікамі, разам дасягалі высокіх вынікаў на адкорме. Выконваць абавязкі жывёлаводаў было няпроста, асабліва калі пад апекай знаходзілася 125 галоў рознага ўзросту. Складаней было гадаваць маленькіх цялят – ім патрабаваўся асаблівы догляд. Аднак спраўляліся – жывёла добра набірала вагу. Мазалі нават прымалі ўдзел у конкурсе – сямейным падрадзе. Бралі ў арэнду сотню галоў, трымалі іх на працягу года, а затым дэманстравалі на раённай выставе. У выніку занялі першае месца – бык, выгадаваны мужам з жонкай, меў найбольшую вагу. – Мне мая Аленка самым на-дзейным сябрам была – заўсёды выслухае, падтрымае. Суцяшала ў горы, разганяла сум, не давала раскісаць. 60 гадоў душа ў душу пражылі, – гаворыць Пётр Іванавіч і тут жа прыгадвае гісторыю свайго знаёмства з нарачонай: – Дык мы ж з адной вёскі былі. Жылі амаль па-суседску – праз тры дамы. Разам хадзілі ў школу. З часам дзяўчына мне прыглянулася – прыгожая, гаспадарлівая, мела добры характар. Пра такую жонку можна толькі марыць. Памятаю як сёння – вяселле згулялі якраз на Сёмуху. Да нас прыйшло шмат гасцей – вялікая радня, сябры, вяскоўцы. Пасля жаніцьбы маладыя пачалі будаваць сваё шчасце. Узвялі дом, які хутка напоўніўся дзіцячымі галасамі. Час ляціць імкліва – выраслі тры сыны, у кожнага з’явіліся свае сем’і. – Сэрца цешыцца, калі ў госці прыязджаюць пяць унукаў, чацвёра праўнукаў, – адзначае Пётр Іванавіч. – Калі пасля сябе пакінуў след, значыць, жыццё не прайшло марна. Наталля МАЦЮК.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.