«Мы былі першымі, хто асвоіў інфармацыйныя тэхналогіі» – інтэрв’ю з кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання школьных бібліятэкараў

У суседняй Украіне ёсць дзень, калі на дзяржаўным узроўні ўзнагароджваюць работнікаў школьных бібліятэк. У Беларусі бібліятэкараў не адносяць да розных міністэрстваў – святкуем адзіны дзень бібліятэк. Але неяк мы больш увагі звяртаем на работу бібліятэк Міністэрства культуры, а пра школьныя пішам мала. Сёння выпраўляем сваю памылку.

У бібліятэцы школы №3 з дня яе адкрыцця працуе Г.У. Лявіцкая. І вось ужо 15 гадоў яна ўзначальвае метадычнае аб’яднанне школьных бібліятэкараў. Да яе мы і звярнуліся, каб даведацца аб справах яе калег.

– Ганна Уладзіміраўна, усе мы ведаем, што школы ў нашым раёне (ды хіба толькі ў нашым?) малалікія. Напэўна, і фонды бібліятэк не вельмі вялікія. Значыць, на поўныя стаўкі бібліятэкараў-прафесіяналаў не бяруць. Іх абавязкі даручаюць неспецыялістам, так?

– На жаль, у нас толькі чатыры бібліятэкары-прафесіяналы: у дзвюх школах пасёлка ды Елкаўскай і Каралінскай школах. Адпаведна колькасці навучэнцаў складваецца і кніжны фонд як спецыяльнай і мастацкай літаратуры, так і падручнікаў. Абавязкі бібліятэкараў у малакамплектных школах выконваюць настаўнікі. Мы гэта ўлічваем у рабоце метадычнага аб’яднання, вучым людзей усяму, што павінны рабіць бібліятэкары ў школе.

– Але ж за 2-3 гадзіны, што адводзяцца на працу бібліятэкару сельскай школы, ніяк не зробіш усяго, што патрабуе вучнёўскі і настаўніцкі калектывы.

– Мы і не патрабуем немагчымага. Галоўнае, каб чалавек ведаў свае фонды, умеў у іх арыентавацца, раскрываць іх па меры неабходнасці, выконваць усе запыты. Ды і не забывайце, што калектывы ў сельскіх школах невялікія, можна за дзень з кожным чалавекам пагаварыць і выканаць яго запыт.

– У кожнай сельскай бібліятэцы ёсць камп’ютар і магчымасць доступу ў інтэрнэт. Як з гэтым справа ў школьных бібліятэках?

– Мне нават здаецца, што мы ў гэтай справе былі першапраходцамі. Памятаю, нас на курсах вучылі, як карыстацца інфармацыйнымі тэхналогіямі ў адукацыйным працэсе, а потым ужо мы перадавалі свае веды астатнім. Спачатку было складана авалодаць усімі нюансамі праграмы “Бібліёграф”, занесці ў яе ўвесь фонд (і немалы!). Затое зараз кожнаму настаўніку ці вучню лёгка даведацца, што ёсць у канкрэтнай бібліятэцы.

– Вам было складана, а як неспецыялістам?

Так, было няпроста. Але для таго і існуе метадычнае аб’яднанне, каб вучыць, падказваць, дзяліцца вопытам. Нярэдка даводзілася і выязджаць у школы, дапамагаць на месцы. Нічога, справіліся! І зараз нас нездарма называюць інфармацыйна-бібліятэчным цэнтрам школы (ІБЦ).

– У рэспубліцы цэлыя тры гады будзе доўжыцца работа па актывізацыі працы ў рэгіёнах у рамках Года малой радзімы. Што з гэтай нагоды робіцца ў школьных бібліятэках?

– У кожнай бібліятэцы аформлены тыя ці іншыя кніжныя выставы: “Гродзенскай вобласці – 75”, “2018-2020 – Гады малой радзімы”, “Прынёманскі любімы край”, “Славуты зэльвенскі край”, “Мы ганарымся імі” і інш. З масавых мерапрыемстваў трэба адзначыць сустрэчы са знакамітымі землякамі: у Каралінскай СШ – з А.С.Кароза і І.А. Войтка, у Міжэрыцкай – з А.П.Галаскокам, у СШ №2 – з А.С.Кароза.

Удзельнічалі школьныя бібліятэкі і ў абласным конкурсе “Аб’ект малой радзімы”. Вельмі цікавы матэрыял пра Зэльвенскае вадасховішча падрыхтавала з дзецьмі бібліятэкар СШ №2 Жанна Русак. Мы з актывістамі папрацавалі над праектам “Вывучэнне водных аб’ектаў Зэльвенскага раёна”. Праводзілі акцыі “Чысты вадаём”, “Малым рэкам – вялікі клопат”. Расказвалі пра вадасховішча, раку Зяльвянку, крыніцу Зенькаўскую. Зрабілі інсцэніроўку
па экалагічнай казцы “Па шчупаковаму загаду”.

– І як журы ацаніла ваша старанне?

– СШ №3 стала пераможцай. СШ №2 заняла другое месца.

– Віншуем! Няхай і надалей не гасне энтузіязм у работнікаў бібліятэк і іх чытачоў! Скажыце, з кім з настаўнікаў вы найбольш цесна супрацоўнічаеце? Відаць, з філолагамі?

– Вядома, з філолагамі намнога лягчэй працаваць. У канцы лета мы з імі вызначаем, у каго з вядомых пісьменнікаў юбілей у навучальным годзе, якія кнігі-юбіляры выдзеліць і г.д. Актыўна рэкламуем кнігі ўдзельнікаў Зэльвенскіх сакавін, штогод удзельнічаем у іх. Абавязкова рыхтуем Дзень роднай мовы, выставы кніг-юбіляраў і г.д.

Але ж не толькі філолагі зацікаўлены, каб дзеці ведалі іх прадмет. У школах рэгулярна праходзяць тыдні па розных прадметах. І калі ідзе, напрыклад, Тыдзень біялогіі бібліятэкары рэкламуюць кнігі па прыродазнаўству, экалагічнаму выхаванню.

На Тыдні гісторыі стараемся разам арганізаваць круглыя сталы, дыскусіі па важных гістарычных падзеях, ладзім экскурсіі па музеях. І гэтак па кожным прадмеце.

А з настаўнікамі пачатковых класаў увогуле сувязь непарыўная. Творчасць Мікалая Носава, Віктара Драгунскага, Аркадзя Гайдара, Самуіла Маршака, Івана Крылова, Янкі Маўра, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Васіля Віткі такая шматгранная, што гаварыць пра іх толькі ў юбілейныя гады – недаравальна! Яны заўсёды ў цэнтры нашай з настаўнікамі ўвагі.

– Вы згадвалі пра Тыдзень біялогіі. Напэўна, у такі час асаблівая ўвага надаецца экалагічнаму выхаванню?

– Несумненна. Тут і экалагічныя гадзіны, і завочныя падарожжы па знакамітых мясцінах (у тым ліку і зэльвенскіх), і знаёмства з Чырвонай кнігай, і ўдзел у падрыхтоўцы экалагічных праектаў. Вельмі дапамагаюць нам матэрыялы такіх часопісаў, як “Весёлый зоопарк”, “Мир путешествий”, “Вясёлка”.

– Становіцца гісторыяй год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкай навалы. Наступны – год 75-годдзя Перамогі. Напэўна, нешта цікавае з гісторыкамі плануеце?

– І не толькі з гісторыкамі. Кожны класны кіраўнік робіць усё, каб дзеці не былі абыякавымі да падзей той страшнай знішчальнай вайны. Патрыятычнаму выхаванню надаем увагу не толькі ў юбілейныя гады – мы не забываем пра трагічнае і гераічнае мінулае ніколі. Паколькі ветэранаў вайны застаецца ўсё меней і меней, стараемся як мага болей даведацца пра тыя страшныя часы ад іх родных, захаваць іх успаміны для будучых пакаленняў. Дзеці з настаўнікамі часта наведваюць ветэранаў вайны Уладзіміра Зіноўевіча Кашуткіна і Міхаіла Мікалаевіча Кузняцова, дапамагаюць ім, чым могуць. Некаторыя старшакласнікі, абапіраючыся на ўспаміны ветэранаў, а таксама матэрыялы ў газеце «Праца», пішуць цэлыя летапісы аб іх жыцці.

– У планах метадычнага аб’яднання прадугледжваецца нешта цікавае, развіваючае?

– Вядома. Вось і днямі наведалі Навагрудак і яго славутасці: замак, музей Адама Міцкевіча, гісторыка-краязнаўчы музей. Гэта незабыўна!

– Якія праблемы найбольш хвалююць школьных бібліятэкараў?

– Хацелася б больш атрымліваць літаратуры сучасных пісьменнікаў, асабліва для дзяцей пачатковых класаў, мець больш разнастайную падпіску на газеты і часопісы. Праўда, з намі дзеляцца сваімі кнігамі выпускнікі школы. Але гэтага, вядома, недастаткова. І ўсё ж…

А з часопісамі хто дапаможа? Патрэбна штогадовая падпіска на такія часопісы, як “Полымя” і “Нёман”, каб усе навінкі беларускай і сусветнай класікі былі даступнымі. І без інфармацыі ў Інтэрнэце тут не абыйдзешся.

– Дзякуй за шчырае інтэрв’ю! Поспехаў вам і вашым калегам! І няхай у наступным каляндарным годзе з’явяцца жаданыя часопісы!

Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены