“Мова — гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек”. Выхаванцы дзіцячага сада в. Ялуцавічы адзначылi Дзень роднай мовы

Развіццё асобы дзіцяці ў грамадстве немагчыма без ведання роднай мовы. Дашкольны ўзрост з’яўляецца найбольш спрыяльным перыядам для авалодання дзецьмі беларускай мовай. Менавіта ў гэты прамежак жыцця ў юнага чалавека фарміруецца патрэба ў інфармацыі, што адпавядае яго прыродным і індывідуальным магчымасцям, закладваюцца асновы нацыянальнай культуры.

Для дзяцей у нашай мясцовасці першай мовай з’яўляецца беларуская, праўда, часцей у форме змешанага маўлення, у якім чаргуюцца элементы беларускай і рускай моў. Раскрыць дзецям прыгажосць роднага слова, паказаць яго мілагучнасць – адзін са шляхоў выхавання любові да сваёй Радзімы. Дык будзем з замілаваннем услухоўвацца ў нашу мову, пазнаваць з яе дапамогай родны край, далучацца да невычэрпных крыніц беларускай літаратуры, мастацтва, гісторыі. Неабходна старацца як найлепш карыстацца матуліным словам, з павагай адносіцца да яго, прывіваць любоў і пашану да мовы Бацькаўшчыны малечы.

Залатыя лісцікі на дрэвах, кожная птушка, кожная кветка і, безумоўна, чалавек – усе маюць сваю мову. Сапраўды, чалавечую мову нельга параўнаць з мовай птушак, жывёл, раслін. Яна з’яўляецца больш прыгожай, мілагучнай, дзякуючы ей людзі размаўляюць, вучацца, дасягаюць сваей мэты. Родная мова з’яўляецца формай існавання і захавання народных традыцый, звычаяў, духоўных скарбаў, спосабам і сродкам развіцця нацыянальнай культуры. Гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек.

Мы павінны абараняць нашу мову, не саромецца яе, а таксама прывіваць любоў і павагу да яе нашым дзецям.  “Трапяткая і сіняя, як васілёк, і гарачая, як прамень”– так яе ахарактарызаваў наш таленавіты пісьменнік і паэт, непераўзыдзены рамантык Уладзімір Караткевіч. І хочацца верыць, што наша родная мова назаўседы застанецца любiмай, паважанай i , увогуле, самай лепшай.

Выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА “Дзіцячы сад в. Ялуцавічы”
Ірына ЯСКЕВІЧ

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем  Telegram-канале.  Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены