Мини-фабрика по производству молока

У маі мінулага года была ўведзена ў эксплуатацыю першая чарга малочнатаварнага комплексу СВК “Бародзічы”, які тады ўключаў два кароўнікі з даільнай залай. Пачаўся адказны перыяд станаўлення калектыву і камплектацыі дойнага статка, адаптацыі яго да новых умоў. Лепшых кароў і цялушак адбіралі на іншых фермах гаспадаркі. Узначаліў комплекс малады спецыяліст Дзмітрый Парцяны. Спатрэбіўся пэўны час, каб наладзіць усе працэсы ў адпаведнасці з новай сучаснай тэхналогіяй утрымання і кармлення кароў. Гэта дало магчымасць атрымліваць высакаякасную прадукцыю і высокія надоі. 

 

 Мини-фабрика по производству молока

Начальнік комплексу Дзмітрый ПАРЦЯНЫ ўважліва сочыць за працэсам даення кароў.

 

Адначасова з вытворчасцю малака на комплексе працягвалася будаўніцтва іншых вытворчых збудаванняў. У тым жа 2011 годзе ў эксплуатацыю быў здадзены яшчэ адзін кароўнік, які дазволіў размясціць запланаваную колькасць дойных кароў. Затым пачаўся другі этап будаўніцтва. З уводам у эксплуатацыю ўсіх вытворчых памяшканняў з’явіцца магчымасць перавесці работу комплексу на замкнуты цыкл работы.
Сёння на МТК “Бародзічы” знаходзіцца 752 галавы жывёлы, дойны статак складае 689 кароў. Кожны дзень адсюль на перапрацоўчае прадпрыемства “Беллакт” адпраўляецца амаль 12 тон малака, сутачны надой ад адной каровы круглы год складае ў сярэднім 18–20 літраў. А яшчэ тут атрымліваюць высакаякасную прадукцыю – 60 працэнтаў малака адпавядае класу “экстра”, астатняе – вышэйшага гатунку.
–Нягледзячы на тое, што ўсе працэсы на ферме механізаваны і камп’ютарызаваны, многае залежыць ад чалавечага фактару, – адзначае начальнік комплексу Дзмітрый Парцяны. –З выхадам на запланаваныя магутнасці працуем кругласутачна – работа аператараў арганізавана ў дзве змены. 500 высокапрадукцыйных кароў доім тры разы ў дзень, астатніх – два разы. У кожнай змене па два аператары машыннага даення, а ўсяго разам з падменнай – пяць. З першага дня эксплуатацыі комплексу выдатна працуюць Валянціна Сарока і Наталля Вароўская. Яны дасканала вывучылі сваю справу і тэхналагічныя аперацыі, ахвотна перадаюць свой вопыт маладым аператарам. Абслугоўваннем тэхналагічнага абсталявання займаюцца два слесары, доглядам кароў – тры жывёлаводы.
На комплексе працуюць чатыры спецыялісты: памочнік начальніка Галіна Лаўрэнка, заатэхнік-селекцыянер Аксана Ракевіч, ветфельчар Яўгеній Булай і замацаваны за комплексам галоўны ветурач Васіль Данюк.
На комплексе створаны выдатныя ўмовы для ўтрымання жывёлы. У прасторных кароўніках яна мае магчымасць свабодна хадзіць па памяшканні, а не знаходзіцца на прывязі, што станоўча ўплывае на яе самаадчуванне. Вялікае значэнне адыгрывае збалансаванае кармленне высакаякаснымі кармамі, якімі, дарэчы, малочны комплекс забяспечаны на цэлы год. Усе кармасумесі рыхтуюцца згодна складзеных рацыёнаў для кожнай групы кароў і цялушак. Абавязкова ў іх рацыён акрамя сіласу, сенажу, сена, саломы, зернефуражу, жому ўводзяцца камбікармы, раслінны тлушч, кармавыя дрожджы, патака. Усе кармы змешваюцца ў кормараздатчыку і дазіравана раздаюцца жывёле. Улічваючы тое, што жывёла не будзе выпасвацца, назапашванню вітаміну D спрыяе празрысты шыфер, які прапускае ўльтрафіялет і з’яўляецца дадатковай крыніцай эканоміі электраэнергіі. Вокнаў у кароўніках таксама няма – іх замянілі жалюзі, якія могуць падымацца і апускацца ў залежнасці ад знешняй тэмпературы. Дарэчы, свежае паветра паступае і праз спецыяльныя аддушыны ў даху. У нябыт адышлі таксама нязручныя ў эксплуатацыі і даволі стратныя з-за вялікага спажывання электраэнэргіі стужачныя транспарцёры. 
Цяпер у даільнай зале адначасова доіцца 32 каровы. Спраўляюцца з працэсам два аператары. За даеннем і ўлікам малака сочыць камп’ютар. Працэс дойкі займае каля дзесяці хвілін. З даільнай залы малако па малакапровадах паступае ў памяшканне, дзе знаходзяцца халадзільнікі ёмістасцю 8 тон кожны. Дзякуючы сучаснаму даільнаму і халадзільнаму абсталяванню, атрымліваецца высакаякаснае малако. Кожную дойку кантралюе ветурач, які таксама сочыць і за фізіялагічным станам жывёлы.
У кароўніку для сухастойных кароў, які быў нядаўна здадзены ў эксплуатацыю, пачынаецца фарміраванне будучага малочнага статка. Тут знаходзяцца цяляткі, якія толькі што нарадзіліся. Пасля завяршэння будаўніцтва цялятнікаў яны будуць пераведзены ў новыя памяшканні. Для правільнага раздою цялушак тут будзе ўстаноўлена яшчэ адна даільная ўстаноўка “Westfalia”. 
Іншымі на малочнатаварным комплексе сталі ўмовы і для жывёлаводаў. Ручной працы тут практычна не засталося. Устаноўлены душавыя, ёсць раздзявалкі. У вольную хвіліну можна выпіць чаю і паабедаць. Усіх працуючых на комплексе, якія пражываюць у іншых населеных пунктах, на работу і дадому дастаўляюць на аўтобусе сельгаскааператыва. А стымулы дадатковай аплаты дзейнічаюць станоўча на ўмацаванне працоўнай і вытворчай дысцыпліны.
У час гутаркі з даяркамі Вольгай Захарчук і Анастасіяй Базаравай заўважылі ў жанчын добры настрой.
– А чаму б і не? – адзначылі яны. – Работу сваю любім, ды і прыемна цяпер прыходзіць на ферму, дзе створаны такія ўмовы, што душа радуецца.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.