Марыя Радзевіч – польская пісьменніца з зэльвенскiмi каранямі

Нядаўна наведаў маленькую вёсачку Пянюга на Зэльвеншчыне. З-за дрэў і кустоў не відаць нават тых хат, якія засталіся. Хаця ніколі ў Пянюзе не было многа хат, і не вызначалася гэта вёска шматлюднасцю. Хіба напачатку ХХ стагоддзя, калі там налічвалася 350 чалавек. А напачатку ХХI стагоддзя ў Пянюзе пражывалі ўсяго 13 вяскоўцаў.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя Пянюга належала сям’і Радзевіч (Радзівічуўнам). Гэта быў іх маёнтак. Яго ў 1812 годзе набыў дзед Марыі Радзевіч – Антоній. Тут у сям’і Радзевіч 30 студзеня 1864 года нарадзілася дзяўчынка Марыя. Сям’я была даволі шляхетная. І так склаўся лёс, што дзяўчынка з’явілася на свет тады, калі яе бацькі, былыя паўстанцы 1863 года, былі прыгавораны да сібірскай катаргі. Справа ў тым, у іх маёнтку царскія жаўнеры знайшлі зброю паўстанцаў. І гэтага хапіла дзеля таго, каб Радзевічаў выслаць на катаргу. Таму бацька Марыі Радзевіч быў сасланы раней і нараджэння дачкі ў Пянюзе ён не дачакаўся. А вось маці Марыі царскія ўлады “пашкадавалі” і дазволілі ёй нарадзіць дачку дома. А праз месяц Амелію Радзевіч таксама адправілі ў далёкую Сібір. Дзяцей яна пакінула сваякам, якія адвезлі іх на Палессе. Марыя выхоўвалася ў Караліны Скірмунт, якая была з вядомага роду Скірмунтаў.

Праз сем гадоў з Сібіры вяртаюцца яе бацькі. Але былым паўстанцам забаранілі жыць на Бацькаўшчыне і сям’я чатыры гады шукала прытулку ў Варшаве.

У 1875 годзе памірае брат бацькі Марыі Радзевіч Тэадор Радзевіч, які валодаў маёнткам Грушава на Кобрыншчыне. Гэты маёнтак ён некалі купіў у нашчадкаў Суворава, якім Кацярына II падаравала у знак заслуг па заваяванні Беларусі. Сюды і пасяліліся бацькі Марыі Радзевіч. Фактычна пісьменніца ў Грушаве і жыла да 1939 года. Бо з 1887 года пані Радзевіч фармальна стала гаспадыняй маёнтка Грушава.

Першыя літаратурныя навэлы “Гама пачуццяў” і “З блакнота рэпарцёра” Марыя Радзевіч апублікавала пад псеўданімам Маро ў адным з польскіх часопісаў. А ў 1884 годзе пад гэтым псеўданімам пісьменніца друкуе апавяданні “Язон Баброўскі” і “Farsa pany”.

Сапраўдная папулярнасць да Марыі Радзевіч прыйшла пасля перамогі ў літаратурным конкурсе часопіса “Swit”, дзе яна апублікавала сваю аповесць “Страшны дзядуня”, якая была надрукавана на старонках львоўскага “Dzienika Lwowskego”, а затым у кніжным выдавецтве ў Варшаве. Аповесць выйшла з друку, калі аўтарцы было дваццаць гадоў. Нягледзячы на некаторую наіўнасць, надуманасць сітуацый, аповесць прываблівала тады чытачоў сваёй навізной і шчырасцю. Здзіўляла багаццем фантазіі маладой пісьменніцы, яе ўменне трымаць у напружанасці чытачоў, заінтрыгаваць іх, арганічна ўвесці ў твор элемент таямнічасці. Аповесць “Страшны дзядуня” была невялікай па аб’ёму. Яна ўключала шэсць раздзелаў і эпілог, у якіх апісвалася жыццё маладога пецярбургскага студэнта, пазней інжынера Гераніма Бялапятровіча. Гэту папулярнасць хутка ўзмацніла чарговая перамога пісьменніцы на конкурсе раманаў, які арганізавала выдавецтва “Куранты Варшаўскія”. Яе раман “Дэвайціс” вельмі добра прыняла тагачасная сучасная літаратурная крытыка, яго заўважылі амаль ўсе часопісы, рэцэнзенты, якія часта і самі былі пісьменнікамі, сярод якіх аказалася і Марыя Канапніцкая. Дарэчы, Канапніцкая потым шчыра сябравала з Радзевіч, была ў яе ў гасцях у Грушаве. І Марыя Канапніцкая, і іншыя пісьменнікі і крытыкі, хвалілі аўтарку за патрыятычныя і грамадскія тэндэнцыі, але ў той жа час і крытыкавалі мастацкую прастату твора. “Дэвайціс” у той час хутка пераклалі на дзевяць еўрапейскіх моў. Свае творы, якія атрымалі еўрапейскую вядомасць, Марыя Радзевіч пісала па-польску, але прататыпамі іх герояў нярэдка былі жыхары Грушава і нават Пянюгі, якія зрэд часу наведвала пісьменніца. А ўвогуле, аўтарка была асобай для свайго часу досыць экстравагантнай – прыняла рашэнне не выходзіць замуж, магла насіць мужчынскае адзенне. Пісала ў Грушаве свае творы, ганарары ад якіх часта траціла на развіццё гаспадаркі, а па гістарычных звестках і ўспамінах мясцовых жыхароў – шмат займалася дабрачыннасцю.

У канцы 1990-х гадоў у Польшчы выйшаў трохтомнік “Księga Pamiątkowa Żyrowiaków” (Gołuchow, 1999). У першым томе апублікаваны цікавы ўспамін Яна Залеўскага “Мой час да вайны і пасля вайны”. Сам аўтар успамінаў у 1930 годзе скончыў Жыровіцкую лясную школу, а пасля вайны працаваў у лясной гаспадарцы. У сваіх згадках ён прыгадвае і Марыю Радзевіч. Аўтар піша (пераклад з польскай мовы): “У 1933 годзе мы напісалі, разам з начальнікам школы ў Мастах Юрыем Пацынкам, пісьмо нашай пісьменніцы Марыі Радзевіч з просьбай прыняць нас да сябе ў госці. Літаральна праз некалькі дзён мы атрымалі адказ-запрашэнне. Пані Радзевіч жыла ў сваім маёнтку Грушава каля Кобрына. У лісце яна паведаміла, калі будзе вольная і зможа нас прыняць. Да маёнтка мы даехалі на веласіпедах. Палац, карацей кажучы, шляхетная сядзіба, якіх у той час было шмат у краіне, знаходзіўся ў парку. Пані Радзевіч дома не аказалася. Яна вярхом на кані паехала ў поле паглядзець, як ідуць палявыя работы. Нас завялі ў вялікі пакой, дзе мы яе чакалі каля дзвюх гадзін. На стале ляжалі газеты і некалькі кніг аўтаркі. Мы звярнулі ўвагу на дошку пад шклом, якая вісела на сцяне. Рукой быў напісаны тэкст, які з’яўляўся заклікам у выглядзе дзесяці запаведзей да тых, хто яе наведвае. Вось некаторыя з іх:

1. Не прынось у дом хвалявання.

2. Паводзь сябе сур’ёзна і карэктна.

3. Памятай, што знаходзішся сярод людзей і паводзь сябе з павагай.

4. У гутарках трымай свой гонар.

5. Памятай, што ты госць, таму карыстайся ўсімі прывілегіямі, якія належаць гасцям, але злоўжываць нельга і г.д.

Нарэшце прыйшла пісьменніца. Была яна вельмі ветлівая. Распавядала нам пра сваю творчасць. Гутарка працягвалася каля трох гадзін, і мы былі вельмі зачараваныя. Потым яна пачаставала нас абедам. Стравы былі дужа простыя і вегетарыянскія. Замест супа – кіслае малако, халоднае, смачнае, проста з падвала. Потым Марыя Радзевіч завяла нас у пакоі палацавай службы, усе яны былі мяшчанскія. На кухні, у пакоях – усюды ляжала драўляная падлога. Рабочыя былі задаволеныя ўмовамі такога жыцця і вельмі хвалілі паню. Нашу сустрэчу з пісьменніцай мы прызналі жыццёва важнай і распавядалі пра яе многім сваім сябрам і шмат гадоў пазней”.

 Марыя Радзевіч напісала дзесяткі твораў, а ў такіх, як “Лета лясных людзей”, “Каштоўны камень”, “Пажары і папялішчы”, “З глушы”, “Чорны хлеб” і ў многіх іншых закранала беларускую тэматыку, апісвала жыццё вяскоўцаў, а таксама хараство беларускай прыроды, заўсёды спачувальна ставілася да беларускага сялянства.

Даследчык заходнебеларускай літаратуры Уладзімір Калеснік (1922-1994) неяк прызнаўся, што знаёмыя беларускага пісьменніка Леапольда Родзевіча (1895- 1938), аўтара славутага жарта “Збянтэжаны Саўка”, казалі неяк яму, што Леапольд Родзевіч быў далёкім сваяком, а не толькі аднафамільцам, гэтай папулярнай даваеннай раманісткі. А Максім Танк жартаваў: “Сваяцтва ў гэтых Родзевічаў, відаць, далёкае, адлегласць такая, калі не большая, як паміж фацэціямі Леапольда і рамантычнымі аповесцямі Марыі. Дзіва толькі, як такія анахранічныя аповесці маглі падабацца чытачам? Нават галовы кружылі моладзі…”. Сапраўды, многія творы Марыі Радзевіч у свой час “кружылі галовы” маладым чытачам. Творамі “Грыўда”, “Лета лясных людзей”, “Дэвайціс” і іншымі Марыі Радзевіч умела зачараваць рамантычнай бескарыслівасцю, летуценнай высакароднасцю, хоць сацыяльныя пазіцыі часта былі ў яе невыразныя, нават старамодныя, кансерватыўныя. Як пісаў Уладзімір Калеснік у сваёй кнізе “Зорны спеў” (Мн., 1975), “ледзь не разам з ёю і пра той жа край пісала Ванда Васілеўская, а карціны зусім розныя. У Васілеўскай кіпіць барацьба палешукоў супраць асаднікаў, а ў Радзевіч усё цягнецца старая патрыярхальная ідылія”. У верасні ў Заходнюю Беларусь прыйшла Чырвоная Армія. Марыя Радзевіч сустрэла яе “хлебам і соллю”, а свой маёнтак аддала вайскоўцам для пастою. У адказ за гасціннасць, чырвонаармейцы выкарыстоўвалі бібліятэку пісьменніцы ў якасці паліва для кастроў…

У 1939 годзе Марыя Радзевіч выехала ў Варшаву. А восенню 1944 года яна памерла ад пнеўманіі. Кнігі Марыі Радзевіч у перакладзе на беларускую мову ў Беларусі не выдаваліся.

Сяргей ЧЫГРЫН

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены