Марыя і Рычард Вараб’і – адныя з першых выпускнікоў Гродзенскага медінстытута

Сярод тых, хто першымі ў вобласці атрымаў вышэйшую медыцынскую адукацыю ў новаствораным Гродзенскім медінстытуце, – сям’я Вараб’ёў з Тулава. Марыя Міхайлаўна ўвогуле выпускніца 1964 г., г. зн. першага набору. Рычард Іванавіч развітаўся з вну крыху пазней – у 1966-ым. І ў Тулаўскай участковай бальніцы Марыя Міхайлаўна апынулася раней за мужа, адразу пасля атрымання дыплома.

Напэўна, калі б бацькі (Рычард Іванавіч родам з Тулава) і жонка не настойвалі на вяртанні дадому, галава маладой сям’і застаўся б працаваць дзе-небудзь у вялікім горадзе. Справа ў тым, што ў гады вучобы Варабей быў удзельнікам некалькіх навуковых канферэнцый, яго даклады былі высока ацэнены прафесарамі Кіеўскай, Вільнюскай, Талінскай, Мінскай і іншых медустаноў, таму з працаўладкаваннем праблем не было б ніякіх. Ды і на навуковую каляіну запрашалі. Але кліч радзімы аказаўся мацнейшым, і амаль паўвека Рычард Іванавіч верна служыў землякам, часта ратуючы іх не толькі ад хвароб, але і ад смерці.

Падрыхтоўка ў абоіх Вараб’ёў была бездакорнай. Марыя Міхайлаўна да моманту паступлення ў Гродзенскі медінстытут закончыла курсы медсясцёр і год працавала ў хірургічным аддзяленні Свіслацкай бальніцы. У перыяд работы ўрачом прайшла курсы ўдасканалення па сардэчна-ныркавай паталогіі, тэрапіі і педыятрыі, гастраэнтаралогіі і геранталогіі. Самаадданая праца адзначана шматлікімі падзякамі і медалямі “За доблесную працу”, “Выдатнік аховы здароўя”. Каля дзесяці накірункаў удасканалення ў прафесіі прайшоў і Рычард Іванавіч.

Р.І.ВАРАБЕЙ (справа) у час здачы выпускных экзаменаў у Гродзенскім медінстытуце.

Рычард Іванавіч увогуле ўнікальны спецыяліст. Пасля Міжэрыцкай СШ закончыў з адзнакай Ваўкавыскі ветэрынарны тэхнікум і як лепшы выпускнік быў накіраваны на вучобу ў Маскоўскую ветэрынарную акадэмію. Два гады паспяхова вучыўся там, як бы канчаткова вызначыўшыся з прафесійным лёсам. Ды бацькі-калгаснікі вельмі прасілі сына перавесціся бліжэй да дому, каб і ім, і яму лягчэй было матэрыяльна. Паехаў “на разведку” у Гродзенскі медінстытут, дамовіўся аб пераводзе. Але трэба было здаць іспыты па прадметах, якіх не было ў праграме Маскоўскай вну. І пакуль студэнты былі на ўборцы бульбы ў калгасах, ён здаў усё, што патрабавалася. Праўда, страціў год, зноў апынуўся на другім курсе.

У 60-я гады мінулага стагоддзя Тулаўская ўчастковая бальніца абслугоўвала насельніцтва 18-ці вёсак, адказвала за работу трох суседніх ФАПаў. Каля пяці тысяч чалавек жыло тады ў навакольных вёсках. А транспарт ва ўрачоў – конь з павозкай ды матацыкл з каляскай. Не раз бывала, што адначасова атрымлівалі выклікі з двух процілеглых канцоў участка. Прыходзілася выбіраць, куды спяшыць найперш. Выручала выдатная падрыхтоўка абоіх, уменне супакоіць людзей, а нярэдка і інтуіцыя. Сёння ўжо і не згадаць, колькі цяжкіх выпадкаў давялося перажыць. Зімы былі суровымі, дарогі – без асфальту. Выкліканая з Зэльвы “хуткая” засядзе дзе-небудзь у Калінаўцы, а чалавека з Крэслаў трэба да яе даставіць. Даводзілася і на павозцы падвозіць, і на руках несці.

Р.І.ВАРАБЕЙ (першы злева) у час практыкі ў Ваўкавыскім раёне

Аднойчы жанчыну-гіпертоніка на трактары прывезлі з крывацёкам. Што толькі ні рабілі – ніяк кроў не спыніць. На вачах жанчына гіне. Імгненна прыходзіць рашэнне: на цырату са снегам – і на мароз. Як ні дзіўна, жыццё жанчыне выратавалі і запалення лёгкіх пазбеглі.

Дэвіз – змагайся да апошняга – выручаў не раз. Неяк самагубцу без усякіх прызнакаў жыцця ўдваіх выратавалі. Былі і трагікамічныя выпадкі. Жанчыну проста з бурачнай дзялкі з прыступам прывезлі. Сама яна нічога не кажа, шафёр, што прывёз, тым болей нічога не ведае. Памылі, абследавалі, а ў жанчыны схваткі пачаліся… Дзетак маленькіх на ўчастку было нямала. На адным Пасуціцкім (тады Забагонненскім) ФАПе, як згадвае Рычард Іванавіч, было ў тыя гады да 30-ці немаўлят. Без адказных і вопытных акушэрак і медсясцёр, вядома, не справіліся б. І тулаўскія ўрачы бераглі і шанавалі свой персанал. Нярэдка і замуж маладых дзяўчат за мясцовых хлопцаў аддавалі, каб не было адтоку кадраў.

Рычард Іванавіч умеў арганізаваць не толькі ўрачэбны працэс. Калектыў бальніцы і адпачываць умеў. Галоўны ўрач вазіў сваіх калег на экскурсіі як па Беларусі, так і па іншых мясцінах вялікага Саюза. У сямейным архіве Вараб’ёў шмат фотаздымкаў з Ленінграда, Пяцігорска, Кіславодска…

М.М.ВАРАБЕЙ (злева).

Бальніца ў Тулаве была разлічана на 25 месцаў – і для дарослых, і для малых пацыентаў. План па ложка-месцах не толькі выконвалі – перавыконвалі штогод на 160-170%! Як толькі ў Зэльвенскай раённай бальніцы не хапала месцаў – везлі адразу ў Тулава. Ведалі, што Вараб’і ніколі не адмовяць хвораму чалавеку.

Бездакорна была арганізавана ў Тулаўскай участковай бальніцы работа з донарамі. Тут сам Рычард Іванавіч быў у першых радах: не менш сарака разоў здаваў кроў. Нездарма ў 1987 г. ён адзін з нямногіх у Беларусі як Ганаровы донар быў узнагароджаны медалём Пірагова. На жаль, як і ўсюды, насельніцтва на ўчастку Тулаўскай бальніцы ўвесь час скарачалася. І гэта не магло не адбіцца на арганізацыі медыцынскага абслугоўвання. З участковай бальніцы Тулаўская ператварылася ў амбулаторыю. А працы не ўбаўлялася. Наадварот, да іх зоны абслугоўвання далучылі яшчэ і Каралінскі ФАП. Вядома, сродкі сувязі зараз намнога лепшыя, чым у другой палове 20-га стагоддзя. Транспарт, дарогі не параўнаць з былымі. Ды хваробы ад паляпшэння ўмоў жыцця не знікаюць. І прафесія ўрача запатрабавана была, ёсць і будзе.

Стаж урачэбнай практыкі ў сямейнай пары Вараб’ёў амаль 90 гадоў: 40 год у Марыі Міхайлаўны і каля 50-ці ў Рычарда Іванавіча. За кансультацыяй да чулых і ўважлівых медыкаў звяртаюцца землякі і зараз. Размаўляеш з гэтай мілай парай і міжволі думаеш: шкада, што адыходзяць у нябыт сельскія бальніцы з такімі ўсебакова падрыхтаванымі спецыялістамі. Сельскія ўрачы ведалі сваіх пацыентаў не па ўліковых картках, а асабіста. Зналі, у якіх умовах жывуць, што іх хвалюе, хто іх продкі, чым хварэлі. Таму і прычыну чарговага недамагання маглі вызначыць беспамылкова. А правільны і своечасовы дыягназ – шлях да хуткага выздараўлення.

Справу бацькоў-урачоў працягваюць дзеці. Сын Міхаіл працуе ў абласной бальніцы намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскіх катастрофах. Нявестка Анжэла – намеснік галоўнага ўрача абласнога цэнтра гігіены і здароўя. Дачка Ала – эпідэміёлаг абласной санстанцыі (Рычард Іванавіч у свой час атрымаў званне “Выдатнік санітарнай службы”).

Радуюць унукі і праўнук, якія часта наведваюць дзядулю з бабуляй, маюць магчымасць знаёміцца з гісторыяй свайго роду: фотаздымкаў, узнагарод, успамінаў у сям’і – безліч. Іх хапіла б на цэлую экспазіцыю ў музеі. Няхай дадаюць экспанатаў і дзеці з унукамі.

Яніна Шматко

Вам может быть интересно

Комментарии отключены