«Хацелася сваіми рукамі ствараць нешта цікавае і неардынарнае». Гісторыя таленту Вольгi Рысюк з вёскі Конна

Вольга Рысюк наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў амаль з дня яго адкрыцця. Як кажа сама Вольга, трапіла сюды дзякуючы настойлівасці Таццяны Міхайлаўны Мананнікавай, першай загадчыцы аддзялення.

Як чалавек самадастатковы, дзяўчына думала, што наведванне гэтай установы не вельмі ёй патрэбнае.

Памылялася, – усміхаецца Вольга, згадваючы свае ваганні. – У аддзяленні столькі таленавітых людзей, яны так многа мне дапамаглі і дапамагаюць, што я вельмі ўдзячна Таццяне Міхайлаўне, якая перамагла мой недавер.

Вольга – ураджэнка і жыхарка вёскі Конна. Там закончыла пачатковую школу, а пасля закрыцця Конненскай базавай працягвала навучанне ў Бародзіцкай БШ, Зэльвенскай і Ваўкавыскай санаторных школах. Атрымала сярэднюю адукацыю і паступіла ў Мінскі дзяржаўны каледж швейнай вытворчасці. Як швяя-вышывальшчыца, тры гады працавала на прыватным прадпрыемстве «Ин-Обнова». Работа хоць і давала матэрыяльны дабрабыт, але маральнага задавальнення не прыносіла. Вользе хацелася ствараць нешта цікавае і неардынарнае, а не карпець з дня на дзень над спецвопраткай. Яна ж з дзяцінства сама шыла адзенне для любімых лялек, вышывала, вязала і была ўпэўнена, што здольная стварыць штосьці не толькі патрэбнае для цела, але і для душы.

Вярнулася дадому, і пачаліся пошукі сваёй нішы ў жыцці і мастацтве. Не толькі шыла – вышывала, пачала ствараць карціны з падручных матэрыялаў. Далей – болей: згадала дзіцячае захапленне лялькамі і паспрабавала «перайсці на вышэйшы ўзровень» у іх стварэнні. Незаўважна для сябе моцна захапілася гэтым. То сястры ляльку падарыць, то цёці, то сяброўкам. І ўжо зразумела, што не можа абысціся без гэтага карпатлівага занятку. А тут і Таццяна Міхайлаўна ўгаварыла стаць наведвальніцай дзённага аддзялення. Спецыялісты вельмі дапамаглі дзяўчыне.

Спачатку Іна Анатольеўна Агей, потым – Лідзія Канстанцінаўна Рудая, за што ім Вольга бязмежна ўдзячная. Яе вырабы высока цэняць як у самім аддзяленні, так і за яго межамі. Вольга ахвотна ўдзельнічае ў розных конкурсных паказах, святочных мерапрыемствах і святах. На адным з Ганненскіх кірмашоў яе лялькі вельмі спадабаліся гасцям свята. Спачатку Вольга стварала для сябе персанажы для штодзённага побыту – «для кухні», як кажа дзяўчына. Потым паспрабавала ўявіць сваю гераіню на канцэртнай сцэне, на маскарадзе, на балі. Атрымалася прынцэса ў прыгожым убранні – сучасная Барбі, якую так любяць дзяўчынкі. Адну такую прыгажуню падарыла дзеткам аднаго з гродзенскіх садкоў, дзе працуе Оліна цёця. Зараз Оля рыхтуе ляльку-паварчука: з белым каўпаком, з чарпаком і з фартухам. Усё, як і належыць.

Але не толькі дэкаратыўна-прыкладная творчасць цікавіць Вольгу. Яна наведвае і іншыя гурткі і клубы аддзялення. Незаменная падчас выступленняў на ўсіх святочных мерапрыемствах: навагодніх ранішніках, Васьмісакавіцкіх, Вялікодных і г.д. Ахвотна чытае са сцэны творы любімых паэтаў, удзельнічае ў інсцэніроўках клуба «Соцветие надежд» і гурткоў «Я пою» , «Вся жизнь – театр» (кіраўнік Святлана Лабецкая), адна з актыўных спартсменак у клубе «Здаравячок» і інш. А з якім захапленнем Вольга танцуе! Дуэт Людміла Скіба – Вольга Рысюк паспяхова выступіў на фестывалі нацыянальных культур у Гродне і быў вылучаны на міжнародны форум – «Славянскі базар» у Віцебску. Трэніраваліся дзяўчаты доўга і старанна, не шкадуючы часу і рук і ног, вядома. Іх «Каўбойскі танец» не пакінуў абыякавымі ні гледачоў, ні журы: шчаслівыя і задаволеныя, вярнуліся адтуль з Дыпломам. І гэта – не адзіны танцавальны нумар у рэпертуары Вольгі. Вось і ў Іўе ездзілі з «Макамі» , вельмі спадабаліся там. Да Года адзінства рыхтуюць «Васількі».

Добрая, засяроджаная, клапатлівая, спагадлівая, – кажа пра дзяўчыну загадчыца аддзялення Інна Віктараўна Таляркова. – Яна валанцёр Чырвонага Крыжа, нястомная ў выдумках і ініцыятывах. Мы не ўяўляем без яе ўдзелу ніводнага мерапрыемства.

На ліку Вольгі шмат добрых спраў. Яна ахвотна дзеліцца сакрэтамі свайго майстэрства з іншымі: правяла майстар-клас не толькі для сваіх сяброў, але і для пажылых людзей.

У актавай зале змясцілі выставу творчых работ Вольгі, дзе прадстаўлены і карціны, і вышыўка, і, вядома, асноўны прадмет яе захаплення – лялькі. Глядзіш на ўсю гэтую рукатворную прыгажосць і думаеш: сапраўды, няма межаў чалавечым магчымасцям, палёту яго фантазіі.

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены