Любоў да роднай зямлі праходзіць праз усе вершы елкаўскай паэткі Валянціны Ададуравай

Пра таленавітую паэтку і настаўніцу Валянціну Ададураву (1941-1995) з вёскі Елка Зэльвенскага раёна сёння нагадвае толькі адзіны зборнік яе вершаў “Глыбінка”, які выйшаў з друку ў Слонімскай друкарні за год да смерці Валянціны Захараўны – у 1994 годзе.

Шмат гадоў чакала свой першы паэтычны зборнік гэтая сціплая і здольная жанчына. Жывучы ў глыбінцы, ёй цяжкавата было выдаць яго ў Мінску, дзе ў выдавецтвах па некалькі гадоў ляжалі рукапісы нават даволі масцітых літаратараў рэспублікі. Таму ёй, вясковай настаўніцы, адзінай радасцю і ўцехай было бачыць свае паэтычныя творы надрукаванымі ў раённай і абласной газетах ці часам у часопісах “Работніца і сялянка” і “Роднае слова”. Адзін верш неяк трапіў і ў зборнік “Краю мой – Нёман” (Мн., 1986). Усё ж гэтыя клопаты былі для Валянціны Ададуравай менш істотнымі, бо галоўнае – жыло натхненне, пісаліся і пісаліся новыя вершы.

Нарадзілася паэтка ў 1941 годзе ў вёсцы Хадзявічы Слонімскага раёна. Закончыла філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Жыла і працавала настаўніцай у вёсцы Елка на Зэльвеншчыне. Дарэчы, ад яе роднай вёскі да Елкі нейкіх тры кіламетры. Па дарозе дамоў стаіць велічная і неўміручая Сынкавіцкая царква-крэпасць. Пра яе, як і пра вёскі Хадзявічы і Елка, у паэткі таксама ёсць верш, а ў ім радкі:

Каторы век каштанаў свечкі
Цвітуць ля крапасной сцяны.
Што ж! Чалавек недаўгавечны,
А сцены – вунь стаяць яны.

Гэтую страфу я працытаваў з першага зборніка вершаў Валянціны Ададуравай “Глыбінка” (Слонім, фундатарам выдання было будаўніча-мантажнае прадпрыемства “Зэльваэнергабуд”).

Любоў да роднай зямлі праходзіць праз усе вершы паэткі. Цэлая геаграфія Зэльвеншчыны і Слонімшчыны ў яе радках. Яны шчырыя і светлыя, як крыніцы. Адразу адчуваеш, што пісаліся гэтыя творы на адным дыханні. І пісаліся яны менавіта тады, калі пульсавала натхненне, калі на сэрцы і ў душы выспявалі радкі і прасіліся на паперу.

Вобразы вёскі і сваіх землякоў для паэткі Валянціны Ададуравай – былі нібы глыток чыстай, гаючай вады, якая лечыць, супакойвае і жывіць, надае сілы і бадзёрасць. Яна сама прызнавалася, што “не шукае далёкага раю” і што “мне мілей беларускі родны кут”, дзе

Хаты з крамяных смольных хваінак,
Вольхі за вёскай па груды ў вадзе.
Стукнеш у дзверы няўтульнай
часінай –
Сэрцам сагрэешся тут у людзей.

Чытаючы і перачытваючы сёння зборнік вершаў паэткі, звярнуў увагу на верш “Бацькаўшчына”. У ім цэлы вянок беларускіх слоў на літару “б”. Дзіву даешся, якія ўсё ж у нашай мове сакавітыя і прыгожыя словы. Вось, напрыклад, колькі іх у адным гэтым вершы: бацькаўшчына, бор, балота, блакіт, белы бусел, Беларусь, беразняк, бракун, брусніцы, бульба буяе, бурштынавыя бярвенні, беларусы. Цэлы слоўнічак у адным вершы.

Даўно ўжо няма жывых бацькоў нашай зямлячкі, але ім у зборніку прысвечана шмат вершаў. Большасць з іх напісана на фальклорнай аснове, бо, відаць, праз народную песню глыбей перадаецца любоў да маці і бацькі ці проста помняцца тыя песні, якія яны спявалі:

Ой, у полі каліна,
Дый каліна завяла,
Без цябе, любы,
Без цябе, мілы,
Мая доля прапала…

Валянціна Ададурава ўсё жыццё працавала ў школе, усё жыццё была сярод дзяцей. Таму дзіўна было б, каб пра школу не пісалася вершаў. Праўда, большасць сённяшніх паэтаў пачыналі свой працоўны шлях настаўнікамі ў школах, а вось вершаў на гэтую тэму, на жаль, напісана зусім мала. У аўтаркі “Глыбінкі” такія вершы ёсць, прычым добрыя вершы, якія так і просяцца на музыку:

Ах, сто дарог! Да пабачэння, школа!
Ах, сто дарог! Вы сніліся даўно!
Але чаму сягоння невясёла
Звініць той самы школьны
наш званок!..

Ёсць у адзіным зборніку зэльвенскай паэткі і лірычна-іранічныя вершы. Чытаючы іх, адчуваеш, што ў беларускай глыбінцы таксама ўмеюць жартаваць і смяяцца. Па адных назвах можна здагадацца аб чым яны. Вершы “У паліклініцы”, “Жанчыне цяжка дагадзіць”, “Дэфіцыт”, “Мой воз і лёс” апавядаюць аб тым, чым “хварэюць” сёння вёска і райцэнтр.

Бясконца можна гаварыць пра першы паэтычны зборнік “Глыбінка” Валянціны Ададуравай. Яго ўзрушаны роздум аб тым, што ўбачана і перажыта, ён кранае напоўненасцю радкоў і вобразнай мовай. Паэзіі аўтаркі ўласціва было напружанае судакрананне думкі і пачуцця, гранічная шчырасць у лірычным самавыяўленні. Ёсць, праўда, і вершы, якія з гадамі страцілі сваю актуальнасць, састарэлі, але “Глыбінка” паэткі атрымалася, як песня, а з песні слоў не выкінеш.

Калі зборнік з’явіўся на свет, я пісаў у 1995 годзе. Пісаў тады, калі яна жыла, і калі хутка яе не стала. Цяпер кожны раз, калі еду ў родную вёску паэткі Хадзявічы, а гэта і мая родная вёска на мяжы Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў, мне прыгадваюцца яе цудоўныя шчырыя радкі:

Куточак родны – Хадзявічы.
Да вас шляхі з усіх канцоў.
Ды незнаёмы, непрывычны
Мне твары юных хадзяўцоў.
Дадому ў госці… Крыўдна шчыра.
Ды птушкам быць не век ў гняздзе.
Хай будзе найцяплейшы вырай,
А сцежка зноў сюды вядзе.

Разам з гэтымі радкамі, прыгадваецца і сама Валянціна Захараўна. Не так часта прыходзілася з ёй сустракацца, бо жыла яна ў суседняй з Хадзявічамі Елцы, але такія сустрэчы былі. Найбольш яе цікавіла тое, аб чым я пішу. Яна пыталася заўсёды, што новае ў літаратуры, у нашай культуры. Была Валянціна Захараўна вельмі сціплай, адукаванай, інтэлігентнай, апантанай у жыццё жанчынай. Але лёс ёй не даў пажыць шмат. Як Максім Багдановіч, так і наша зямлячка, пры жыцці паспела выдаць толькі адзіны зборнічак светлай паэзіі “Глыбінка”. Па сваіх светаадчуваннях, светаразуменнях, манеры думаць і гаварыць Валянціна Ададурава была найперш вясковай, сялянскай паэткай. Яе любоў да роднага краю была настолькі магутнай, усеабдуманай, што, правёўшы дзяцінства, юнацтва ў вёсцы паэтка зрабіла яе галоўным героем у сваіх паэтычных радках.

Валянціна Захараўна з дачкой

Шмат сваіх вершаў паэтка прысвяціла зэльвенскім вёскам Шавулічы, Манцякі, Ялуцавічы, Елка, Крамяніца, родным краявідам і землякам. Яна любіла зэльвенскія вёскі і пісала ім вершы-гімны. Уся істота паэткі была ахоплена такой нястрымнай любоўю да маленькай радзімы, што нічога, апроч яе, яна проста не магла ўспрымаць. Вось асобныя радкі пра зэльвенскія вёскі. Пра вёску Шавулічы:

Зарасла дзірваном брукаваная вуліца,
Што калісьці шумнай была.
Невялічкую вёску Шавулічы
Каты-немцы спалілі датла…
Пра вёску Манцякі:
Ах, Манцякі! Мне не з рукі
Часцей сюды заглядваць.
Але святочныя дзянькі
Сустрэчаў з вамі, сваякі,
Надоўга сэрцы радасць…
Пра вёску Ялуцавічы:
Ялуцавічы, вёска палявая!
Шафёр, крыху суціш машыны ход.
Расстання слёзы мглою наплываюць.
Ці знаеш, вёска, колькі пакідаю
Пражытых тут і памятных мне год?..

Пра вёску Елка:

Непадуладная ні на хвіліну
Напластаванню часу і падзей,
Ты расцвітаеш, Елка-Яліна,
Робішся з кожнай вясной маладзей…

Валянціну Ададураву вельмі хваляў і лёс роднай зямлі, мовы і народа, прыгажосць беларускай прыроды, пытанні маралі і міру. Пра гэта яна таксама некалі пісала. Няўтольная прага любові да ўсяго блізкага, да гродзенскага краю, Бацькаўшчыны, шчырых і добрых людзей гучалі ў яе мілых, адкрытых паэтычных радках. Вельмі часта перачытваю яе “Глыбінку” – зборнічак жаночых пачуццяў, захапленняў, радасці, дзе хораша апета родная зямля, якая, як магніт прыцягвала яе чуллівае сэрца. Чытаю яе вершы сёння і адчуваю, што без Беларусі ёй не было б спакою, не было б натхнення і святасці. Паэзія, землякі і родная зэльвенская зямля яе лячылі, суцяшалі, а паэтка іх апявала ў сваіх вершах. Гэтыя вершы Валянціна Ададурава пакінула нам, як напамін пра яе, як наказ, як трэба любіць бацькоўскі кут, захапляцца ім, берагчы і шанаваць яго.

Сяргей ЧЫГРЫН
Фота з архіва аўтара

Вам может быть интересно

Комментарии отключены