Жыхарка райцэнтра Яўгенія Клімчук: «Разбудзі мяне сярод ночы – і цяпер назаву тагачасныя тарыфныя стаўкі»

Калі спыніць на вуліцы выпадковага чалавека і запытацца, якія ён назаве цікавыя прафесіі, наўрад ці пачуеце ад яго спецыяльнасць бухгалтара. Але не ў выпадку нашай гераіні – жыхаркі райцэнтра Яўгеніі Клімчук. Яна прысвяціла сваёй прафесіі – як раз бухгалтара – 38 гадоў.

Ад драўляных лічыльнікаў да калькулятара, ад калгаснага эканаміста да бухгалтара райвыканкама – такі шлях прайшла Яўгенія Клімчук, равесніца Гродзенскай вобласці, якая сёлета таксама адзначае сваё 75-годдзе.

Жыццё Яўгеніі Уладзіміраўны, як і большасці яе равеснікаў, бесклапотным не назавеш. Але, па словах самой жанчыны, было яно цікавым і змястоўным. Бо жыла ў эпоху важных гістарычных падзей. Стала і сведкай, і ўдзельніцай многіх лёсавызначальных пераўтварэнняў.

Увогуле, закончыўшы школу, дзяўчына менш за ўсё меркавала выбраць прафесію бухгалтара. Малявала ў думках нешта больш рамантычнае – марыла стаць настаўніцай замежнай мовы. Але, на жаль, юнацкім планам збыцца не ўдалося – фартуна абышла яе бокам.

Вярнуўшыся з горада дадому, уладкавалася на працу ў мясцовую гаспадарку. (Родам яна з вёскі Вялікая Рагозніца, што на Мастоўшчыне.) За год прыкіпела душой да сельскагаспадарчай справы. Ды і бацькі параілі выбраць больш зямную і хлебную, як самі меркавалі, менавіта прафесію бухгалтара.

Таму, дачакаўшыся наступнай уступнай кампаніі, дакументы павезла ў сельскагаспадарчы тэхнікум у Ашмяны. Атрымаўшы дыплом эканаміста-бухгалтара, на першае рабочае месца прыехала ў Зэльвенскі раён – у калгас “Усход”, што быў тады ў Крывічах. Менавіта тут і пачалася яе працоўная біяграфія. Зэльвеншчына стала для яе другой малой радзімай, і жанчына ніводнага разу аб гэтым не пашкадавала.

Дыпламаванага спецыяліста прызначылі на пасаду эканаміста. На той час гэтая прафесія была яшчэ зусім новай. Успамінае, што ёй, зусім маладой дзяўчыне, даводзілася праяўляць прынцыповасць і строгасць, бо парушэнняў тады было нямала.

11 гадоў аддала Яўгенія Уладзіміраўна калгаснай справе. Як сёння памятае: у першыя гады вяскоўцам працаваць даводзілася ў асноўным “за працадні”.

– Бывае, прыйдзе час атрымліваць зарплату, а грошай у калгаснай касе няма, – успамінае субяседніца. – Такі вось суровы быў той час. Але ніхто ніколі не скардзіўся. На працу і з працы ішлі заўсёды з добрым настроем.

Калгас некалькі разоў мяняў назву: спачатку на «Іскру», потым – на «Бальшавік». Мяняліся і кіраўнікі – у кожнага быў свой стыль кіравання, свае метады.

З тых часоў у памяці Яўгеніі Уладзіміраўны застаўся неад’емны атрыбут кожнага савецкага эканаміста і бухгалтара – лічыльнікі. Узгадваеце такія – з нанізанымі на спіцы драўлянымі бусінамі ў высокай рамцы? Пазней на змену гэтаму рарытэту прыйшоў калькулятар.

Маладую і энергічную дзяўчыну ў калектыве хутка заўважылі і абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі.

– У вёсцы тады шмат моладзі было, – працягвае Яўгенія Уладзіміраўна. – Часта арганізоўвалі спартыўныя спаборніцтвы, святы, на якія збіраліся ўсім калгасам. Як і цяпер, ушаноўвалі перадавікоў вытворчасці.

У 1965 годзе, пасля пленума ЦК КПСС, жыццё вяскоўцаў змянілася ў лепшы бок. Поўнасцю перайшлі на грашовую аплату працы. У калгасах пачалі будаваць жыллё. Яўгеніі, як толькі выйшла замуж, выдзелілі асобную кватэру – падарунак за сумленную працу і грамадскую дзейнасць.

Так жыццё бегла год за годам. Але, як кажуць, чалавек заўсёды шукае нечага лепшага. Вось і Клімчукі вырашылі пераехаць у райцэнтр. Тут Яўгенія ўладкавалася ў райсельгастэхніку. Грамадскай нагрузкай стала пасада старшыні прафсаюзнай арганізацыі. Ужо тады прафсаюз вырашаў нямала важных пытанняў – адна толькі пастаноўка членаў калектыву ў чаргу на жыллё чаго каштавала.

Праз 7 гадоў Яўгенію Уладзіміраўну запрасілі на працу ў райкам партыі, пасля ў райвыканкам. Нярэдка на рабоце затрымлівалася дапазна: фінансавыя дакументы патрабавалі аператыўнасці, немагчыма было адкласці іх назаўтра.

– Гэта цяпер бухгалтэрыя стала праграмнай, усе змены можна знайсці ў інтэрнэце, – заўважае субяседніца. – А раней даводзілася ўсё ведаць, усё ўтрымліваць у памяці. Расказваючы пра сваю работу ў савецкі час, Яўгенія Уладзіміраўна гаворыць, што вопытныя бухгалтары ведалі назубок усе законы:

– Разбудзі мяне сярод ночы – і цяпер назаву тагачасныя тарыфныя стаўкі.

Пры ёй выдзялялася фінансаванне на ўзвядзенне новых аб’ектаў у раёне, сярод якіх былі школы, дзіцячыя садкі, дамы культуры. Часам даводзілася прысутнічаць на іх урачыстым адкрыцці. І гэта былі незабыўныя хвіліны радасці, адчуванне сваёй прыналежнасці да вялікай агульнай справы… Большасць з гэтых устаноў і сёння працуюць, прыносяць карысць землякам, роднай Зэльвеншчыне, на якой прайшло ўсё жыццё нашай гераіні.

– Я люблю свой край, Гродзеншчыну, бо тут нарадзілася і вырасла. Заўсёды аддана працавала і старалася дапамагаць людзям. Люблю сваю сям’ю – яна ёсць сэнс майго жыцця. Радуюць трое дзяцей, 6 унукаў і 2 праўнукі. Многае змянілася ў дабрабыце, дзяржава клапоціцца пра людзей. Мы жывём мірна і спакойна пад блакітным небам. Усё гэта захаваць – абавязак кожнага грамадзяніна Беларусі.

Алена ГАРБАЦЭВІЧ

Вам может быть интересно

Комментарии отключены