Версия для слабовидящих

Зэльвенскія каталікі ўрачыста святкуюць Вялікдзень

Просмотры: 1027

Зэльвенскія каталікі ўрачыста святкуюць Вялікдзень

Вялікі дзень. Вернікі чакалі яго, захоўваючы пост, наведваючы касцёл, шчыра молячыся падчас Крыжовых дарог. Вечарам, у Вялікую Суботу, віталі адзін аднаго радаснымі словамі: “Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!”.

У касцёле Святой Тройцы г.п. Зэльва ўрачыстае богаслужэнне ўзначаліў ксёндз Яцэк Маркель. Напачатку імшы святар правёў абрад благаслаўлення пасхальнай свечкі, якая сімвалізуе Хрыста, Святло. Тройчы заспяваў “Святло Хрыстова!”, на якое вернікі адказалі: “Дзякуем Пану Богу!”. 

Паразважаць над сэнсам падзеі прысутныя змаглі, слухаючы ўрыўкі з “Літургіі Слова на Вялікі пост і Велікодны перыяд”, якія суправаджаліся спевамі і малітваю.

Пасля жалобных слоў настаў час, калі радасна загучаў гімн “Хвала на вышынях!”. Касцёльныя званы пераклікаліся з прыгожым спевам хору і вернікаў. Усё гэта выклікала ўзрушанасць і напаўняла сэрца духоўнай урачыстасцю –Хрыстос уваскрэс з памерлых!

Зэльвенцы па традыцыі абнавілі абяцанне веры. Затым адбылося благаслаўленне вады. Як знак новага жыцця, святар акрапіў прысутных святой вадой. 

З нагоды свята да вернікаў з пісьмовым пасланнем звярнуўся біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, які пажадаў, каб радаснае “Аллелюя!” гучала ў кожнай сям’і, сярод хрысціян у кожным куточку краіны:

Няхай велікоднае віншаванне стане сапраўднай сустрэчай з Панам Богам, – гаварылася ў лісце. – Яднаемся разам у святкаванні Хрыстовай Перамогі, помнім аб малітве.

Са святам зэльвенскіх вернікаў і гасцей парафіі святочнай паштоўкай павіншавалі старшыня райвыканкама Юрый Касталомаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Вадзім Панасік.

Ксёндз Яцэк далучыўся да слоў віншаванняў і пажадаў, каб хрысціянскія традыцыі жылі доўга ў нашай Айчыне, каб не страчваліся культурна-духоўныя традыцыі, каб рэлігійнае слова і вера аб’ядноўвалі як старэйшае пакаленне, так і моладзь, і дзяцей.

Вігілія Пасхі завяршылася цэлебрацыяй Найсвяцейшага Сакраманту і гімнам пашаны Богу. Хрысціяне па традыцыі Крыжовым шляхам прайшлі вакол касцёла, а затым віншавалі адзін аднаго шчыра і сардэчна.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в наших Telegram-канале, MAX.  Подписывайтесь по ссылке!