Юныя парафіяне зэльвенскага касцёла прынялі ўдзел у парафіядзе

Юныя прыхаджане зэльвенскага касцёла Святой Тройцы прынялі ўдзел у IX парафіядзе дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. – Штогод парафіяда збірае ўдзельнікаў з усяго рэгіёну, – расказвае ксёндз Яцэк Маркель. – Сёлета прадэманстраваць свае рэлігійныя веды і цікава правесці час у абласны цэнтр з’ехаліся больш чым паўтысячы чалавек з сарака парафій Прынёмання, а таксама група з Мінска. Сустрэча дзяцей і моладзі распачалася са святой імшы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Ён прывітаў моладзь і заахвоціў кожны дзень праводзіць з малітвай. Юныя вернікі па-следавалі наказу – на працягу знаходжання ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі кожную раніцу спяшаліся на богаслужэнне. Праграма парафіяды была насычанай. Арганізатары падрыхтавалі шмат цікавых конкурсаў, якія раздзялілі на тры групы – святыня, тэатр і стадыён. Веды, атрыманыя на занятках па катэхізме, якія праводзяць ксёндз Яцэк і Таццяна Кароза, спатрэбіліся зэльвецам пры выкананні тэставых заданняў. Уключалі яны пытанні па гісторыі касцёла, жыцці святых, біблейскіх матывах. Выдатнае веданне бібліі прадэманстравала Ірына Но- выш – у яе Дыплом І ступені.  Хлопчыкі і дзяўчынкі з адказнасцю падышлі да конкурсу “Музыка – маё жыццё”, падрыхтаваўшы некалькі творчых нумароў. Выступленне зэльвенцы суправаджалі ігрой на музычных інструментах. Гэта паспрыяла больш пранікнёнаму ўспрыманню прыгожых спеваў канкурсантаў. Праграмай быў запланаваны і конкурс малюнкаў. Хоць ён і абмяжоўваўся вызначанай тэматыкай, фантазія мастакоў не ведала межаў. Пасля прачытання адпаведнага ўрыўка з Бібліі, у якім гаворыцца пра сустрэчу Марыі  і Альж-беты, творцы прыступілі да працы. У выніку з’явіліся прыгожыя малюнкі. Чакалі падлеткаў і спартыўныя выпрабаванні. Разважлівасць і сканцэнтраванасць у турніры па шашках дапамаглі Герману Зубе і Паўлу Чаргейку заняць адпаведна першае і другое месцы. Прыхільніца лёгкай атлетыкі Валерыя Зуба ў кіданні мяча паказала лепшы вынік. Спартыўны інтарэс і жаданне перамагчы зэльвенцы прадэманстравалі таксама ў скачках у даўжыню, бегу, плаванні, гульнях у тэніс, футбол і бадмінтон. Парафіяда запомнілася хлопчыкам і дзяўчынкам таксама сустрэчай з мітрапалітам Мінска-Ма-гілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам і святарамі, новымі знаёмствамі з равеснікамі, стала сапраўднай крыніцай духоўнасці. Наталля МАЦЮК.  
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.