Краіна Беларусь – мая калыска. Чарговае пасяджэнне клуба «Ліра» прымеркавалі да 105-годдзя з дня абвяшчэння БССР

У студзені бягучага года споўнілася 105 гадоў з дня абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР), – адной з вех на шляху стварэння сённяшняй незалежнай Рэспублікі Беларусь.

З гэтай нагоды ў Зэльвенскай раённай бібліятэцы сабраліся самыя актыўныя яе чытачы – члены клуба “Ліра” – і правялі чарговае пасяджэнне на тэму “Краіна,  у якой я жыву”. Кіраўніку “Ліры” Наталлі Цынс вельмі дапамагла Вера Тульвінская, гісторык па адукацыі, таму факты і даты ў сцэнарыі былі гранічна дакладнымі. Вядучыя Наталля Цынс і Ірына Кавалевіч знаёмілі прысутных з усім багаццем перажытай народам гісторыі славесна, а Ігар Атарык дапаўняў іх візуальна на медыйным экране.

Здавалася б кожны з прысутных знаёмы з тым, аб чым гаварылася і паказвалася. Але вяртанне ў перажытае па-ранейшаму хвалюе, бо яно вельмі цесна звязана з нашымі дзядамі і бацькамі. У памяці жывуць сямейныя гісторыі, звязаныя з удзелам нашых продкаў у знамянальных падзеях мінулага стагоддзя. Бо было і бежанства падчас войнаў, і вяртанне на папялішчы, і блакада, і паднявольная праца на чужыне…

Асабліва  хвалявалі ўсіх звесткі пра напамерныя мукі, якія давялося вынесці нашым людзям у гады акупацыі. 2 мільёны 200 тысяч жыхароў загінула – гэта амаль кожны трэці жыхар тагачаснай Беларусі! 209 гарадоў разбурана і спалена, цалкам спалена разам з жыхарамі 628 вёсак… 260 лагераў смерці стварылі фашысты на тэрыторыі Беларусі, сярод якіх Трасцянец, які займае трэцяе месца па колькасці загінуўшых пасля сусветна вядомых Асвенціма і Майданэка.

Такія лічбы і факты не падаліся прысутным абстрактнымі, бо і на Зэльвеншчыне памятаюць ахвяр таго часу. Удзельнікі пасяджэння Людміла Шышко і Алена Канюшэўская расказалі аб трагедыі першых дзён вайны, што адбылася ў вёсках Збляны і Бярэжкі. Кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Сяргей Баган згадаў пра зэльвенцаў-франтавікоў – Героя Савецкага Саюза П.І.Жданава, Ганаровага грамадзяніна Смаленска і Зэльвенскага раёна У.З.Кашуткіна. Шмат сведчанняў пра дзейнасць партызан на тэрыторыі нашага і суседніх раёнаў гучала ў рэмарках.

Радзіма высока ацаніла подзвіг беларускага народа ў перамозе над ворагам. Толькі Герояў Савецкага Саюза з ліку ўраджэнцаў Беларусі было 443 ( у тым ліку чатыры чалавекі – двойчы). А пасля вайны і сусветная супольнасць выказвала свае адносіны да ўкладу рэспублікі ў канчатковую перамогу над фашызмам: БССР стала членам ААН, атрымала права асобнага голасу ў ёй.

Паведамленні вядучых аб тых ці іншых падзеях гісторыі суправаджаліся паэтычнымі і музычнымі нумарамі, падрыхтаванымі актывістамі клуба “Ліра” на чале з акампаніятарам Верай Тульвінскай. Аздаблялі пасяджэнне і відэаролікі з выступленняў ансамбля ў папярэднія гады. Гучалі любімыя ўсімі песні “Люблю цябе, Белая Русь”, “С чего начинается Родина”, песні з ваенных кінафільмаў у выкананні Евы Артуравай, Галіны Андрэевай, Міхаіла Пазнанскага. Паэтычныя захапленні роднай краінай перадавалі дэкламатары Ванда і Ірына Кавалевіч, як і названыя вышэй спевакі.

Не падганяй мяне, суровы каляндар:

Старэць не ўмею, а душою маладзею.

Мяне ўздымаюць крылы светлых мар,

У сілу іх не страціў я надзею.

З вышыняў глянуць прагну на Зямлю,

Падобную да казачнага дыску,

На кропельку на ёй, якую так люблю,

Краіну Беларусь, маю калыску.

(Станіслаў Шушкевіч)

Звярталіся дэкламатары і вядучыя і да твораў паэтаў-землякоў:

У жыцці гэтым многа не змерана,

Нават думкай не ўсё зразумець.

Будзе жыць Беларусь мая, веру я,

Будзе садам вясновым квітнець!

(Аляксей Галаскок)

Старшыня ветэранскай арганізацыі Сяргей Баган скарыстаўся прысутнасцю на імпрэзе ветэранаў-юбіляраў года і ўручыў Алене Канюшэўскай і Васілю Русаку Ганаровыя граматы і падарункі, а самадзейныя артысты – музычныя сюрпрызы. Асабліва спадабаліся і юбілярам, і ўсім прысутным прыпеўкі ў выкананні Галіны Андрэевай, Ванды Кавалевіч, Міхаіла Пазнанскага, Івана Міхнайця і Ірыны Кавалевіч.

Між іншым, юбілярам быў і сам Сяргей Баган. Для яго ансамбль Тульвінскай падрыхтаваў любімую песню “Есть только міг”, а Ева Артурава – сардэчнае паэтычнае вінашаванне.

Як бачым, ветэраны па-ранейшаму заяўляюць пра сябе як пра згуртаваную армію людзей, што служыла і служыць любай краіне, і не адчуваюць сябе старымі і непатрэбнымі, асабліва ў родным куточку:

Вехі ўсіх адшумеўшых стагоддзяў

Нам завешчана шанаваць.

Рады зэльвенцы кожнай нагодзе

Каб пра подзвігі продкаў згадаць.

Яніна Шматко

Вам может быть интересно

Комментарии отключены