Краеведческие фонды зельвенских библиотек пополнились сборником “Ганненскі кірмаш. Мінулае, сучаснае, будучае”

IMG_4900

Краязнаўчыя фонды зэльвенскіх бібліятэк папоўніліся вельмі цікавым выданнем: зборнікам артыкулаў “Ганненскі кірмаш. Мінулае, сучаснае, будучае”. Выйшаў зборнік у Слонімскай друкарні. Над складаннем кнігі працаваў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, прадмову да зборніка напісала намеснік дырэктара раённай бібліятэкі Марына Кніга. Прэзентацыя выдання адбылася ў бібліятэцы напярэдадні Ганненскага кірмашу.
Вядучыя імпрэзы – загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Валянціна Масюк і ўжо згаданая Марына Кніга – звярнулі ўвагу прысутных на тое, што з дзесяці навуковых работ, якія ўвайшлі ў зборнік, чатыры прысвечаны Ганненскаму кірмашу, яшчэ шэсць – знакамітаму роду Сапегаў, пры якіх кірмаш у Зэльве набыў найвялікшы размах.
Кандыдат гістарычных навук Андрэй Кіштымаў у сваім даследаванні прасачыў развіццё кірмашоў у Беларусі з моманту іх з’яўлення ў канцы XV ст.
Андрэй Леанідавіч лічыць, што вопыт пяці вякоў вельмі патрэбен сённяшнім прадпрымальнікам, бо ён дазваляе выявіць тыя элементы эканамічнай культуры, якія не толькі працягваюць традыцыі, але і дапамагаюць арганічнаму пранікненню аднаго ў другое старога і новага.
Шмат крыніц выкарыстаў для падрыхтоўкі змястоўнага артыкула “Зельвенская ярмарка” краязнаўца з Ваўкавыска Мікалай Быхаўцаў. Вядучыя прэзентацыі прыводзілі некаторыя цікавыя звесткі. Так (у гэта складана паверыць, але факт неаспрэчны), у невялікіх мястэчках не было паліцыі. Таму на час правядзення Ганненскага кірмашу стваралася часовая паліцыя пад старшынствам мясцовага земскага спраўніка.
Аспіранты Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы Л.Ф. Рогач і Т.С. Вайцешык даследавалі “Заканадаўча-прававое афармленне дзейнасці корчмаў і шынкоў на беларускіх землях у XVI–XVIII стст.” і “Гандаль мястэчак Ваўкавыскага павета (1921–1939 г.г.)”. З іх работ можна даведацца, колькі і якіх корчмаў было ў беларускіх мястэчках (у тым ліку і ў Зэльве), якія тыпы падаткаў прымяняліся да ўладальнікаў корчмаў і шынкоў, у якія дні тыдня адбываліся ва ўсіх мястэчках звычайныя кірмашы і г.д. Напрыклад, у 1927 годзе ў Зэльве працавалі кафейня, гасцініца, 3 рэстараны, тракцір-сталовая і 4 чайных. Або: “Ва ўсіх мястэчках Ваўкавыскага павета таргі збіраліся адзін раз на тыдзень,… а ў Зэльве – двойчы: у аўторак і чацвер”, – прывялі вытрымку з артыкула вядучыя.
Асаблівую цікавасць у прысутных выклікалі матэрыялы, прысвечаныя Сапегам і іх ролі ў жыцці зэльвенцаў. Кандыдат філалагічных навук Генадзь Праневіч у сваёй рабоце “Сапегі ў культуры і гістарычным лёсе Беларусі: радавод” разглядае ўклад роду Сапегаў у культурную сусветную спадчыну. З гонарам за род, які пакінуў пасля сябе значны след і ў гісторыі зэльвенскага краю, даследчык гаворыць: “Паводле генеалагічнай табліцы на 1995 год, складзенай Яўстахам Сапегам, да гэтай “Сям’і” належыць 714 вядомых па імёнах асобаў мужчынскага і жаночага роду, з іх паводле прамой кроўна-генетычнай повязі – 60”. А генеалагічнаму дрэву Сапегаў – без малога 600 гадоў! “Рэдка які радавод існаваў столькі стагоддзяў”, – падкрэслілі вядучыя. Акрамя сусветна вядомага Льва Сапегі, вучоны называе літаратара і мецэната Яна Фрыдэрыка Сапегу, палкаводцаў Паўла і Яна Пятра Сапегаў, асветніка і падарожніка Аляксандра Антоні Сапегу, жанчыну з роду Сапегаў – асветніцу Ганну Паўліну Ябланоўскую і інш.
Навукоўцы Валянцін Голубеў і Аляксандр Доўнар “робяць першую спробу ўвядзення ў шырокае навуковае абарачэнне” часткі матэрыялаў са зборніка дакументаў, што захоўваецца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта і тычыцца арганізацыі жыцця насельніцтва ва ўладаннях роду Сапегаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Духам асветніцтва прасякнуты дзве інструкцыі, якія аўтары друкуюць у дадатку і аналізуюць іх. Гэта – “Інструкцыя Францішка Сапегі па ўвя-дзенні ў маёнтках Дзярэчын, Зэльва, Ружаны, Высокае сялянскіх судоў” і “Інструкцыя Францішка Сапегі з апісаннем абавязкаў сельскіх дзясятнікаў у маёнтках Дзярэчын, Зэльва, Ружаны, Высокае”.
Уражвае добрае веданне Францішкам Сапегам сялянскай псіхалогіі, якое абвяргае пануючую думку, што арыстакраты “слишком далеки от народа”. У інструкцыі па вядзенні сялянскіх судоў Сапега, улічваючы недавер да панскага двара, канстатуе правамернасць такога недаверу, бо нярэдка з людзьмі абыходзіліся “горш, чым з хатняй жывёлай (быдлам)”. Таму, лічыць Францішак Сапега, і патрэбен справядлівы суд саміх сялян над вінаватымі з іх асяроддзя. А ў інструкцыі па рэгламентацыі абавязкаў сельскіх дзясятнікаў Сапега патрабуе, каб дзясятнік сачыў за маральнымі паводзінамі сваіх падапечных, ведаў як дбайных, так і марнатраўных гаспадароў. Калі селянін гультай або п’яніца і яго сям’і пагражае голад, дзясятнік меў права абмяжоўваць такога гора-гаспадара ў правах. Кожны тыдзень войт з дзясятнікамі павінны былі даваць пану справаздачу аб усім, што дзеецца ў вёсцы (ці ўсе здаровыя, ці няма ў хаце звадак, ці ёсць насенне збожжа на пасеў і г.д.). Старанныя дзясятнікі мелі некаторыя прывілеі. Напрыклад, часткова вызваляліся ад чыншу.
Яшчэ адна дастойная ўвагі зэльвенцаў работа, на якую звярнулі ўвагу вядучыя, – “Рынкавая плошча Зэльвы. Сацыятапаграфічнае развіццё ў часы Сапегаў (канец ХVІІ–першая палова ХІХ ст.)”. Яе падрыхтавалі бацька і сын Токці. Даследчыкі прасачылі развіццё рынкавай плошчы і вуліц Зэльвы за перыяд з 1616 да 1830 гадоў,
г. зн. больш як 200 гадоў. Інвентары 1616 і 1631 гг. складзены для Льва Сапегі. У 1616 годзе рынкавы пляц займаў тэрыторыю прыкладна каля 900 квадратных метраў. Вакол плошчы размяшчалася 16 мяшчанскіх сядзіб. Вуліц у мястэчку на той час было толькі тры – Ваўкавыская, Дворная і Мяжэрыцкая. Усе яны пачыналіся ад плошчы. Інвентар 1631 года па-ранейшаму згадвае тры вуліцы, а 1815 г. – ужо восем. Назвы вуліц гавораць самі за сябе. Слонімская вяла праз Зальвянку на Слонім. Ружанская мела брэсцкі накірунак, Касцельная і Царкоўная вялі да храмаў, Дворная – у палац Сапегаў, што размяшчаўся ў раёне сённяшняга мікрараёна “Паўночны” ў Зэльве.
Уладальнікамі пляцаў на плошчы былі продкі сённяшніх Горбачаў, Генюшаў, Жукоў, Казлоўскіх, Крамнікаў, Кузьмічоў, Путрэшаў, Рудых, Русакевічаў, Сакалоўскіх, Язерскіх…
Кніга “Ганненскі кірмаш” – выдатная крыніца інфармацыі для ўсіх, хто хоча падрабязна ведаць, што ўяўляла сабой Зэльва ў даўнія часы, аб яе традыцыях, гісторыі ўзнікнення і развіцця кірмашу, а таксама аб гісторыі вядомага магнацкага роду Сапегаў, іх гісторыка-культурнай спадчыне.
Яніна ШМАТКО.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.