Комиссия оценила готовность школ к новому учебному году
У 2012/2013 навучальным годзе ў школах раёна за парты сядзе 1841 вучань, у тым ліку 136 першакласнікаў. Дашкольныя ўстановы будуць наведваць 611 дзяцей.
Падрыхтоўка школ і дзіцячых садоў – заўсёды карпатлівая работа, якая ўключае не толькі добраўпарадкаванне тэрыторыі, рамонт памяшканняў, абнаўленне тэхналагічнага абсталявання, але і многія іншыя, магчыма, менш маштабныя, мерапрыемствы. На мінулым тыдні на працягу двух дзён спецыяльна створаная камісія ў складзе прадстаўніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, спецыялістаў аддзела адукацыі райвыканкама, прадстаўнікоў дзяржаўнага пажарнага нагляду і санітарнай службы, якую ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Семяняка, пасля дэталёвага агляду аб’ектаў прааналізавала і ацаніла гатоўнасць кожнай установы. Удзел у рабоце камісіі прыняла і карэспандэнт “Працы”.
Цякучы рамонт – афарбоўка, паклейка, пабелка класаў, калідораў, спартзалаў і актавых залаў – праведзены ва ўсіх, без вы-ключэння, установах адукацыі. Падрыхтоўка да новага навучальнага года вялася планамерна. На гэтыя мэты з раённага бюджэту было выдаткавана 1259,7 млн. рублёў. Значную дапамогу аказалі ўстановам шэфы – яны пералічылі на правядзенне рамонту больш чым 88 млн. рублёў. Пазабюджэтных сродкаў зрасходавана каля 107 мільёнаў.
Першае, што трапіла ў поле зроку членаў камісіі – добраўпарадкаванасць тэрыторыі ўстаноў адукацыі: паўсюдна кветнікі, разнастайныя дэкаратыўныя ўпрыгожанні. Надзвычай арыгінальнымі малымі архітэктурнымі формамі вылучаюцца на агульным фоне тэрыторыі ўсіх дашкольных устаноў пасёлка. Акрамя гэтага, штогод тут павялічваецца плошча, адведзеная пад кветнікі. Прадуманым падыходам да афармлення вызначаецца і дызайн прышкольнай тэрыторыі СШ №3, Елкаўскай СШ, Дзярэчынскага дз/с–СШ. Не менш адказна аднесліся калектывы дашкольных устаноў і да выканання патрабаванняў наглядных органаў. Акрамя традыцыйных касметычных рамонтаў, якія праводзяцца тут штогод, асаблівая ўвага ўдзялялася стварэнню ўмоў для бяспечнага знаходжання дзяцей: захаванню санітарна-гігіенічных патрабаванняў і пажарнай бяспекі. Прадстаўнік аддзела па надзвычайных сітуацыях прымаў установы строга па сваіх крытэрыях: правяраў наяўнасць пажарнай сігналізацыі, сродкаў пажаратушэння, гатоўнасць персаналу да дзеянняў у надзвычайных сітуацыях. Не менш сур’ёзныя патрабаванні і з боку санітарнай службы: спецыялісты праінспектавалі ўсе харчблокі, высветлілі, ці ў дастатковай колькасці маецца посуду, ці спраўна тэхналагічнае абсталяванне.
Практычна няма заўваг у камісіі да дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1, ясляў-сада №3. У тым, што выхаванцам тут будзе ўтульна, камфортна і бяспечна, члены камісіі ўпэўніліся, наведаўшы групавыя памяшканні. Кожнае з іх аформлена не толькі ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі, але і з густам, з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей. У спальных пакоях і памяшканнях для заняткаў – светла і ўтульна, маецца адпавядаючае праграмным па-трабаванням прадметна-развіваючае асяроддзе. Новае аблічча набылі ў абедзвюх установах музычныя залы. Захаванню цяпла тут будуць садзейнічаць часткова замененыя на новыя, энергазберагальныя, вокны і дзверы. Пэўныя сродкі ўстановы накіравалі на набыццё новага тэхналагічнага абсталявання для харчблокаў.
Шмат зроблена і ў яслях-садзе №4. Праведзены капітальны рамонт дзвюх груп, часткова заменены вокны і ўваходныя дзверы, падведзена гарачая праточная вада ў пасудамыечныя памяшканні, зацэментавана ўваходная дарожка. У адпаведнасці з патрабаваннямі санітарнай службы, да канца жніўня будуць абуладкаваны санітарныя кабінкі ў памяшканні старэйшай групы.
Прыемнае ўражанне пакінула наведванне СШ №3. Усяго на рамонтных работах калектывам асвоена 248 мільёнаў рублёў. Пераважная іх большасць выканана гаспадарчым спосабам. Намаганнямі настаўнікаў і вучняў з густам абсталяваны кабінеты – заняткі ў іх можна праводзіць хоць сёння. Безумоўныя плюсы ўстановы – у планавым падыходзе да падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Штогод тут вызначаюцца канкрэтныя кабінеты і памяшканні, дзе затым поўнасцю праводзіцца высакаякасны рамонт. Такім чынам, сучасны эстэтычны выгляд набывае ўсё большая колькасць вучэбных памяшканняў. Сёлета праведзены капітальны рамонт 8 кабінетаў, светла і ўтульна стала ў школьнай сталовай, заменена тэхналагічнае абсталяванне харчблока. Акрамя гэтага, пачалася рэканструкцыя школьных туалетаў з прымяненнем сучасных будаўнічых матэрыялаў. Па словах дырэктара школы Міхаіла Літвінчыка, планавы падыход да падрыхтоўкі ўстановы да новага навучальнага года сябе цалкам апраўдвае, таму будзе выкарыстоўвацца і далей.
Высокую ацэнку за санітарны стан, якасць праведзеных рамонтных работ атрымалі Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і Сацыяльна-педагагічны цэнтр.
А вось у СШ №2 рамонтныя работы яшчэ ідуць поўным ходам. Устаноўка новага абсталявання ў харчблоку патрабуе правядзення адпаведных рамонтных работ у памяшканні: неабходна зацэментаваць падлогу, пакласці плітку на сценах і падлозе. Таму гэтую ўстанову члены камісіі ў поўным складзе наведаюць яшчэ раз.
Канчатковыя вынікі работы камісіі будуць падведзены 23 жніўня. 1 верасня ўсе ўстановы ў поўнай гатоўнасці прымуць сваіх выхаванцаў.