Князявец Аляксандр Радзецкі: «Лічыў і лічу, што самае надзейнае лякарства ад усіх хваробаў і стрэсаў – праца»

У сям’і А.П. Радзецкага з аграгарадка Князева навагодне-калядныя святы прыемныя ўдвая: 1 студзеня – дзень нараджэння гаспадара і яго дачушкі, 9-га – незабыўнай Марыі Ігнатаўны, жонкі і матулі. А ў гэтым годзе Аляксандр Паўлавіч яшчэ і юбіляр. Віншаванні ад родных перамяшаліся з успамінамі. Успомніць са слаўнага жыцця вялікага энтузіяста ёсць што…

ЯК СТАНОВЯЦЦА АБАРЫГЕНАМІ

Аляксандр Радзецкі – ураджэнец Свіслацкага раёна, але лічыць сябе князеўскім абарыгенам. І сапраўды: у Князеве ён ажно з 1983 года. Прыехаў па просьбе свайго земляка, тагачаснага першага сакратара Зэльвенскага райкама партыі М.П.Кантаровіча. Кіраўнік раёна добра ведаў, што зямляк не падвядзе, умацуе каманду старшыні калгаса “Прагрэс” М.І.Кісяля, якому якраз быў патрэбен галоўны інжынер.

Выпускнік Мінскага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі Радзецкі меў ужо немалы вопыт работы. І як уніклівы механізатар (два сезоны працаваў на трактары ў Кустанайскай вобласці), і як дбайны кіраўнік (меў ужо 12 год стажу як інжынер). Прычын для змены месца жыхарства і працы не было: ладзілася ўсюды. Але вабіла перспектыва. Міхаіл Піліпавіч ахарактарызаваў старшыню “Прагрэса” як чалавека, які дае прастору ініцыятыўным людзям. (Забягаючы наперад, скажам, што так яно і будзе: дробязнай апекі не было, поле дзейнасці самае шырокае).

І вось Аляксандр Паўлавіч з жонкай і дзвюма дачушкамі ў Князеве. Неўзабаве гаспадарка выдзеліла вялікі прыгожы дом з прысядзібным участкам. Для дочак – школа побач, для гаспадара з гаспадыняй – праўленне калгаса. І хоць ні Аляксандр Паўлавіч, ні Марыя Ігнатаўна ў канторы ніколі не заседжваліся, усё ж блізкасць да “мазгавога цэнтра” часта бывала дарэчы. Як і на папярэдніх месцах працы, Аляксандр Паўлавіч з першага дня пачаў знаёміцца з механікамі, інжынерамі і механізатарамі. Вёскі, што ўваходзілі ў склад калгаса, былі шматлюднымі, рабочых рук хапала. І якіх! Старшыня ледзь не пра кожнага казаў: пераможца ў спаборніцтвах, мае шмат Ганаровых грамат, узнагароджаны медалём ( а то і ордэнам). У гарачую пару можна было смела працаваць у дзве змены: і людзі не будуць празмерна стомленымі, і тэхніка выкарыстаецца на ўсю магутнасць. У той перыяд “Прагрэс” яшчэ не быў тым гігантам, якім стане пасля далучэння спачатку суседняй “Дружбы”, потым – калгаса імя Мічурына і, нарэшце, “Зяльвянкі”. Адпаведна, і тэхнікі было менш, чым пасля ўзбуйнення, калі адных зернеуборачных і корманарыхтоўчых камбайнаў стане 35, а трактароў – намнога больш за сотню. Але клопатаў хапала заўсёды. І заўсёды галоўны інжынер меў апору ў механіках, загадчыках майстэрань Р.І.Кавалевічу, У.С.Кандаку, М.Б.Гарадку і інш.

Працаваць яму давялося з некалькімі старшынямі. Пасля ранняй смерці М.І.Кісяля кіраўнікі мяняліся даволі часта, і да метадаў іх работы трэба было ўмець адаптавацца. Праўда, таварыскі характар галоўнага інжынера дазваляў яму хутка згладжваць нязручнасці ці непаразуменні. А паколькі справу сваю А.П.Радзецкі ведаў выдатна, калектыў інжынернай службы працаваў зладжана, прэтэнзій да яго ніводзін кіраўнік не меў.

Аляксандр Паўлавіч заўсёды лічыў, што галоўнае ў яго справе – па максімуму выкарыстоўваць зімовы час на падрыхтоўку ўсёй шматлікай тэхнікі для якаснай яе работы з вясны да позняй восені. Як толькі заканчваліся асноўныя работы ў полі, пачыналася гарачая пара ў майстэрнях. Кожны трактар, аўтамабіль, камбайн і прыналежныя ім агрэгаты павінны былі прайсці самую пільную дыягностыку, а ўжо ў адпаведнасці з яе высновамі вызначаўся тэрмін і метады “лячэння”. “Як чалавек, адпрацаваўшы пэўны час, мае права на адпачынак, так і тэхніка заслугоўвае ўважлівых адносін да сябе, – упэўнены Аляксандр Паўлавіч. – Тады і кожны механізм будзе працаваць бездакорна ўвесь вялікі перыяд палявых работ”.

І сам галоўны інжынер, і загадчыкі майстэрань з вялікай адказнасцю ставіліся да штогадовых раённых аглядаў гатоўнасці машынна-трактарных паркаў, да рамонтных работ у зімовых умовах. Асаблівую ўвагу звярталі на стварэнне бытавых умоў для работы механізатараў. Калі ў памяшканні цёпла, калі ёсць дзе памыцца і адпачыць, то і работа будзе ісці спарней. А ўжо пра запчасткі галава павінна балець у інжынернай службы. І Аляксандр Паўлавіч разам з інжынерам па забеспячэнні заўсёды ўмелі наладжваць сувязі са Слонімскім і Мастоўскім рэмзаводамі, Ваўкавыскімі заводамі металавырабаў, ліцейным і КСОМам. І хоць быў тады складаны час дэфіцыту, але запчастак на складах у “Прагрэсе” хапала. Машынны двор гаспадаркі быў адным з лепшых у раёне, штогод займаў прызавыя месцы ў аглядах. Таму на яго базе неаднаразова праводзіліся абласныя семінары. Здзівіць гасцей было чым! Прылягаючая тэрыторыя – у ідэальным парадку. Пляцоўкі з навесамі для захоўвання тэхнікі – таксама, прычым, на адным баку стаяць тыя механізмы, якіх яшчэ не аглядалі механікі, на другім – што прайшлі дыягностыку і чакаюць чаргі ў майстэрню. На складзе запчастак – кожная дэталь на сваім месцы. У саміх майстэрнях – рабочая абстаноўка, ніхто не чакае распараджэнняў, бо загадзя ведае, што і з кім трэба рабіць. (Пералічваць вядомыя кожнаму інжынеру моманты зладжанай працы можна яшчэ доўга). У цёплую пару года на тэрыторыі машыннага двара дзейнічаў фантан. І не дзеля заварожвання частых гасцей прыдумаў такое дзіва Радзецкі, а дзеля сваіх механізатараў. Каб не рабіліся жорсткімі сэрцы ад цяжкай працы, каб узвышалася ад прыгажосці душа.

Зімовы перыяд галоўны інжынер выкарыстоўваў і для вучобы кадраў. Гэтага патрабаваў час: калгас закупляў тэхніку навейшых мадыфікацый, без азнаямлення з якой немагчыма было разлічваць на поспех у веснавых, летніх і асенніх работах. Намаганні настаўнікаў не прападалі дарэмна. Механізатары князеўскай гаспадаркі добра здавалі экзамены і ў “зімовай”, і ў “палявой” школах, штогод былі прызёрамі і на “зялёным” жніве, і на ўборцы зерневых, і на перавозках летняга і асенняга ўраджаяў. Славілася гаспадарка і некалькімі працоўнымі дынастыямі механізатараў. Баляслаў Гарадок зладжана працаваў з сынамі Мечыславам і Паўлам, Аляксандр Кузьміч – з сынам Генадзем, Альбін Цяляк працаваў на трактары, а брат Мар’ян – на аўтамабілі, браты Антон і Станіслаў Яскевічы неаднаразова станавіліся ўдарнікамі пяцігодак і камуністычнай працы. Былі і свае легенды ў радах прагрэсаўскіх механізатараў. Іосіф Сідорка – двойчы ардэнаносец, а Міхаіл Шот – першы вадзіцель гаспадаркі. Яго ГАЗ-51 стаў №1 у ствараемым у 50-ыя гады калгасным аўтапарку.

Яшчэ пры М.І.Кісялю “Прагрэс” узнагароджваўся пераходнымі Чырвонымі сцягамі ды Ганаровымі граматамі як рэспублікі, так і СССР. Не саступала з заваяваных пазіцый гаспадарка і пазней, калі старшынямі працавалі П.П.Заяц, В.І.Сачок, В.В.Стоцкі і інш. І заслуга ў гэтых узнагародах інжынернай службы на чале з А.П.Радзецкім – бясспрэчная. Нездарма атрымаў Аляксандр Паўлавіч за сваю бездакорную працу такі рэдкі сярод інжынераў ордэн – “Знак Пашаны”.

АКТЫВІСТ

Хоць шмат было спраў у галоўнага інжынера, але не цураўся ён і культурна-масавай работы. Грамадскія абавязкі, як і прафесійныя, не абцяжарвалі жыццё, наадварот, дапамагалі і яму, і працаваўшым з ім людзям. Суседзямі Радзецкіх былі Каласоўскія. Пётр Вацлававіч узначальваў партарганізацыю калгаса. Ведаючы талент Аляксандра Паўлавіча, Каласоўскі не ўяўляў без яго ніводнага мерапрыемства, што ладзілі ён, камсамол і адказная за культурны сектар Таццяна Яскевіч. Радзецкі і сапраўды быў унікумам для культурна-масавай работы. Ён змалку асвоіў гармонік, затым – баян, акардэон і гітару. А які прыгожы меў голас! Калі з раённай сцэны гучала яго любімая песня “Хлеба – налево, хлеба – направо”, зала абавязкова выклікала саліста на “біс”. А якімі цікавымі з удзелам Аляксандра Паўлавіча былі вячоркі! Таццяна Яскевіч расказвала, што ён мог не толькі спяваць, на баяне папуры на вядомыя песні выконваць, але і мініяцюры Хазанава не горш за самога праслаўленага артыста чытаць. Князеўскія вячоркі палюбіліся не толькі зэльвенскім гледачам, але славіліся і за межамі раёна. Аляксандр Паўлавіч стараўся захаваць для нашчадкаў выступленні землякоў і запісваў іх праграмы на касеты. Зараз прыемна згадаць пра мінулыя гады, якія не былі шэрымі і аднастайнымі, а яркімі і насычанымі – незабыўнымі.

Не паспеў Радзецкі выйсці на пенсію, як яго папрасілі ўзначаліць ветэранскую арганізацыю. Вялікая гаспадарка налічвала каля тысячы пенсіянераў, работы прадбачылася шмат, але гэта не палохала маладога пенсіянера. І дзесяць гадоў Аляксандр Паўлавіч стараўся як найлепей служыць пажылым людзям. Ён сам і яго падапечныя разам з ідэалагічнай службай і работнікамі культуры ўдзельнічалі ў раённых акцыях, даглядалі за месцамі пахаванняў воінаў мінулай вайны, праводзілі мітынгі ля помнікаў загінуўшым, былі частымі гасцямі ў Князеўскай школе і г.д. Леанарда Вановіч, кіраўнік мясцовай установы культуры, згадвае пра вечары сустрэч з ветэранамі: яны праходзілі асабліва сардэчна, калі ў іх браў удзел Аляксандр Паўлавіч. Ён, вялікі жыццялюб і таленавіты чалавек, валодае вельмі важнай для ўсіх якасцю – пачуццём гумару. А гэта заўсёды так збліжае людзей!

Старшыня раённага савета ветэранаў С.У. Баган вельмі даражыць даверлівымі адносінамі з Радзецкім. “Ён змог арганізаваць сваіх ветэранаў на многія раённыя мерапрыемствы. Напрыклад, вазіў князеўскіх аграрыяў на ўрачыстасці, якія праходзілі каля мемарыяла ў Шавулічах, быў актыўным удзельнікам справаздачных сходаў і г.д. Шкада, што па стану здароўя напярэдадні свайго юбілею ён папрасіў замену”, – кажа Сяргей Уладзіміравіч.

Аляксандр Паўлавіч ужо некалькі гадоў жыве адзін. Пасля смерці жонкі дочкі Алена і Святлана, што працуюць у сталіцы, не раз клікалі бацьку да сябе. Але ён не ўяўляе свайго існавання без роднага дома, без працы на прысядзібным участку. Лічыў і лічыць: самае надзейнае лякарства ад усіх хваробаў і стрэсаў – праца. Вядома, вялікую гаспадарку, якую трымалі з жонкай у маладосці, сіл весці няма. Але з вясны да восені завіхаецца на агародзе, вырошчваючы бульбу, агародніну і садавіну. Ну, а зімой даглядае птушку і хатніх пітомцаў. Любіць ездзіць на рыбалку (раней і на паляваннях у пушчы бываў). А каб не падводзіла памяць трэніруе яе над разгадваннем крыжаванак ці судоку. Аляксандр Паўлавіч заўсёды трымае пад рукой газеты з галаваломкамі. І рэкамендуе іншым!

Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены