«Мы – адна сям’я». У раённай бібліятэцы сабраліся аматары паэтычнага слова з літаратурных клубаў

У раённай бібліятэцы ў першы дзень Ганненскага кірмашу сабраліся аматары паэтычнага слова з літаратурных клубаў “Ліра” (бібліятэка) і “Малюся Слову” (ЦСАН). Вядучыя Вольга Камякевіч і Алена Жукоўская прадставілі гасцей: Ірыну Войтка, Сяргея Чыгрына, Людмілу Воранаву і Валянціну Драбышэўскую.

Ірыну Антонаўну і Сяргея Мікалаевіча мы даўно называем зэльвенскімі слонімцамі: іх лёсы цесна пераплецены і з Зэльвеншчынай, і Слонімшчынай. Яны цалкам апраўдваюць гэтае званне і ў жыцці, і ў творчасці. Як частым гасцям зальвян ім і далі слова першым.

Ураджэнка Караліна Ірына Войтка нават да выхаду на пенсію часта наведвала родныя мясціны. А зараз разам з матуляй праводзяць тут усё лета. Яе паэтычнае слова спрыяе яднанню вялікага роду, які штогод збіраецца ў Караліне ў прасторнай хаце дзеда з бабуляй.

Родныя людзі, блізкія людзі,
Шчасце і доля няхай
з вамі будзе.
Роднай зямлі станьце моцным
карэннем!
Дзеці і ўнукі – жыцця
прадаўжэнне.
(“Маёй радні”)

Да мінулага года ў Ірыны Антонаўны было выдадзена два паэтычных зборнікі. У канцы 2021-га з’явіўся новы з прыгожай назвай “Кранаюся вечнасці”. Фактычна выступленне паэткі было прэзентацыяй гэтага асобніка, хоць вершы яна чытала не толькі з яго, але і новыя, толькі-толькі што створаныя. “Першую кнігу, – згадвала Ірына Антонаўна, – я назвала “Спасціжэнне”, бо сапраўды гэта было маім пранік- неннем у сутнасць усіх праблем, з якімі сустракаецца чалавек.

Другая кніга “Пагляджу вачамі неба” – гэта асэнсаванне выбранай мною дарогі, маіх узаемаадносін з людзьмі і нябёсамі. І вось трэцяя “Кранаюся вечнасці” – роздум вопытнага чалавека пра тое, што пакідае ён пасля сябе на зямлі. Сям’і, роду, радзіме, гісторыі, нарэшце. Чалавек не можа жыць толькі матэрыяльнымі турботамі. Патрэбны Словы, Музыка, без якіх няма радасці жыцця і яго паўнаты”. Паэтка чытала шмат вершаў з апошняга зборніка: як заўсёды, узнёсла, артыстычна, прыгожа. І папоўніла фонд бібліятэкі яшчэ адным сваім зборнікам. Нястомны працаўнік на ніве краязнаўства (ён жа паэт, гісторык, жур- наліст, драматург, літаратуразнаўца, тэатразнаўца і г.д.), Сяргей Чыгрын пачаў сваё выступленне з пераліку тых кніг пра Зэльвеншчыну і яе прадстаўнікоў, якія вось-вось пачнуць свой шлях з розных друкарняў. Што менавіта?

– Шыкоўны том да 75-годдзя Юркі Голуба. Да 615-годдзя асвячэння Сынкавіцкага храма Святлана Літвінчык сабрала багаты матэрыял пра пасляваенны лёс святыні. “Я сам, – працягваў Сяргей Мікалаевіч, – нядаўна здаў у друкарню вельмі, на маю думку, не благі асобнік пра Пятра Мікалаевіча Марціноўскага. Магчыма, я памыляюся, але, здаецца, падобнай кнігі пра настаўніка ў Беларусі яшчэ не было.

Нялёгка даваўся мне гэты зборнік, затое ён вельмі багаты на невядомы шырокаму колу матэрыял з жыцця паважанага намі чалавека. У кнізе будзе 5 раздзелаў. Хутка выйдзе зборнік “Ад Зэльвы да Дзятлава” – таксама багаты краязнаўчы матэрыял, які, думаю бібліятэкары проста абавязаны прэзентаваць сярод дзяцей, моладзі і дарослых”.

З гумарам расказаў Сяргей Мікалаевіч пра тое, як нечакана стаў… дзіцячым пісьменнікам. “У Гомелі ў 2021 годзе выйшаў зборнік “Слонік і гармонік”. Выдаўцы ў хуткім часе папрасілі мяне прыслаць ім яшчэ нешта пра дзетак, бо зборнік разышоўся імгненна. Я, прызнацца, не чакаў такога поспеху, бо для дзяцей пісаць намнога цяжэй, чым для дарослых”.

Вядома, не толькі пра зэльвенцаў рыхтуе кнігі наш нястомны госць. На падыходзе, па яго словах, кнігі пра знакамітых асобаў Гродзеншчыны, пра першага ў незалежнай Беларусі мэра г. Мінска, пра таленавітага самародка з Навагрудчыны Самсона Пярловіча, пра гісторыю беларускіх запалкаў… Колькасць кніг, падрыхтаваных Чыгрыным, хутка дасягне сотні!

Усе прысутныя шчыра пажадалі яму гэтага. Людміла Віктараўна Воранава (у дзявоцтве Супрун) – член творчых саюзаў Расіі і Беларусі. Прычым, першымі прапанавалі ёй увайсці ў склад пісьменніцкага саюза расіяне. Ураджэнка Залацеева дастойна прадстаўляе свой дар у розных конкурсах. Тройчы ся радзімаму краю”, “Праспявай ты мне песню, заранка”, “Мама” і інш.

Дзякуючы Людміле Віктараўне зэльвенцы змаглі пазнаёміцца з ураджэнкай суседняй Мастоўшчыны, таксама педагогам-паэтам Валянцінай Станіславаўнай Драбышэўскай. Лаўрэат міжнароднай Пушкінскай прэміі 2017 года, Міжнароднага конкурсу лірыка-патрыятычнай паэзіі імя І.Грыгор’ева 2018 года, Валянціна Драбышэўская літаральна зачаравала прысутных сваім талентам і артыстызмам. Як выкладчык рускай мовы і літаратуры, яна ў асноўным піша на рускай мове. Але нямала ў яе і беларускамоўных твораў. У СШ №168 г. Мінска, дзе працуе паэтка, яна стварыла літаратурную студыю “Образ”, гадуе творчую змену.

Упэўненая, што кожны чалавек – цуд, яна стараецца данесці гэтае паняцце да кожнага свайго вучня. Нездарма ёй даверылі правесці дыстанцыйны ўрок па гэтай тэме для школьнікаў 6-ці краін свету! Як бы апраўдваючыся за сваю прысутнасць сярод паэтаў-зэльвенцаў, Валянціна Станіславаўна адзначыла: “Я вырасла ў Вялікай Рагозніцы, але мае бабуля з дзядулем былі ўраджэнцамі Зэльвеншчыны. І дзявочае маё прозвішча – Пракопчык. Не апраўдвайцеся, Валянціна Станіславаўна, у нас вельмі цесныя сувязі з Мастоўшчынай. Наш Марціноўскі адтуль быў родам, Ірына Данік жыла на Мастоўшчыне. Мы – адна сям’я!

Яніна ШМАТКО

Ірына Войтка (зборнік «Кранаюся вечнасці»)

Такое хараство на белым свеце,
як божы дзень і ў квецені вясна!
І з раніцы ўжо ярка сонца свеціць
з высокага паднебнага радна.
Люблю ўвесь свет, і сэрцам прынімаю
жыцця свабодны водар трапяткі.
Шаную ўсё, што ў гэтым свеце маю.
І ем свой хлеб – салодкі і цяжкі.

Прачнуся, калі птушкі яшчэ спяць,
на цёмным небе ціха дрэмле поўня,
сустрэць, каб зноў цябе і прывітаць,
мой новы дзень, з пяшчотай і любоўю.
Такой дзівачкай застаюся я:
гляджу на зоры раннія здалёку,
да гарызонта – родная зямля,
над ёю кружыць бусел адзінокі.
А часам дзе паеду незнарок,
калі ўжо гэтак моцна закарцела,
пакіну хату, родны свой куток,
з людзьмі пайду – даверліва і смела.
Так лёсам мне, відаць, наканавана –
даверліва ўкладаць душу ў вершы.
І ў гэтым у сваім выпрабаванні
я буду не апошняй і не першай.

Сяргей Чыгрын (зборнік “Слонік і гармонік”)

ХЛОПЧЫК ЯСЬКА

Хлопчык Яська, беларус,
Любіць моцна Беларусь.
Ён шчаслівы і вясёлы –
Першы раз ідзе у школу.
І паверце, калі ласка,
Што у школе хлопчык Яська
Абяцае маме з таткам
Мець на ўроках шмат дзясятак.

ЖАБКІ І ТАПКІ

Пакуплялі сабе тапкі
На старым балоце жабкі,
А пасля на свае лапкі
Насадзілі лёгка тапкі.
Ды пакуль скакалі жабкі –
Пагублялі дзесьці тапкі.
Аж тры дні рыдалі жабкі,
Хто знайшоў – вярніце тапкі.

Людмила Воронова

БЕЛАРУСЬ МОЯ ХЛЕБОСОЛЬНАЯ

Беларусь моя хлебосольная,
В платье ситцевом
в цвет простынь.
Горемычная, белоствольная
Даль бескрайняя, неба синь.
Беларусь моя белокрылая,
Синеглазая мать-душа!
Ты с рождения сердцу милая,
Как весенний цвет, хороша…
Беларусь моя! Ненаглядная!
Венчик синенький изо льна –
То обычная, то парадная…
Я, как дочь, в тебя влюблена.
Беларусь – моя дева гордая!
Пусть хранят тебя небеса!
И мажорная, и минорная,
Моя взлётная полоса…

Валянціна Драбышэўская

ДА НЕБА

Дзівосны сон…
Дзівосная ўсмешка.
Якую падарыў маладзічок,
Па коўдры прагулялася няспешна,
Упала яркім промнем на плячо…
Суквецце сноў рассыпаць не баюся –
Скіроўваю здзіўленне за акно…
Зямная, а да неба так імкнуся,
Як быццам там жыла даўным-даўно.

УЗЛЯЦЕЛА

Прызямлілі турботы –
Не лятаю высока:
Ад жаночай работы
Не адыдзеш далёка…
Парабіла работу.
На канапу прысела.
Адагнала турботу –
І… ВЫСОКА ўзляцела.

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены