Каталікі святкуюць Унебаўшэсце Пана

Пасля ўваскрасення Езус неаднаразова з’яўляўся сваім вучням. На саракавы дзень на іх вачах узнёсся на неба. З Аліўкавай гары, дзе распачалася мука Хрыста, пачалася Яго хвала. 13 мая праз малітву парафіяне касцёла Святой Тройцы ўслаўлялі Ўваскрослага Хрыста.

Паводле Евангелля Езус сказаў вучням: “Ідзіце па свету і абвяшчайце слова Божае ўсім. Тым, хто ў Яго паверыць, будуць спадарожнічаць пэўныя знакі”. Пасля гэтага ўзняўся на неба і сеў праваруч Айца, а вучні сталі распаўсюджваць веру. Іх словы сапраўды падцвярджаліся добрымі знакамі.

Ксёндз Яцэк Маркель заўважыў, што хрысціяне, якія вераць у слова Божае, і ў час радасці, і ў час смутку, роспачы звяртаюцца да Пана з надзеяй на Яго сілу і дапамогу. І прапанаваў падчас імшы памаліцца, каб і надалей заставацца пад Божай апекай.

Звяртаючыся да вернікаў, святар падкрэсліў, наколькі важна наведваць святыню, а таксама ведаць некаторыя галоўныя моманты духоўнага жыцця:

Вельмі важна разважаць не толькі аб жыцці зямным, але і вечным. На першым месцы ў веруючага чалавека павінна быць малітва, абразок, споведзь, сакрамэнт, якія адкрываюць шлях у іншы свет. Традыцыі павінны перадавацца, пахаванне па-ранейшаму мець духоўны сэнс. Старэйшае пакаленне павінна адчуваць пачуццё адказнасці за навучанне малодшых правільнай падрыхтоўцы да сустрэчы з Панам Богам.

Наступныя дзевяць дзён вернікі рыхтуюцца да Спаслання Духа Святога – урачыстасці, якой завяршаецца пасхальны перыяд. Хрысціяне, якія яшчэ не былі ў споведзі, маюць магчымасць пакаяцца ў грахах. Таксама зэльвенскія парафіяне не павінны застацца ў баку ад трагедыі, якая здарылася ў касцёле Будслава.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены