Каталікам Зэльвеншчыны сакрамэнт канфірмацыі ўдзяліў біскуп Аляксандр Яшэўскі

28 мая для парафіян касцёла Святой Тройцы ды і наогул вернікаў каталіцкага веравызнання Зэльвеншчыны – значны і па-асабліваму святочны дзень. Святую імшу з нагоды ўрачыстасці Спаслання Духа Святога ўзначаліў біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі. Ён жа ўдзяліў Сакрамэнт канфірмацыі.

Разам з іерархам святую імшу канцэлебравалі ксёндз Яцэк Маркель, а таксама ганаровую місію выканалі ксёндз Томаш Ксёнжкевіч з Азёрак і Дзяніс Шмыгін з Міжэрыч.

Шчыра віталі паважанага госця зэльвенскія вернікі, сустракаючы прыгожым і апетытным караваем і цудоўнымі спевамі, у якіх праслаўлялі Пана Бога, Найсвяцейшую Пану Марыю, Духа Святога. Падзяліліся з бискупам агульнай радасцю маленькія вернікі, моладзь, старэйшае пакаленне.

Ксёндз Яцэк адзначыў, што прысутнасць біскупа – гэта не толькі яго першы візіт на зэльвенскую зямлю і ў парафію, але і знак умацавання веры, увасабленне першасвятара Езуса Хрыста, які прыходзіць да кожнага верніка: “Для зэльвенцаў гэта вельмі важны момант, бо праз такую значную сустрэчу мы ўсе разам будзем дзякаваць Богу і прасіць аб веры для кожнага, для ўсёй супольнасці. Мы адчуваем гонар прымаць важнага госця.  Просім Вас ўдзяліць вернікам Сакрамэнт бежмавання тым асобам, якія будуць сведкамі дабрыні і любові Божай. А таксама благаславіць усіх прысутных у касцёле”.

У сваю чаргу, біскуп Аляксандр, звяртаючыся да зэльвенцаў, падкрэсліў, што канфірмацыя – гэта той Сакрамэнт, калі чалавек надзяляецца дарамі Духа Святога і яшчэ мацней звязваецца з супольнасцю Касцёла:

У Святым пісанні ўзгадваецца чатыры вобразы Святога Духа – паветра (ці подых паветра), агонь, вада і галубка (голуб). Паветра – гэта дзеянне Пана Бога, як быццам дотык Яго да кожнага канфірмуемага. Агонь сімвалізуе святасць, веліч Божую, агеньчык любові да Езуса ў вашых сэрцах. Вада – гэта Сакрамэнт хросту. І сённяшняе бежмаванне можна параўнаць з хростам. Але больш свядомае, дабравольнае. Калі вы самі, а не так, як пры хросце за вас казалі вашы бацькі, скажаце: “Я выракаюся злога. Я веру ў Бога. І хачу быць умацаваны Сакрамэнтам канфірмацыі, каб смела і мужна вызнаваць сваю веру”. Як кажа Хрыстус: “Хто прызнаецца перад людзьмі, што мой, і я прызнаюся перад маім Айцом. А хто адрачэцца перад людзьмі ад мяне, я таксама адракуся”.

Дарагія вернікі, давайце вызнаваць, не цурацца сваёй веры. Бог сваёй айцоўскай любоўю прабачыць нам не адзін грэх за тое, што мы праз жыццю пранеслі веру і былі Яму верныя.

І чацвёрты сівал – голуб. Гэта сімвал Духа Святога, які прысутнічае ў душы кожнага з вас.

Падчас Сакрамэнту бежмавання вы адчуеце сябе нібы ў палёце. І калі ваш розум кіруе вашымі дзеяннямі, то Дух Святы будзе кіраваць вашым жыццём.

Маліцеся, дарагія браты і сёстры, каб мы заўсёды былі сапраўднымі і плённымі хрысціянамі, каб Дух Святы распаліў ў нашых душах любоў да Бога і бліжняга.

Тыя, хто прымаў сакрамэнт, з хваляваннем падыйшлі да біскупа. Ксёндз Аляксандр са словамі: “Прымі знак дароў Духа Святога. Супакой табе!” ўдзяліў Сакрамэнт кожнаму кандыдату, які з гэтага моманту стане прыкладам хрысціянскага жыцця.

Пасля імшы ў адрас ганаровага госця прагучалі словы падзякі ад канфірмаваных парафіян, ад бацькоў дзяцей, якія прынялі Сакрамэнт. Словы падзякі былі адрасаваны і ксяндзу Яцэку, які клапаціўся аб падрыхтоўцы моладзі і дарослых да гэтай урачыстасці, які паказвае прыклад хрысціянскага веравызнання.

Пасля імшы вернікі падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Вельмі хваляваліся падчас падрыхтоўкі і на пачатку імшы, – кажуць дзяўчынкі Арына і Паліна. – Хваляванне трошкі пачало праходзіць, калі біскуп Аляксандр падзяліўся сваімі першымі ўражаннямі аб зэльвенскай святыні. Адзначыўшы, што яму спадабалася не толькі прыгожая ўладкаваная прыкасцельная тэрыторыя і ўнутранае ўбранства касцёла. Але вялікая супольнасць вернікаў, якая сабралася, каб разам памаліцца, прызнацца ў сваёй веры і раздзяліць радасць бежмавання. Пасля дотыку біскупа неяк стала лёгка і спакойна. Упэўнены, што пранясем веру ў Бога праз усё жыццё.

Сур’ёзная падрыхтоўка да канфірмацыі, і найперш – духоўная, – дзеляцца парафіянкі Ірына, Марыя і Аліна. – Сумленна і шчыра падышлі да прыняцця Сакрамэнту і адчыняем свае душы насустрач Духу Святому, праз якога будем праслаўляць любоў да Бога, з якім будзем крочыць па жыцці.

Самае галоўнае — я жыву з Богам, я крочу з ім па жыцці, мяне аберагае Святы Дух, -выказвае сваю думку Ганна. — За гэта я вельмі ўдзячна, у першую чаргу, ксяндзу Яцэку, бацькам, родным. Сённяшняя ўрачыстасць — гэта нагода радасці, што я разам з іншымі хрысціянамі буду вызнаваць сваю каталіцкую веру і прызнавацца ў любові да Бога, да бліжняга.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены