Карына прызналася ў любовi. Роднай вёсцы

1659 У канцы мінулага года былі падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу сачыненняў, які ініцыіравала аддзяленне “Сяльчанка” Беларускага саюза жанчын. На суд журы было прадстаўлена больш за 20 работ, лепшымі прызнаны шэсць. У ліку лепшых аўтараў, старшакласнікаў сельскіх школ, якія расказвалі, за што яны любяць сваю родную вёску, – вучаніца Елкаўскай сярэдняй школы Карына Зайнулабідава. На цырымонію ўзнагароджвання ў Мінск Карына паехала разам са сваімі бацькамі. – Усё праходзіла ў цёплай, добразычлівай атмасферы, – дзеліцца ўражаннямі дзяўчынка. – Кожны пераможца конкурсу зачытваў свае сачыненні. Таму я атрымала ўяўленне аб многіх цікавых куточках Беларусі і зразумела: хоць мы і з розных мясцін, але ўсіх нас аб’ядноўвае аднолькавае пачуццё – любоў да малой радзімы. Арганізатары мерапрыемства тлумачылі нам таксама, як важна любіць тое месца, дзе ты нарадзіўся. Гаварылі, што, захоўваючы традыцыі роднага краю, мы беражэм яго мінулае і ствараем будучае. Тры гадзіны сустрэчы праляцелі надзвычай хутка. Прыйшоў час развітвацца. На памяць засталіся фотаздымкі і цёплыя ўспаміны аб людзях, з якімі пашчасціла пазнаёміцца. А яшчэ і падарункі. Дырэктар грамадскага аб’яднання “Дыялог Еўразія” Чакмак Сезер уручыў пераможцам конкурсу планшэты, а беларуская паэтэса Валянціна Паліканіна – уласную кнігу “Под тихой звездою прощения”. Аб’яднанне “Сяльчанка” сумесна з Беларускім прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу арганізавалі для лепшых аўтараў і іх бацькоў святочны салодкі стол. Карына прызналася, што ў яе перамозе на конкурсе вялікая заслуга настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святланы Іванаўны Літвінчык. Вучаніца вельмі ўдзячна ёй за веды і добрыя парады. Прапануем увазе чытачоў сачыненне Карыны Зайнулабідавай “За што я люблю сваю вёску”.

Не шукаю далёкага раю… Елка! Часцінка зялёнага бору, Вёска ў вяночку жытніх палёў. З нетраў лясных на палеткаў прасторы Выйшла, ківаеш садовым галлём… Гэтымі радкамі мая бабуля Валянціна Захараўна Ададурава расказала ўсяму свету пра сваю любоў да таго краю, з якім звязаў яе лёс. А я люблю Елку ўжо за тое, што тут жыла яна, мая любая, дарагая бабулечка… І гэтыя цудоўныя краявіды, прывольныя далягляды, добраўпарадкаваныя вуліцы, шырокія палеткі, зялёныя лугі я люблю ўжо толькі таму, што іх бачыла, па іх ха-дзіла, іх любіла самая знакамітая для мяне паэтка, самая шчырая жанчына – мая любая бабулечка. Сама назва вёскі незвычайная, трошкі магічная. Вымаўляеш яе, і адразу ўяўляецца прыгажуня-ялінка, якая, аса-біста ў мяне, асацыіруецца са святам Новага года, з Калядамі… Люблю сваю вёску за тое, што яна для мяне – заўсёднае свята, ціхае, урачыстае, сямейнае… Люблю таполі і ліпы ў парку. Мне здаецца, што менавіта яны з’яўляюцца сведкамі гераічнага мінулага нашай вёскі. Тут помнік. З вялікай далікатнасцю, удзячнасцю і ахвотай прыбіраю гэтае святое месца. І заўсёды ўспамінаю радкі: Ціхая вёсачка, Елка-Яліна! Колькі зазнала ты бур-перуноў, Колькі і сёння з Вялікай Айчыннай Ты выглядаеш дадому сыноў. Я люблю нашу вёску і за тое, што тут жывуць незвычайныя людзі, працавітыя, сардэчныя, шчырыя і адкрытыя. Пра іх таксама ёсць радкі: …Стукнеш у дзверы няўтульнай часінай – Сэрцам сагрэешся тут у людзей. А людзі ў нас, на самай справе, незвычайныя. Да іх заўсёды можна звярнуцца за парадай і дапамогай, яны не пакінуць у бядзе. А самае галоўнае – яны ўмеюць і любяць працаваць, і таму наш СВК “Сынкавічы” заўсёды наперадзе. Люблю вёску за яе прыроду. Лясы, што раскінуліся вакол, ходжаны-пераходжаны маімі продкамі. Таму, ідучы ў грыбы, думаю: тут хадзіла бабуля. Лугі і палі шчодра дарылі ёй свой нектар і водар. І нават у жураўліным кліне, які пралятае над Елкай, шукаю таго жураўля, пра якога яна пісала. І чуецца мне: “…І жораў вы-глянуў з-за хмары”. Напэўна, у сілу сваёй прадбачлівасці, бабуля ведала, што ў Елкі вялікая будучыня, таму і напрарочыла ёй росквіт: Непадуладная ні на хвіліну Напластаванню часу, падзей, Ты расцвітаеш, Елка-Яліна, Робішся з кожнай вясной маладзей. І вёска, на самай справе, квітнее. Зараз гэта сучасны аграгарадок. Жыццё тут працякае не менш бурна, як у горадзе, бо ў нас умеюць і працаваць, і адпачываць. За звонкую песню і шчаслівы смех, якія ўсё больш гучаць тут, я таксама люблю сваю вёску. Славіцца наша зямля і знакамітай Сынкавіцкай царквой, праўда, знаходзіцца яна ў кіламетровай адлегласці ад Елкі, але мы лічым яе сваёй. Таму я не ўяўляю, як можна пісаць пра любоў да роднай вёскі і не ўспомніць пра гэты славуты старажытны помнік. Іду па вясковай дарозе ў царкву і адчуваю бязмежную любоў да ўсяго, што мяне акружае, што перадалі мне ў спадчыну продкі, што абавязкова перадам сваім дзецям. Пройдуць гады… Я вырасту… Зменіцца жыццё… Але, упэўнена, не зменяцца мае адносіны да роднай вёскі. Усім сэрцам я адчуваю любоў да яе і – ведаю гэта дакладна – буду захоўваць заўжды. Бо ўжо цяпер, бываючы на радзіме свайго таты далёка за межамі Беларусі, з нецярпеннем чакаю сустрэчы з Елкай. І ніякімі марскімі пейзажамі і горнымі краявідамі яе не заменіш. Менавіта тут перагортваюцца самыя яркія старонкі майго жыцця – старонкі дзяцінства; тут, побач з бацькамі, сябрамі і настаўнікамі, я адчуваю сябе спакойна, упэўнена і надзейна; тут не сціраецца памяць пра маіх любімых продкаў. Але найперш мне міла, люба і дорага елкаўская зямля тым, што тут жыла мая любая бабуля, аб якой, на жаль, я ведаю толькі па расказах матулі… Любоў мая падпітваецца, быццам жывучай вадой з несціханай бурлівай крынічкі, вобразамі з кнігі Валянціны Ададуравай “Глыбінка”, якую свята беражэ eлкаўская зямля. А зямлю гэтую, як і бабуля, я называю раем. Не шукаю далёкага раю, Як ты рай мне той не хвалі, Я сама гэты рай адкрываю На бацькоўскай зямлі…
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.