Карані таленту – у глыбінях роду. Прэзентацыя зборнiка паэзii Вольгi Ляскевiч «Песня душы» адбылася ў Зэльвенскай раённай бібліятэцы

Зэльвенская раённая бібліятэка папоўніла і без таго багаты фонд персаналій зборнікам паэзіі Вольгі Ляскевіч “Песня душы”. Прэзентацыя яго адбылася днямі ў чытальнай зале бібліятэкі. Аздобілі прэзентацыю выстава малюнкаў гераіні, імпрэзы і шматлікія слайды з архіву Вольгі і яе мамы Людмілы Аляксееўны Шышко.

Вольга Сцяпанаўна – прадстаўніца вельмі адоранага роду, у якім былі і ёсць мастакі, паэты, спевакі, фалькларысты, рукадзельнікі. Пра некаторых папярэднікаў Вольгі расказала яна сама, а таксама вядучыя Наталля Цынс і Яўген Раманчык, адказная за медыяэкран Марына Варабей.

Прысутныя змаглі пабачыць на экране тых, пра каго згадвалі Вольга і яе мама. Бацькі, бабуля Ганна, дзядуля Аляксей, дзядзя Аляксандр – усе яны, кожны ў рознай меры, надзялілі Вольгу здольнасцямі, якія яна развівае ўсё сваё жыццё. Многім з іх прысвяціла бенефіцыярка вершы, што ўвайшлі ў зборнік і былі ёю прачытаны.

Як лічыць сама Вольга, дзяцінства ў яе было вельмі шчаслівым. Маманастаўніца днявала і начавала ў санаторнай школе, гадавала Олю і Алёшу (брата Олі). Бабуля Ганна Рыгораўна, якая давала ўнукам і свабоду дзеянняў, ведала мноства казак, вершаў, і дзеці лёгка іх завучвалі. Вольга і да сённяшняй пары памятае тыя “бабуліны творы”. “Бабуля Ганна добра разумела нас, – успамінае Вольга Сцяпанаўна, – яна не чытала нудных натацый, проста ўмела пераключыць нашу ўвагу на нешта іншае, калі мы ўжо занадта нечым небяспечным зоймемся. Я ў сваёй працы з дзеткамі ў садку прытрымлівалася бабулінай навукі: не ўшчэмлівала фантазіі дзяцей, дазваляла ім рабіць шмат з таго, што іншыя забаранялі. Інакш патушыш у дзецях імкненне да пазнання, і не вырасце ў іх крылле мары і надзеі”.

Любоў да паэзіі, што зарадзіла ў маленькай Олі бабуля, гадоў з дзесяці знайшла выхад у рыфмаванках. Дзяўчынка з лёгкасцю ўслаўляла чарговы “прадмет любві” і высмейвала “отверженных”. А тыя, адрынутыя, не раз абяцалі адлупцаваць самадзейную паэтку. Ды не з той рошчыны выйшла Оля, каб баяцца і перастаць практыкавацца ў складанні баек і эпіграм. Дзесьці ў 10-ым класе адважылася паказаць свае, ужо сур’ёзныя, вершы настаўніцы рускай мовы і літаратуры Тамары Ціханаўне Капіцы. І тая, вельмі строгі і патрабавальны крытык, параіла аднесці вершы ў раённую газету. Ды смелая звычайна Вольга тут раптам спужалася, пабаяўшыся сустрэцца з кіраўніком літаб’яднання П.М.Марціноўскім. А пасля школы былі Гродзенскае педвучылішча, праца ў садку на Ашмяншчыне, замужжа. І неяк на першы план у творчым жыцці выйшаў жывапіс, якім яны з братам захапляліся з дзяцінства. (Брат Аляксей, як памятаюць даўнія чытачы “Працы”, стаў прафесійным дызайнерам, вядомым сваімі арыгінальнымі творамі далёка за межамі Беларусі).

У Бародзіцкім садку, куды Вольга пайшла працаваць пасля вяртання з Ашмяншчыны, аздобіла сваімі карцінамі сцены ўсіх кабінетаў і рэкрэацыю. Яна, майстар невялікіх палотнаў, любіць выразіць саё захапленне ўбачаным адразу, не расцягваючы працу з пэндзлем на доўгі час.

Прысутныя на прэзентацыі змаглі пазнаёміцца з некаторымі карцінамі Вольгі Сцяпанаўны. Яна і марыніст, і пейзажыст, і майстар партрэтнага жанру. Паруснікі яе так і вабяць у вандроўкі, бярозавы гай запрашае прыслухацца да шапацення лёгкіх доўгіх галінак, а рэчка зачароўвае спакойнай плынню. Людзей на карцінах няшмат, зато яны дапамагаюць больш пільна ўгледзецца ў наваколле, напрыклад, дзяўчынка, што стаіць на ажурным мастку і не адрывае вачэй ад воднай роўнядзі. Колькі падобных пейзажаў захоўваецца ў сем’ях сяброў і знаёмых, а колькі падаравана гасцям аграгарадка Бародзічы падчас святочных мерапрыемстваў!

Але вернемся да зборніка “Песня душы”, які ўклалі і адрэдагавалі кіраўнікі бібліятэкі: дырэктар С.А. Жамойціна і намеснік В.І. Камякевіч. Вольга Камякевіч адзначыла, што было вельмі прыемна пазнаёміцца як з творамі, так і самой аўтаркай: “Вольга Сцяпанаўна не належыць да ліку тых творцаў, хто калоціцца над кожным словам, забараняючы рэдактарам нешта паправіць або выключыць. Яна давярала нам са Святланай Антонаўнай ва ўсім, згадзілася цалкам з назвай усяго зборніка і кожнага з сямі яго раздзелаў”.

Паколькі вершаў у любым раздзеле нямала, вядучыя прапанавалі даць уяўленне пра кожны раздзел мінімальнай колькасцю твораў. І чыталі выбраныя творы як вядучыя, так і сама Вольга Сцяпанаўна. Раздзел “Люблю радзімую старонку” змяшчае творы і пра ўсю Беларусь, і пра родную Зэльвеншчыну, у тым ліку і пра Ганненскі кірмаш. У майскія дні так сугучна настрою ўсіх прысутных гучалі вершы з раздзела “Будзем помніць”. Хвалявалі шчымлівыя творы з раздзела “На каханне сваё сэрца настрою”. А жартоўныя – з “Баек і казак”, наадварот, выклікалі ажыўленне.

Дарэчы, тут трэба ўдакладніць адну акалічнасць. Увесь час на прэзентацыі падрэслівалася, што “Песня душы” – першы зборнік Вольгі Ляскевіч. Друкаваны – так, першы. Але быў і іншы першынец, самаробны. У 2015 годзе да Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне абласная бібліятэка аб’явіла конкурс на стварэнне самабытных кніг. І Зэльвенская бібліятэка падрыхтавала да яго вельмі цікавы аўтарскі зборнік Вольгі Ляскевіч “Ехаў дзедка на кірмаш”. Пісалі тады бібліятэкары на льняным палатне, і зэльвенская арыгінальная кніга ў адзіным асобніку глядзелася вельмі гожа сярод іншых! Так што зборнік, прэзентаваны сёлета, можна смела назваць другім у творчым лёсе Вольгі Ляскевіч.

Калі размова зайшла аб раздзеле “Песні”, тут ужо вершы не чыталіся, а спяваліся. І выконвалі іх не простыя аматары, а прафесіяналы, сяброўкі Вольгі Сцяпанаўны. Работнікі культуры раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і аддзела па арганізацыі культурна-дасуговай дзейнасці аграгарадка Бародзічы Марына Ражкова, Ірына Раманчык, Вера Рыбарчык, Марына Букатая – гэта не проста выканаўцы, а і сааўтары ў напісанні музыкі. Напрыклад, верш “Плачет дождь” песняй зрабілі Вольга Ляскевіч і Марына Букатая, а потым Марына ўжо выканала гэты твор на конкурсе аўтарскай песні, што ладзіў абласны аддзел МНС. Песня так спадабалася членам журы, што яе прызналі пераможцай сярод іншых вакальных кампазіцый. Прыйшлася даспадобы яна, безумоўна, і прысутным на прэзентацыі ў бібліятэцы.

Укладальнік зборніка Вольга Камякевіч пад дружныя воплескі прысутных уручыла Вользе Сцяпанаўне яе першую друкаваную кнігу, пажадала плёну ў працы над наступнай. Да яе далучыліся ўсе прысутныя.

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены