Каралінцы пажылога ўзросту далучыліся да Дня роднай мовы

Актыўныя наведвальнікі філіяла цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аграгарадка Каралін далучыліся да акцыі, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы і напісалі дыктоўку па-беларуску.

Мерапрыемства было арганізавана з мэтай захавання роднай мовы, прапаганды беларускага слова і культуры. Для людзей залатога ўзросту загадчыца філіяла Людміла Попка арганізавала кніжную выставу і зачытала вершы землякоў-паэтаў.

Для беларускай дыктоўкі быў выбраны тэкст Васіля Старычонка “Родная мова”. Пенсіянеры з задавальненнем акунуліся ў атмасферу школьнага жыцця, успомнілі, як сядзелі за партай, рыхтаваліся да ўрокаў, пісалі сачыненні і дыктоўкі. Уважліва слухаючы кожнае слова, кожны знак прыпынку, жанчыны стараліся на дапусціць памылак. У выніку аказалася, што с заданнем усе справіліся на выдатна.

Галоўную думку сімвалічнай акцыі выказала ветэран педагагічнай працы Раіса Вярстак:

Некалькі хвілін сустрэчы, а колькі ўражанняў і ўспамінаў. Мы, беларусы, і для нас мова – галоўны і неацэнны скарб. Нездарма Максім Танк пісаў: “З легендаў і казак былых пакаленняў, з калосся цяжкога жытоў і пшанiц, з сузор’яў і сонечных цёплых праменняў, з грымучага ззяння бурлiвых крынiц…Ты выткана, дзiўная родная мова”. Наш абавязак – захаваць роднае слова, перадаць яго мілагучнасць і прыгажосць.

Прэс-служба газеты «Праца»

Вам может быть интересно

Комментарии отключены